Лінкі ўнівэрсальнага доступу

І ў сталіцы, і ў Горадні спаць адзетымі?


Стала вядома, што ані ў Менску, ані ў Горадні 15 кастрычніка ацяпленьня кватэр ня будзене падлучаць.

У Віцебскай вобласьці ў дамах ужо цёпла. Гарадзенскія ўлады адказваюць стандартна: падключым, калі пяць дзён запар сярэднесуткавая тэмпэратура ня будзе перавышаць васьмі градусаў.

Толькі ў выпадку, калі пахаладаньне будзе рэзкім, тады на падставе дадзеных Гідрамэтэацэнтру такое рашэньне можа быць прынята хутчэй, але прымацца яно будзе ў Менску, - тлумачаць улады.

На дзьвярах першай гарадзенскай паліклінікі на вуліцы імя Лермантава абвестка: “Паважаныя пацыенты, у паліклініцы праводзіцца вакцынацыя супраць грыпу для асобаў, якія маюць хранічныя хваробы”. А што думаюць хворыя, якім давялося цяпер наведаць паліклініку: ці трэба раней уключаць ацяпленьне ў дамах, дзе па-ранейшаму холадна і ці не зьвязана гэта з раньнімі прастуднымі хваробамі сёлетняй восеньню?”

Пажылы спадар: “Блізка не падыходзьце, я хворы трошку. Я думаю, што так, больш хварэюць праз гэта. Калі холадна, дзеці хварэюць, ды й старыя, мы —таксама”.

Пажылая спадарыня: “А малыя, а пасьля раддому, калі дзетак забіраюць? Я ўвогуле абурана”.

Карэспандэнт: “А хто з вашых родных захварэў цяпер?”

Пажылая спадарыня: “Дачка захварэла, прастыла”.

Пажылы спадар: “У мяне кутні пакой і нават узімку 14-15 градусаў, і колькі не зьвяртаўся, нічога…”

Пажылая спадарыня: “Кажуць, ад Лукашэнкі ўсё залежыць: калі ўключаць. Кажуць, што наш старшыня выканкаму гаворыць, што гэта ідзе ўсё зь Менску”.

Пажылы спадар: “Увесну чамусьці калі ня трэба цепляць, дык лепей бы восеньню ўключалі раней”.

Пажылая спадарыня: “Я ж сплю ў шкарпэтках, адзетая, адзяваю на галаву хустку, таму што я не магу, у мяне бранхіт хранічны. Мы нават у ванну ня лазім памыцца, таму што холадна”.

Іншая спадарыня: “А ў мяне прыватны дом, я падлучыла сваё ацяпленьне і мне добра”.

Спадар: “У сьвеце існуюць дзьве сыстэмы ацяпленьня: цэнтралізаваная і дэцэнтралізаваная. Савецкі Саюз, калі будаваў ваенную дзяржаву, мілітарысцкую, ён перайшоў на цэнтралізаванае, але яно мае свае недахопы. Па цяперашнім часе, калі ў дамах нават пры цэнтралізаванай сыстэме ўвайшла электроніка заходняя, катлы, такія як “будэрас”, то каб падавалі цяпло цягам году, людзі рэгулявалі б самі: узялі адключылі, каму трэба пацяплей — уключыў сам”.

Карэспандэнт: “А тое, што да гэтага часу не падключылі — усярэдзіне кастрычніка, як гэта расцэньваць?”

Спадар: “Гэта непаваротлівасьць дзяржаўнай сыстэмы…”

Гарадзенскія гарадзкія ўлады паведамілі, што сёлета пачнуць будаваць шматкватэрныя дамы, у якім будзе аўтаномны ўлік цяпла ў кожнай кватэры ў любую пару, а таксама — магчымасьць індывідуальна рэгуляваць тэмпэратуру ў пакоях.

Нядаўна група гарадзенскіх журналістаў і музэйнікаў наведала Варшаву, паездку арганізавала Генэральнае консульства РП у Горадні. Гарадзенцаў вельмі зьдзівіла, што ўжо тады — 19-21 верасьня ў Варшаве ў кватэрах было цёпла.
XS
SM
MD
LG