Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бацькі могуць забараніць апытваць сваіх дзяцей


Беларускае заканадаўства дазваляе дапытваць дзяцей у крымінальных і грамадзянскіх справах, а таксама выклікаць іх у якасьці сьведак у суды.

Але прыцягваць да судовай адказнасьці дзяцей да 14-гадовага ўзросту закон забараняе.

Супрацоўнікі міліцыі даволі часта праводзяць прафіляктычныя размовы з малодшымі школьнікамі. У асноўным гэта тычыцца правілаў дарожнай бясьпекі.

Адвакатка Тацяна Полх зьвяртае ўвагу, што малалетнімі называюць тых дзяцей, якія не дасягнулі 14-гадовага ўзросту. Размовы міліцыянтаў зь дзецьмі не забараняюцца заканадаўствам. Але дапытаць дзіця без дазволу законных прадстаўнікоў альбо безь іх прысутнасьці — нельга.

“Супрацоўнікі міліцыі, натуральна, могуць размаўляць зь дзецьмі з мэтай высьвятленьня нейкіх абставінаў у розных справах. Пытаньне ў тым, як будзе афармляцца гэтая размова. Рэч у тым, што калі гэта нейкая апэратыўная праца і папярэдне апытваюць нейкае кола асобаў без складаньня нейкіх працэсуальных дакумэнтаў, то ў дадзеным выпадку міліцыянт можа паразмаўляць з малалетнім. А калі размова ідзе пра тое, каб аформіць нейкі працэсуальны дакумэнт, то, каб ён меў законную сілу, трэба рабіць гэта ў прысутнасьці законных прадстаўнікоў (гэта могуць быць бацькі), а таксама настаўніка і псыхоляга. Дзіця з-за свайго ўзросту можа не ўсьведамляць таго, што яго дапытваюць, якія могуць быць наступствы і г.д. Бацькі могуць быць супраць таго, каб іх сына ці дачку апытвалі і патрабавалі даваць нейкія тлумачэньні”.

У крымінальнай справе, якую летась распачалі супраць актывістаў “Маладога фронту” за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі, былі дапытаныя некалькі дзясяткаў чалавек. Сярод іх — некалькі малодшых школьнікаў. Аднаго зь іх нават выклікалі ў суд Савецкага раёну даваць паказаньні супраць Насты Палажанкі, Барыса Гарэцкага, Зьмітра Хведарука і Алега Корбана.

Усім запомніўся выступ хлопчыка ў судовай залі. Барыс Гарэцкі прыгадаў:

“Мы й уявіць сабе не маглі, што ў нашай крымінальнай справе маглі дапытаць такога маленькага хлопчыка. Калі яго выклікалі ў суд, каб ён даваў супраць нас сьведчаньні, то ён заявіў, што ня будзе адказваць на пытаньні судзьдзі з тае прычыны, што ня можа быць апытаны судом у крымінальнай справе без сваіх бацькоў ці апекуноў. Гэтым хлопец сарваў аплядысмэнты прысутных на працэсе, у тым ліку амэрыканскай амбасадаркі”.

Закон забараняе прыцягваць дзяцей да 14-гадовага ўзросту да адміністрацыйнай, крымінальнай і грамадзянскай адказнасьці. У тым выпадку, калі малалетні зьдзейсьніў нейкае злачынства, ягоныя бацькі толькі выплачваюць матэрыяльныя кампэнсацыі.

Нядаўна ў судзе Кастрычніцкага раёну Менску ў крымінальнай справе, распачатай за згвалтаваньне і нанясеньне цяжкіх цялесных пашкоджаньняў, судзілі 15-гадовага хлопчыка. Сьведкамі ў справе праходзілі некалькі чалавек узростам ад 7 да 12 гадоў.
XS
SM
MD
LG