Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Найбольш прыярытэтнай для будаўніцтва АЭС у Беларусі застаецца Астравецкая пляцоўка на Гарадзеншчыне. Пра гэта старшыня прэзідыюму НАНБ Міхаіл Мясьніковіч заявіў журналістам 14 кастрычніка падчас адкрыцьця ў Мінску выставы EnergyExpo.

Другой па прыярытэтнасьці, паводле яго слоў, зьяўляецца Краснапалянская (Чавускі раён Магілёўскай вобласьці), трэцяй — Кукшынаўская пляцоўка (Шклоўскі раён Магілёўскай вобласьці).

Мясьніковіч патлумачыў, што Астравецкая пляцоўка найбольш выгадная “ў пытаньнях супраціўленьня грунтоў”. Разам з тым ён падкрэсьліў, што цяпер вывучаюцца ўсе тры патэнцыяльныя пляцоўкі, і на ўсіх ніякіх фактараў забароны для будаўніцтва АЭС няма.

Міхаіл Мясьніковіч зазначыў, што “інфармацыі па пляцоўках больш чым дастаткова для таго, каб прыняць рашэньне”. Паводле яго слоў, гэта адзначаюць не толькі беларускія спэцыялісты, але і экспэрты МАГАТЭ, замежныя спэцыялісты.

Кажучы аб вызначэньні генпадрадчыка для будаўніцтва АЭС, Мясьніковіч паведаміў: “Ёсьць два варыянты: шляхам конкурснага адбору і прамых перамоў”. “Аднак для гэтага (прамых перамоў. — БелаПАН.) павінны быць важкія прычыны: ня толькі надзейнасьць праекта, што мы вызначаем на першае месца, але і пытаньні, зьвязаныя з суфінансаваньнем або крэдытаваньнем. Адна рэч, калі нам прапаноўваюць праект “пад ключ”, другая — калі ў гэтым працэсе будуць браць удзел беларускія прадпрыемствы і спэцыялісты”, — указаў Мясьніковіч. Гэта, на яго думку, зьмяншае імпартны складнік праекта.

Цяпер, паводле слоў М.Мясьніковіча, вывучаюцца прапановы “Расатама”, кітайскай Гуандунскай ядзерна-энэргетычнай карпарацыі і франка-германскай “Арэвы”, паведамляе БелаПАН.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG