Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада Эўразьвязу на 6 месяцаў прыпыніла візавыя санкцыі адносна шэрагу беларускіх чыноўнікаў. Як камэнтуюць гэтае рашэньне беларускія палітыкі?

З 41 асобы, якія ўваходзілі ў сьпіс неўязных у Эўразьвяз, засталіся пяцёра – Лідзія Ярмошына, Уладзімер Навумаў, Віктар Шэйман, Дзьмітры Паўлічэнка і Юры Сівакоў. Старшыню Цэнтравыбаркаму Лідзію Ярмошыну эўрапейцы вінавацяць у недэмакратычным характары выбараў. А міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў і іншыя асобы застаюцца падазраванымі ў зьнікненьні апанэнтаў улады Віктара Ганчара, Юр’я Захаранкі, Анатоля Красоўскага і Зьмітра Завадзкага.

Паводле лідэра Эўрапейскай кааліцыі Міколы Статкевіча, прыпыненьне санкцый адносна бальшыні чыноўнікаў на чале з Аляксандрам Лукашэнкам, “не зусім адпавядае маралі”:

“У рэшце рэшт можна было дазволіць езьдзіць усім. Пытаньне толькі ў тым чалавеку, які ўсё гэта накіроўвае. Бо некалькіх паслугачоў і лёкаяў, якія выконваюць рашэньні, чамусьці зрабілі вінаватымі. А чалавека, які ім каманды на гэта даваў, зрабілі невінаватым. Гэта нелягічнае рашэньне”.

Спадар Статкевіч мяркуе, што рашэньне Эўразьвязу наўрад ці неяк адаб’ецца на сытуацыі ў Беларусі. Хаця магчыма, што пэўны час яно “будзе стрымліваць улады ад прамых рэпрэсій”:

“Хаця ўжо хутка прэзыдэнцкія выбары і мае сябры мне ўжо раяць быць асьцярожным, бо мяне ўжо двойчы перад прэзыдэнцкімі выбарамі саджалі. Як толькі пытаньне дойдзе да ўлады, то гэта не стрымае.

Ну, а матывацыя ўсяго гэтага – неяк перацягнуць Беларусь ад Расеі. Дзіўнае і наіўнае спадзяваньне. Гэтае рашэньне толькі дазволіць Лукашэнку больш выцягнуць з Расеі. І гэтае рашэньне не стрымае Лукашэнку ад прызнаньня незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. Толькі што ён гэтае рашэньне прадасьць Расеі даражэй. Ды і ўсё!”

Ці пакарае Расея афіцыйны Менск за пацяпленьне ў стасунках з Эўразьвязам высокімі цэнамі на газ у наступным годзе? Дырэктар расейскага інстытуту СНД і дэпутат Дзярждумы Канстанцін Затулін сказаў, што пакуль няма за што караць. Хаця ён не выключае наяўнасьці пэўнай зьдзелкі паміж Менскам і Брусэлям:

“Калі ёсьць зьдзелка, то трэба ведаць, у чым яна палягае. Можа Лукашэнка пагадзіўся пастаўляць вінаградных сьлімакоў у Францыю па меншай цане, чым пастаўляў раней. То гэта нам ніяк не пагражае.

Але цяжка адбіцца ад адчуваньня, што тут была нейкая дамоўленасьць. У чым яна палягае, хутка нам будзе вядома. Да прыкладу, Лукашэнка адклаў абмеркаваньне пытаньня аб прызнаньні Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. У канцы кастрычніка зьбярэцца новая Палата прадстаўнікоў. І калі яна не захоча абмяркоўваць гэтае пытаньне, то гэта будзе азначаць, што зьдзелка мела месца. У любым выпадку мы павінны будзем браць гэта ў разьлік”.

Дэпутат Эўрапарлямэнту ад Літвы Вітаўтас Ландсбергіс мяркуе, што ніякай зьдзелкі не было. Аднак афіцыйныя расейскія палітыкі хвалююцца, што можа паменшыцца ўплыў Расеі на Беларусь:

“А тое, што Лукашэнка зможа выяжджаць на паўгода ў краіны Эўразьвязу – ну, няхай паспрабуе. Ён жа ўвесь час сядзіць у зачыненай прасторы. Няхай паглядзіць на сьвет, пагутарыць з эўрапейскімі лідэрамі. Можа яму нешта і прыйдзе ў галаву, што трэба павярнуць у бок Эўропы хаця б часткова”.

У беларускім міністэрстве замежных справаў і ў прэсавай службе прэзыдэнта Беларусі рашэньне рады Эўразьвязу пакуль не камэнтуюць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG