Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Нячэсным” журналістам вяртаюць тэхніку


Сьледчыя ў рэгіёнах і ў Менску вяртаюць журналістам кампутары, відэакамэры і дыктафоны, якія забралі паўгода таму, 27 сакавіка.


Нагадаем: у той дзень у журналістаў, а таксама ў офісах “Радыё Рацыя”, “Эўрапейскага радыё для Беларусі”, тэлекампаніі “БелСат” і ў гарадзенскіх офісах партыі БНФ і “Бацькаўшчына” супрацоўнікі КДБ забралі каля двух дзясяткаў кампутараў і ўсе носьбіты інфармацыі. Журналістам патлумачылі, што тэхніку забіраюць на праверку.

Тагачасны намесьнік менскага пракурора Аляксей Стук казаў, што тэхніку забралі на праверку ў рамках крымінальнай справы паводле факту распаўсюджваньня мультфільмаў палітычнага зьместу, якія абражаюць Аляксандра Лукашэнку і ягонае атачэньне.

Паводле сьледчых, журналісты маглі мець датычнасьць да распаўсюджваньня мультфільмаў. Нагадаем: у жніўні 2005 году супрацоўнікі КДБ зрабілі ператрус на кватэрах актывістаў ініцыятывы “Трэці шлях” Паўла Марозава, Андрэя Абозава і Алега Мініча. Сьледчыя забралі ў іх каля двух дзясяткаў кампутараў і ўсе носьбіты інфармацыі. Усе трое падазраваных у абразе Аляксандра Лукашэнкі знаходзяцца цяпер за мяжой.

Напрыканцы жніўня частку кампутараў, адабраных у журналістаў, вярнулі.

У пракуратуры паведамілі, што тэхніка, якая належыць Абозаву, Мінічу і Марозаву, застанецца ў сьледчых, пакуль ня будзе прынятае рашэньне — пакінуць яе ў якасьці рэчавых доказаў, вярнуць уладальнікам ці аформіць належным чынам і пакінуць да суду.

Намесьнік кіраўніка сьледчага аддзелу менскай пракуратуры Віктар Фешчанка паведаміў “Свабодзе”, што аргтэхніку павінны раздаць усім журналістам, у каго яе пазабіралі. Ён казаў, што гэтае рашэньне было прынятае яшчэ ў жніўні. Папросту ня ўсе сьледчыя добрасумленна выканалі распараджэньне.

“Тыя кампутары ўжо даўно раздавалі. Папросту хто раней, хто пазьней… Таму што каманда была вярнуць яшчэ раней… Даўно ўжо… Нават адна жанчына ў Горадні зьвярталася, і сьледчых прымушалі вярнуць кампутар. Чаго вы трымаеце?.. Ня нашы сьледчыя, не пракуратуры, а тыя, якія забіралі”.

Карэспандэнт “Радыё Рацыя” Віталь Рачкоўскі апавёў “Свабодзе”:

“Аддалі чатыры кампутары, тэлефонны гібрыд, два нашыя дыктафоны, якія забралі падчас ператрусу. Раней нам нічога не аддавалі. Нам усё вярнулі сьледчыя менскага КДБ”.

Паводле пракуратуры, журналісты маюць атрымаць сваю маёмасьць да канца тыдня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG