Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 15 кастрычніка, сераду.


Рада Эўразьвязу на паўгода прыпыніла візавыя санкцыі для шэрагу высокапастаўленых чыноўнікаў Беларусі, у тым ліку для Аляксандра Лукашэнкі. Тэлефанаваньне на гэтую тэму:

Спадарыня: “Беларуская апазыцыя выносіла на вуліцы Менску блакітныя сьцягі аб’яднанай Эўропы разам зь бел-чырвона-белым пакутніцкім сьцягам Беларусі. І за гэта, за гэтыя сьцягі, за вакно, якое апазыцыя так цяжка прабівала ў Эўропу, зьбівалі, хапалі, кідалі ў камэры. А цяпер разам са сьцягам Эўропы чырвона-зялёны сьцяг Лукашэнкі. Добра, што хоць арнамэнт на ім прытуліўся наш, бел-чырвоны. І пакуль будзе такі сьцяг, нічога ў Беларусі ня зьменіцца”.

У працяг тэмы СМС-паведамленьне: “Шаноўная “Свабода”! Пакуль у Беларусі ня будзе свабоды слова, пакуль будзе працягвацца перасьлед палітычнай апазыцыі, пакуль ня будзе свабодных выбараў, Лукашэнку ў дэмакратычнай Эўропе рабіць няма чаго. Наадварот, Эўрапарлямэнт павінен спрасьціць уезд у Эўропу простым грамадзянам Беларусі. З павагай, удзельнік Маладога Фронту Робэрт Кузьняцоў”. Далей тэлефанаваньне на тэму выбараў:

Спадар: “Цікава, чаму той жа Лябедзька не паспрабаваў абвінаваціць прэзыдэнта ў паклёпе на апазыцыю, калі той перад СМІ даводзіў, што апазыцыя не карыстаецца падтрымкаю, што яе галасы на ўзроўні 5 адсоткаў? А колькі асабіста атрымаў той жа Лябедзька па зьвестках Цэнтравыбаркаму? Калі больш за пяць, то ён мае рацыю і права прыцягнуць ці хаця б падаць заяву на ўзбуджэньне гэтай справы наконт паклёпу”.

Выказваньне камэнтуе старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:

“Даводзім. Падчас гэтай выбарчай кампаніі, не зважаючы на тое, што афіцыйна мае ўлёткі не друкавалі, удалося правесьці тры хвалі ўлёткавай кампаніі. І вынік гэтага я адчуваю штодня. Бо жыву на тэрыторыі выбарчай акругі, і кожны мой паход у краму завяршаецца тым, што многія людзі мяне вітаюць, загаворваюць са мной. Што тычыцца пракуратуры, то ў пракуратуру мы зьвярнуліся. Фармальна яны дадуць адказ. Але мала спадзяваньняў, што сёньня можна дамагчыся праўды ў пракуратуры ці ў судзе”.

Наступнае выказваньне на адрас апазыцыі:

Спадар: “Гэтых дзеячаў — Мілінкевіча, Лябедзьку, Севярынца і ўсіх тых, хто супраць беларускага народу, няхай яны там жывуць, хто ім дае грошыкі. Ім там добра, і няхай там сабе дэмакратыю ўсталёўваюць, і ўсё. Як гэта так, у Люксэмбургу абы-што цьвердзяць гэты Мілінкевіч, Севярынец, куды ж гэта варта? І няхай усе яны разам і зь Вячоркам, і з Казуліным жывуць там у гэтым Люксэмбургу і няхай там наводзяць свае парадкі, а ня ў нас. Дзякуй, перадайце, калі ласка”.

Выказваньне камэнтуе намесьнік старшыні партыі БНФ Вінцук Вячорка:

“Чалавек жыве ў нейкім дрымучым савецкім лесе. Даўно пара ўсьвядоміць, што мы эўрапейскі народ і кантактуем зь іншымі эўрапейскімі народамі, краінамі, палітычнымі структурамі. І гэта значна лепей, чым калі ў бытнасьць асабістага працьвітаньня гэтага спадара ён сам альбо ягоныя начальнікі езьдзілі ў Маскву на паклон. Думаю, што нашыя дыскусіі зараз павінны ісьці зусім пра іншае. І, наколькі я ведаю, у тым жа Люксэмбургу далёка ня ўсе зь пералічаных ім людзей казалі адно і тое ж. І вось гэта ёсьць сапраўды вялікая праблема”.

Працягваем праграму выказваньнямі на розныя тэмы:

Спадар:

“А ў кватэрах гоман, гоман,
Холад люты, вытрывай,
Падрасьце і дасьць цяпло нам
Лукашэнка Мікалай”.


Спадарыня: “Навучальны год пачаўся паўтара месяцы таму. У школе № 197, разьмешчанай у мікрараёне Ўручча г. Менску, да гэтай пары не хапае падручнікаў. Васьміклясьнікам выдалі падручнікі па геамэтрыі з разьліку адзін падручнік на пяць чалавек, а падручнікі па хіміі выдалі толькі нядаўна. То бок паўчвэрці мінула, а вучні толькі зараз атрымалі падручнікі”.

Спадар: “Вось вам ідэя на бліжэйшыя паўтара месяцы, якраз-такі да Дзядоў, якія, па сутнасьці, зьяўляюцца пачаткам дваццацігодзьдзя беларускага дэмакратычнага руху, пра што зараз актыўна гаворыцца. Чаму б не зрабіць шэраг актыўных сур’ёзных праграмаў на гэтую тэму? Вось вам сапраўды ідэя на гэты цыкль — 20 гадоў беларускаму дэмакратычнаму руху. Дзякуй за ўвагу”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG