Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэхніку журналістам вярнулі, але пакуль ня ўсім


На Магілёўшчыне ператрусы з канфіскацыяй тэхнікі, электронных носьбітаў інфармацыі ды друкаваных выданьняў праводзіліся 27 і 28 сакавіка.

Паводле журналістаў, супрацоўнікі Камітэту дзяржаўнай бясьпекі тлумачылі канфіскацыю праверкай у рамках расьсьледаваньня крымінальнай справы паводле артыкулу аб абразе прэзыдэнта.

Сёньня бабруйскі журналіст Андрэй Шобін стаў першым, каму вярнулі сканфіскаваную 27 сакавіка тэхніку. Паводле яго, каля 14 гадзіны супрацоўнікі міжраённай управы Камітэту дзяржаўнай бясьпекі аддалі яму ноўтбук, сыстэмны блёк кампутара з маніторам, відэатэку, а таксама некалькі дзясяткаў дыскетаў ды кампакт-дыскаў.

Сёньня ж вярнулі тэхніку й магілёўскім журналістам Вадзіму Аршынскаму й Генадзю Судніку. Аршынскаму вярнулі ноўтбук і відэаархіў, а Судніку — сыстэмны блёк кампутара. Тэхніку журналісты забіралі ў абласной управе КДБ.

У красавіку Генадзь Суднік і Андрэй Шобін скардзіліся ў Генэральную пракуратуру на супрацоўнікаў сілавых структураў, якія, паводле іх, незаконна канфіскоўвалі тэхніку.

Сёньня а 18 гадзіне аддалі тэхніку й прыватнаму грамадзкаму цэнтру “Кола сяброў”. Там 27 сакавіка забралі чатыры сыстэмныя блёкі ды тэлефон-факс.

Не вярнулі пакуль тэхніку недзяржаўнай газэце “Ўзгорак”. Паводле рэдактара газэты Эдуарда Брокарава, 16 ліпеня, аддаючы яму архіў друкаваных выданьняў, супрацоўнікі Камітэту дзяржаўнай бясьпекі сказалі, што сыстэмны блёк аддадуць, калі ён прадставіць ім дакумэнты на яго. Сыстэмны блёк з архівам друкаваных выданьняў канфіскавалі ў газэты 28 сакавіка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG