Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начальнік міліцыі перапрасіў за выклік 9-гадовага хлопца


Дзевяцігадовага Яўгена Герасімава выклікалі былі па пытаньнях адпрацоўкі асобаў на дачыненьне да выбуху ў ноч з трэцяга на чацьвёртага ліпеня ў Менску.


Выклік у міліцыю дзевяцігадовага жыхара вёскі Верамейкі, што на Чэрыкаўшчыне, Яўгена Герасімава ў сувязі з расьсьледаваньнем справы выбуху ў Менску чацьвёртага ліпеня атрымаў гучны розгалас у беларускіх сродках масавай інфармацыі. У міліцыі не даюць пэўнага адказу, ці выклікалі хлопца на допыт. У школе пацьвярджаюць, што ўчастковы дапытваў яго бяз маці, але ў прысутнасьці сацыяльнага пэдагога. Паводле маці хлопца Алены Бальшаковай, начальнік чэрыкаўскага аддзелу міліцыі Аляксандар Райкоў сёньня праз тэлефон выбачыўся перад ёй і сказаў, што да яе сына няма прэтэнзіяў.

Яўген Герасімаў павінен быў зьявіцца ў Чэрыкаўскі аддзел міліцыі дзявятага альбо дзясятага кастрычніка “па пытаньнях адпрацоўкі асобаў на датычнасьць да выбуху з трэцяга на чацьвёртага ліпеня ў Менску”. Так пазначана ў позьве. У ёй фігуруюць імёны міліцыянтаў — Бугаенка й старшы сяржант Іваноў.

Начальнік Чэрыкаўскага аддзелу міліцыі Аляксандар Райкоў пакуль не камэнтуе выкліку дзевяцігадовага хлопчыка, аднак зазначае:

“Я пагляджу, што там за сытуацыя. Цяпер я не гатовы цалкам яе камэнтаваць. Хутчэй за ўсё, калі й выклікалі, то памылкова. Мы спэцыяльна дзевяцігадовых людзей, вучняў не выклікаем”.

Вядома, што да атрыманьня позвы Яўгена Герасімава дапытвалі бяз маці ў школе. На допыце прысутнічала сацыяльны пэдагог:

“Так, інфармацыя дакладная. Размаўляў зь ім участковы. Пытаўся, дзе ён быў, гэты хлопец, такога чысла. Не, ніякай грубасьці не было. Усё нармальна было. Я сацыяльны пэдагог і маю права прысутнічаць пры допыце без удзелу бацькоў”.

Позву на выклік Яўгена Герасімава ў міліцыю перадала карэспандэнту крычаўскай газэты “Вольны горад” Раману Раждзественскаму яго маці Алена Бальшакова. Журналіст кажа, што спадарыня Бальшакова адмовілася везьці сына ў Чэрыкаў, каб не траўмаваць ягонай псыхікі. Паводле яе, у міліцыі зьбіраліся ўзяць сынавы адбіткі пальцаў.

Спадарыня Бальшакова лічыць, што яе сына шукалі, бо яна брала квіткі да Менску па ягоным пашпарце. Трэцяга й чацьвёртага ліпеня яна й сын гасьцявалі ў Заслаўі.

Алена Бальшакова паведаміла, што блізу шаснаццатай гадзіны ёй патэлефанаваў начальнік Чэрыкаўскага аддзелу міліцыі Аляксандар Райкоў і сказаў, што да яе сына ня мае ніякіх прэтэнзіяў:

“Сам Райкоў патэлефанаваў мне й прынёс мне свае выбачэньні”.

XS
SM
MD
LG