Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гучныя справы: цэнзура ці рэгуляваньне інфармацыі?


Сілавыя ведамствы прынялі пастанову, якая вызначае парадак інфармаваньня грамадзтва пра гучныя справы. Чыноўнікі кажуць, што гаворка ідзе толькі пра рэгуляваньне інфармацыі, а вось журналісты ацэньваюць гэта як новы віток цэнзуры.

Пастанову сумесна прынялі Пракуратура, МУС, КДБ, Мінюст і Дзяржкантроль. Цалкам яна надрукавана ў часопісе “Юрыст”, а таксама ў інтэрнэце і лічыцца ўжо ўведзенай у дзеяньне. Дакумэнт рэглямэнтуе інфармаваньне грамадзтва пра гучныя справы. Кіраўнік прэсавай службы МУС Алег Сьлепчанка перакананы, што пасьля прыняцьця пастановы зьвестак пра такія справы ня стане меней:

“Ніякага абмежаваньня інфармацыі ня будзе. Пастанова накіраваная на сыстэматызацыю такой інфармацыі. Гэта наш унутраны мэханізм, які дазваляе вызначыцца, па-першае, хто абавязаны даваць зьвесткі. А па-другое, адсочваньне далейшай інфармацыі не дазволіць яе скажэньня”.

Паводле пастановы, забаронена даваць зьвесткі пра незавершаную гучную крымінальную справу безь пісьмовага дазволу судзьдзі. Дарэчы, і зьвесткі пра судзьдзю ці сьледчага таксама трапляюць пад кантроль. Гучная справа ці не – гэта сілавікі абяцаюць вызначаць праз маніторынг у мэдыях і інтэрнэце. Алег Сьлепчанка кажа, што гэтыя захады вырабленыя пасьля нарады кіраўнікоў сілавых ведамстваў, якая адбылася ў Аляксандра Лукашэнкі яшчэ ў красавіку.

Намесьнік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец лічыць, што сапраўдным штуршком да супольнай пастановы стала справа пра выбух 4 ліпеня на праспэкце Пераможцаў. Пры расьсьледаваньні гэтай справы ўлада нарабіла шмат беззаконьняў, пра якія паведамлялі недзяржаўныя мэдыі. Цяпер іх магчымасьці вырашана абмежаваць, мяркуе экспэрт:

“Мяркую, што журналісты “Советской Белоруссии” ці 1-га каналу дзяржаўнага тэлебачаньня такі дазвол атрымаюць. А вось супрацоўнікі недзяржаўных мэдыяў – наўрад ці, тым больш пісьмовы дазвол. Гэта накіравана на тое, каб ня даць незалежным мэдыям крытыкаваць ўладу. Што такое найбольш гучныя справы? Тыя, якія найбольш цікавыя людзям, дзе людзі маюць патрэбу і маюць права на інфармацыю. Вось як справа пра выбух, пра забойства журналісткі Чаркасавай, пра зьніклых палітыкаў, пра жывы шчыт. Мяркую, тая ж справа пра “жывы шчыт” без увагі грамадзтва была б проста пахаваная і не дайшла б да суду. Вось якраз супроць таго, што найбольш цікавіць грамадзтва гэтая пастанова і накіраваная”.

Андрэй Бастунец адзначае, што пастанова супярэчыць шэрагу законаў, якія рэгулююць дзейнасьць журналістаў, адвакатаў ды іншых асоб, задзейнічаных у асьвятленьні судовых спраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG