Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гаворыць і паказвае Свабода (11 кастрычніка 2008) <img src="/img/icon-video.gif" border=0 />


“Тыдзень з Радыё Свабода” – штотыднёвая аналітычная перадача на незалежным тэлеканале Белсат. – Пра што прамаўчалі Лукашэнка і Пуцін: беларуска-расейскія дачыненьні пасьля выбараў – Узаемнасьць без каханьня: Беларусь і Захад пасьля 28 верасьня – Беларусь і Азэрбайджан: падабенства і адрозьненьні. Гэтыя тэмы ў студыі Свабоды абмяркоўваюць: Алена Ціхановіч, Юры Дракахруст і Ян Максімюк. Госьць перадачы – дырэктар азэрбайджанскай службы радыё Свабода Кенан Аліеў.

Ціхановіч: У панядзелак праз тыдзень пасьля выбараў у Менск прыляцеў прэм’ер-міністар Расеі Ўладзімер Пуцін. Праўда, адразу з аэрапорту ён накіраваўся на перамовы не са сваім калегам Сяргеем Сідорскім, а з Аляксандрам Лукашэнкам, дэманструючы, хто ёсьць хто ў расейскай табэлі аб рангах. Але пакінем убаку гэтую бізантыйскую сымболіку і зьвернемся да таго, што ж было сказана на гэтых перамовах. Лукашэнка казаў пра новы імпульс, які трэба надаць саюзным дачыненьням, пра тое, што Беларусь, наладжваючы адносіны з Захадам, ніколі не гандлявала і ня будзе гандляваць дружбай з рускімі. У сваю чаргу расейскі госьць пахваліў беларускія выбары, паабяцаў эканамічную падтрымку... Тым часам міністры фінансаў дзьвюх краін вялі перамовы пра крэдыт для Беларусі ў 2 мільярды даляраў. Яшчэ Пуцін заявіў, што пераход на расейскі рубель ня зьняты з парадку дня і прапанаваў як прамежкавы варыянт пераход на расейскі рубель у двухбаковых разьліках. У параўнаньні з тым, чаго чакалі ад сустрэчы ў Менску назіральнікі і аналітыкі, неяк ня шмат. Але як бы вы пракамэнтавалі гэтыя сюжэты і заявы, агучаныя двума лідэрамі? Што яны азначаюць для двухбаковых адносінаў?



Дракахруст:
Заявы Лукашэнкі гучалі збольшага данінай рыторыцы. Якімі інтэграцыйнымі прарывамі зьбіраўся ён парадаваць беларускі і расейскі народы, сказана не было і наўрад ці будзе. Што да гандлю дружбай з расейцамі – ну гэта намёк на тое, што з Захадам нейкае збліжэньне ўсё ж намацваецца, нейкі гандаль ідзе, і за тое, каб ён часам не закрануў дружбу з ўсходнімі братамі, някепска было б і заплаціць ці прынамсі ня надта ціснуць. Наконт добрых словаў Пуціна пра беларускія выбары – для Масквы гэта ніколі ня мела ніякага значэньня, каго толькі той жа Пуцін не віншаваў з удалымі выбарамі. У дадзеным выпадку вялікага значэньня ня мелі і ягоныя пахвалы, бо і Захад не сьпяшаецца беларускія выбары так ужо і закляйміць. Пераход на расейскі рубель у разьліках за энэрганосьбіты – гэта даўняя мара Пуціна, сродак насаліць нелюбімым ім амэрыканцам. Ён прапаноўваў, каб за рублі расейскую нафту куплялі эўрапейцы, але неяк іх гэта ідэя не натхніла. Зараз ад энтузіязму кіраўніка расейскага ўраду цярпіць Беларусь. Вялікай бяды для яе гэтай прапановы няма, як і карысьці для Расеі, дарэчы.

Максімюк: У дзеяньнях Расеі мы бачым усё большы акцэнт на эканамічны бок расейска-беларускіх дачыненьняў. Для мяне знамянальна, што зноў усплыло пытаньне пераходу Беларусі на расейскі рубель. Праўда, гэтым разам — у больш мяккім варыянце: Масква прапануе Менску перайсьці на расейскі рубель ва ўзаемных разьліках. У далёкасяжнай пэрспэктыве — гэткага роду фінансавая інтэграцыя прывяжа Беларусь значна мацней да Расеі, чым пагадненьне аб уніфікацыі паветранай абароны абодвух дзяржаваў або прызнаньне Менскам незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. Прызнаньне гэтых дзьвюх сэпаратысцкіх рэгіёнаў — гэта, так бы мовіць, акт палітычнага вернападданства і ўсяго пляма на палітычнай амбіцыі беларускага лідэра выглядаць у вачах сьвету раўнапраўным партнэрам у дачыненьнях з Масквой. А пераход на расейскі рубель — гэта рэальнае абмежаваньне ўлады. Масква гэта дасканала разумее. А таму настойвае на эканамічным аспэкце інтэграцыі. Зьвярніце ўвагу, што і другое важнае пытаньне, якое Пуцін абмяркоўваў у Менску, было таксама эканамічнае — пра крэдыт у 2 мільярды даляраў.

Дракахруст: Як той казаў, зьесьці ён зьесьць, ды хто ж яму дасьць. Здаецца, тэма пераходу на расейскі рубель пачалася яшчэ 15 гадоў таму, пры прэм’еры Вячаславе Кебічы.

Цыхановіч: Так выглядае, што самыя вострыя, самыя капітальныя пытаньні двухбаковых адносінаў засталіся за кадрам, прынамсі за кадрам публічных заяваў. Але вось напярэдадні візыту Пуціна ў Менск расейскі пасол Аляксандар Сурыкаў агучыў сваю чарговую ацэнку – паводле яго ў наступным годзе расейскі газ для Беларусі будзе каштаваць 250 даляраў за тысячу кубамэтраў. Зараз ён каштуе 129 даляраў, бюджэт Беларусі на наступны год зьвярстаны зыходзячы з цаны 140 даляраў за тысячу кубамэтраў. Пры гэтым абодва бакі спасылаюцца на дамову ад 31 сьнежня 2006 году, але неяк па рознаму яе інтэрпрэтуюць. Аднак досьвед падказвае, што цана на газ для Беларусі заўсёды была палітычнай, вызначалася паводле менавіта палітычных чыньнікаў. Дык у мяне да вас два пытаньні: чаму гэтая тэма нават не была агучаная падчас візыту расейскага прэм’ера ў Менск і якой гэтая палітычная цана, на ваш погляд, будзе насамрэч, скажам, на 1 студзеня 2009 году?

Максімюк: У мінулым ужо бывала, што дамову пра цану расейскага газу для Беларусі абодва бакі заключалі пад навагоднія салюты. Тое можа паўтарыцца і ў гэтым годзе. Відаць, чым бліжэй да канца году, тым болей ахвоты ў абодвух бакоў да кампрамісу ў гэтым пытаньні. Я ўжо казаў у адной з папярэдніх нашых перадач, што прагназую новую цану на ўзроўні 200 даляраў за 1000 кубамэтраў. Калі цана будзе меншай, я буду толькі цешыцца, падціснуўшы хвост свае аналітычнае празорлівасьці.

Ціхановіч: Юры, вось беларускі ўрад называе цану 140 даляраў, Ян Максімюк –200 даляраў, расейскі пасол – 250 даляраў. А якую цану прагназуеце Вы?

Дракахруст: Ну цана на газ – хіба не стрыжнявая тэма двухбаковых адносінаў, своеасаблівы індыкатар усіх аспэктаў, так бы мовіць, беларуска-расейскай дружбы. Прычым, пры такім роскідзе зыходных пазыцый 140 і 250 – бойка чакаецца сур’ёзная. І час на яе ёсьць – тры месяцы да новага году. Зараз публічна заяўляць прэм’еру нейкую цану – гэта згубіць твар потым, калі па тых ці іншых прычынах давядзецца ад яе адысьці. Перамовы па газу хутчэй за ўсё на сустрэчы былі, але наўрад ці канчатковыя.

Ну а наконт таго, на чым сэрца супакоіцца – цяжка сказаць. Цяжка яшчэ і таму, што цана можа быць і высокай, але могуць даць даволі танны крэдыт, тыя самыя 2 мільярды, пра якія размаўлялі два міністры фінансаў, і атрымаецца, што падвышэньне цаны на газ для Беларусі будзе аплачанае з расейскага бюджэту.



Ціхановіч:
Яшчэ адна тэма двухбаковых адносінаў, пра якую красамоўна маўчалі ўдзельнікі перамоваў – прызнаньне Беларусьсю незалежнасьці грузінскіх аўтаноміяў Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. Сэнсацыяй апошніх месяцаў стала відавочнае нежаданьне афіцыйнага Менску рабіць гэта. Спачатку Лукашэнка прапанаваў разгледзіць гэтае пытаньне на саміце дзяржаваў Дамовы аб калектыўнай бясьпецы – разгледзелі – нічога ня вырашылі. Потым заявіў, што гэтым пытаньнем зоймецца новы парлямэнт. Але і тут імпэту неяк не назіраецца. Вось напрыклад сьпікер палаты мінулага скліканьня Вадзім Папоў на адпаведнае пытаньне журналістаў адказаў: “Давайце ня будзем сьпяшацца і рабіць фэтыш з гэтай справы”. Але Масква, так выглядае, крыху і сьпяшаецца і фэтыш робіць, прыгаданы пасол Сурыкоў, здаецца, двойчы ў ня надта дыпляматычнай манеры публічна нагадваў, што Масква чакае ад Менску гэтага прызнаньня. А вось Пуцін, прыехаўшы ў Менск, гэтую тэму і ня згадваў. І чаму? Як вы лічыце?

Максімюк: Магчыма, таму, што Лукашэнка на ўвесь сьвет заявіў, што справай Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі зоймецца будучы парлямэнт. Пуціну не выпадае публічна ўшчуваць ці падганяць свайго беларускага партнэра, бо гэта выглядала б, што ён нэрвуецца або злуецца на Лукашэнку. А гэта заўсёды азнака палітычнай слабасьці. Пуцін пахваліў беларускія выбары — выглядае на тое, што ён спакойны за лёс прызнаньня Беларусьсю незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. Вялікага гонару Маскве ад гэтага не прыбудзе — увогуле, я лічу, што ў сытуацыі агульнага асуджэньня Расеі за інтэрвэнцыю ў Грузіі, падтрымка палітыка з такой міжнароднай рэпутацыяй як Лукашэнка — гэта справа друга- або і трэцярадная для Крамля. Але для Менску — гэта справа першарадная, гэта справа захаваньня самастойнасьці і сувэрэннасьці ў замежнай палітыцы. Гэта пытаньне наўпрост зьвязанае з выхадам Беларусі з вышэйшай палітычнай лігі і пераходам у лігу, дзе гуляюць Абхазія, Паўднёвая Асэтыя і Прыднястроўе.



Ціхановіч: Ну а зараз – пра супрацьлеглы вэктар беларускай зьнешняй палітыкі, пра рэакцыю Захаду на беларускія выбары і пра тое, якімі будуць дачыненьні паміж Беларусьсю і Захадам. Місія АБСЭ , якая назірала за выбарамі, канстатавала, што яны былі далёкімі ад дэмакратычных стандартаў. Але так выглядае, што пасьля выбараў, якія, паводле місіі АБСЭ, ня вызначаліся дэмакратызмам, дыялёг паміж Менскам і Захадам ня толькі не спыніўся, але наадварот інтэнсыфікаваўся. У аўторак Менск наведаў дзейны старшыня АБСЭ , кіраўнік МЗС Фінляндыі Аляксандар Стуб. Падчас размовы з Аляксандрам Лукашэнкам ён заявіў: “Час перагарнуць старонку ў дачыненьнях Беларусі і Эўропы. Мы адчуваем, што пасьля крызісу ў Грузіі балянс перамясьціўся на Ўсход”. Паводле старшыні АБСЭ, “унутры Эўразьвязу правільныя настроі, што Беларусь рухаецца ў правільным кірунку. Выбары — гэта адчувальнае пытаньне. Ніхто ня можа адкінуць тое, што былі пазытыўныя зрухі ў 2008 годзе параўнальна з 2000 і 2004 гадамі,” — заявіў Аляксандар Стуб.
Ну, тэзу пра пазытыўныя зрухі могуць аспрэчыць і аспрэчваюць многія: напрыклад, беларуская апазыцыя, напрыклад, назіральнікі таго ж самага АБСЭ, якія канстатавалі, што зрухі калі і ёсьць, то нязначныя і чыста касмэтычныя. Дык чаму з вуснаў эўрапейскіх прадстаўнікоў гучаць такія заявы? Яны не разумеюць сытуацыю? Яны не чытаюць справаздачы назіральнікаў ад іх уласных арганізацый? Ці тут прычына ў нечым іншым?

Дракахруст: Я б пачаў з таго, што і першасная рэакцыя Захаду, прычым як Злучаных Штатаў, гэтак і Эўропы, была значна больш лагоднай і памяркоўнай, чым на папярэднія выбары. Усе выказалі расчараваньне. Але здаецца і ўсё. Пры гэтым ізноў жа ўсе кажуць пра неабходнасьць дыялёгу, збліжэньня, ўзаемадзеяньня і гэтак далей. А наконт заяваў спадара Стуба – дык пацьвярджаецца тое, што мы казалі ў мінулых перадачах: заходнія ўрады – не паслухмяныя выканаўцы “прысудаў”, вынесеных назіральнікамі АБСЭ, яны прымаюць рашэньні на падставе набору чыньнікаў, і высновы назіральнікаў – толькі адзін зь іх.

Ціхановіч: Выбарчы тэст Менск праваліў – у парлямэнт не патрапіў ніводны апазыцыянэр. Але рэакцыя Захаду была не такой, якой ён пагражаў. Ян, чаму?

Максімюк: Выглядае на тое, што рашэньне аб размарожваньні адносін з афіцыйным Менскам было прынятае Вашынгтонам і Брусэлем яшчэ да самых выбараў, пад уплывам расейскай інтэрвэнцыі ў Грузіі. Але Захад, натуральна, акцэнтаваў сваю зацікаўленасьць у як мага больш дэмакратычным правядзеньні выбараў у Беларусі. Было спадзяваньне і на тое, што, можа, некалькі прадстаўнікоў апазыцыі знойдуцца ў Палаце прадстаўнікоў. Гэта была б увогуле ідэальная сытуацыя, у якой Захаду ня трэба было б зашмат тлумачыць сваім выбаршчыкам, чаму яны працягваюць руку “апошняму дыктатару Эўропы”. А так, маем тое, што маем — невялікія ўзаемныя крокі насустрач, так бы мовіць, узаемнасьць без каханьня.

Ціхановіч: Пасьля выбараў пасол Нямеччыны Герхарт Вайс выказаў цікавае меркаваньне, што вышэйшая ўлада Беларусі шчыра хацела правесьці выбары дэмакратычна, але, маўляў, выканаўцы на месцах сапсавалі гэтыя чыстыя намеры. Юры, у якой ступені, на Ваш погляд, нямецкі дыплямат мае рацыю?

Дракахруст: Я мяркую, што рацыі спадар Вайс ня мае. Калі б Лукашэнка сапраўды хацеў, скажам, дапусьціць 3-5-10 апазыцыянэраў у парлямэнт, ён ні ў якім разе не пусьціў бы гэтую справу на самацёк. Без указаньняў можна атрымаць такі вынік, якім ён атрымаўся 28 верасьня, бо машына мае вялікую інэрцыю. А так лічбы на апазыцыянэраў былі б даведзеныя і пракантраляваныя гэтак жа дакладна, як яны былі даведзеныя і пракантраляваныя на ўладных кандыдатаў. А калі гэтага не зрабілі, значыць, не захацелі. Вось Вы, Алена, казалі пра правалены Менскам тэст. Але паўстае пытаньне – ці быў тэст. Тут як у анэкдоце пра лява, які складаў мэню на заўтра. Загадаў на раніцу прыйсьці курапатцы, на абед – антылёпе, на вячэру – зайцу. Заяц у адказ: “Ды пайшоў ты...” “Так пытаньне ставіш – адказвае леў, – тады я цябе выкрэсьліваю”. Ну а чаму спадары Вайс і Стуб кажуць пра нейкія ўяўныя зрухі – гэта праблема палітычнай культуры, палітычнай мовы сёньняшняга Захаду. Ну не прынята там казаць у стылі Бісмарка – ідзем насустрач Беларусі, бо хочам вырваць яе з арбіты ўплыву Расеі, што стала асабліва актуальным пасьля вайны на Каўказе. Нават казаць, што хочам проста падкупіць яе ўладную эліту, хочам прыцягнуць яе да Эўропы рэальнымі, можа нават і карупцыйнымі, сувязямі ды інтарэсамі – гэта неяк непрыгожа выглядае і тым болей гучыць. Хаця і праўда. Таму і выдумляюцца нейкія нябачныя воку дэмакратычныя зрухі – што ня праўда, але гучыць прыгожа і паліткарэктна.

Ціхановіч: Як пісаў паэт, “каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць”. Сапраўды, гледзячы на тое, што адбываецца ў іншых краях, лепш разумееш сябе. 15 кастрычніка, праз два тыдні пасьля парлямэнцкіх выбараў у Беларусі, прэзыдэнцкія выбары адбудуцца ў Азэрбайджане. Нягледзячы на геаграфічныя і гэапалітычныя адрозьненьні, на розны палітычны шлях, які дзьве краіны прайшлі за гады незалежнасьці, у палітычных сытуацыях у Беларусі і Азэрбайджане назіраюцца і пэўныя падабенствы. Якія? Вось пра гэта мы разам з Юрыем Дракахрустам даведаемся ў нашага госьця – дырэктара азэрбайджанскай службы нашага радыё Кенана Аліева. Кенан, беларускі прэзыдэнт нядаўна заявіў, што ягоны пераемнікам стане ягоны сын, якому зараз 4 гады. Магчыма, гэта быў жарт. А вось Азэрбайджан – адзіная краіна ў СНД, дзе спрацавала дакладная манархічная схема перадачы ўлады ў спадчыну ад ўладара ягонаму сыну, у 2003 годзе Ільхам Аліеў заняў прэзыдэнцкую пасаду, якую да яго займаў ягоны бацька. Зараз зарэгістраваныя 7 кандыдатаў на прэзыдэнта, у тым ліку, зразумела, і Ільхам Аліеў. Ці ёсьць у гэтых выбарах нейкая інтрыга, ці маюць супернікі дзейнага прэзыдэнта хоць якія шанцы на перамогу?

Аліеў: Шчыра скажу, што ў гэтых кандыдатаў няма аніякіх шанцаў перамагчы на гэтых выбарах. Гэтыя кандыдаты – пешкі ў гульні, якая ў Азэрбайджане называецца выбарамі. Увесь выбарчы працэс у краіне кантралюецца ўладнай партыяй – партыяй прэзыдэнта, ЦВК складаецца ў асноўным з членаў гэтай партыі. Уся выбарчая кампанія, ўся мэдыякампанія знаходзіцца ў руках адной сілай. Я б сказаў, што гэта самыя кантраляваныя выбары з моманту абвяшчэньня незалежнасьці Азэрбайджану. Што тычыцца пераемнасьці, перадачы ўлады ад бацькі да сына, то цікава адзначыць, што Гейдар Аліеў увесь час казаў, што ў яго няма такога пляну і што Ільхам не зьяўляецца ягоным спадкаемцам. Але калі Гейдар Аліеў памёр, ён перад сьмерцю вельмі пасьпяхова перадаў уладу сыну. Мне здаецца, што спадар Лукашэнка крыху сьпяшаецца. Гэта ніколі ня позна. Але калі гэта ўжо зараз уводзіцца ў сьвядомасьць беларусаў, то да гэтага варта ставіцца сур’ёзна.

Дракахруст: Кенан, наколькі я ведаю, найбольш уплывовыя апазыцыйныя партыі Азербайджану байкатуюць прэзыдэнцкія выбары, называючы іх фарсам з прычыны менавіта тых чыньнікаў, пра якія вы казалі. Наколькі гэтае рашэньне знаходзіць водгук у азэрбайджанскім грамадзтве, наколькі гэты байкот можа паўплываць на стаўленьне Захаду да Азэрбайджану?

Аліеў: Заходнія прадстаўнікі ў Азэрбайджане звычайна не падтрымліваюць ідэю байкоту выбараў апазыцыяй нават пры кепскай гульні. Яны заўсёды раяць апазыцыі ўдзельнічаць у выбарах, паколькі "удзел лепш, чым няўдзел". У Азэрбайджане апазыцыя, аб'яднаная ў каардынацыйны цэнтар, вырашыла ня ўдзельнічаць у выбарах, бо яны сапраўды лічаць іх фарсам. Я ня ведаю, наколькі грамадзтва падтрымлівае ідэю байкоту. Але паводле ня толькі майго меркаваньня, але і думкі многіх азэрбайджанскіх і замежных экспэртаў, грамадзтва страціла цікавасьць да палітычных працэсаў, людзі ня вераць у палітыку, яны лічаць палітычны працэс карумпаваным і не чакаюць ад яго ніякіх зьменаў. Гэта ня значыць, што яны падтрымліваюць ідэю байкоту, прапанаванага апазыцыяй. Людзі проста ня вераць у выбарчы працэс і хутчэй за ўсё на выбарчыя ўчасткі пойдзе менш за палову выбаршчыкаў. Што цікава – хаця апазыцыя ў Азэрбайджане і абвясьціла байкот, ніякіх актыўных дзеяньняў у гэтым кірунку не назіраецца. Нашы карэспандэнты наведвалі штаб-кватэры апазыцыйных партый і знайшлі вельмі мала прыкметаў актыўнага байкоту. Людзі сядзяць у сваіх штаб-кватэрах, п’юць гарбату, чытаюць газэты, слухаюць нашае радыё. Такі вось байкот.

Ціхановіч: Як бы вы ацанілі ступень палітычнай свабоды ў Азэрбайджане? Наколькі мне вядома, апазыцыя ў Вас прадстаўлена ў парлямэнце, мае свае выданьні, але зь іншага боку, у краіне ёсьць палітвязьні, у тым ліку і незалежныя журналісты, якія адбываюць пакараньні па абвінавачаньнях у паклёпе, патураньні тэрарызму, распальваньні міжнацыянальнай варожасьці. Аднак Азэрбайджан застаецца сябрам Рады Эўропы, адносна яго кіраўніцтва заходнія краіны ня ўжываюць эканамічных ці візавых санкцый за недастаткова дэмакратычную палітыку, як гэта робіцца адносна афіцыйнага Менску. А чаму? Азэрбайджанскі рэжым больш дэмакратычны за беларускі? Ці прычына ў чымсьці іншым?

Аліеў: Вельмі часта журналісты параўноўваюць сытуацыю ў Беларусі і Азэрбайджане. Ёсьць шмат аналёгіяў. Адзіная розьніца – у тым, што ў Азэрбайджана ёсьць нафта і газ, і ён знаходзіцца ў вельмі важным месцы, на мяжы з Турцыяй, Расеяй і Іранам. Праз Азэрбайджан праходзіць вельмі важны энэргетычны калідор, у якім зацікаўлены Захад. І гэта прымушае Захад ставіцца да Азэрбайджану інакш, чым да Беларусі. Я б не сказаў, што ў Азэрбайджане сытуацыя са свабодамі лепш, чым у Беларусі. Мы назіралі за выбарамі ў Беларусі. У вас няма апазыцыянэраў у парлямэнце. У прынцыпе такая ж сытуацыя ў Азэрбайджане, тыя палітыкі, якія патрапілі ў парлямэнт, не ўспрымаюцца ў грамадзтве, як апазыцыянэры, гэта тыя людзі, якіх улады вырашылі пусьціць у парлямэнт. Зараз тры азэрбайджанскія журналісты адбываюць тэрміны турэмнага зьняволеньня. Ня гледзячы на ўсе высілкі міжнароднай супольнасьці, АБСЭ яны застаюцца за кратамі. Многія чакалі, што хаця б падчас выбараў улады зробяць жэст добрай волі і вызваляць іх, але нават гэтага мы ня ўбачылі. Нават у Беларусі Лукашэнка зрабіў такі жэст – вызваліў Казуліна. У Азэрбайджане ўлады не пайшлі нават на гэта. Гэта паказвае, наколькі яны ўпэўненыя ў тых ацэнках, якія яны атрымаюць пасьля выбараў.

Дракахруст: “Выбарчая атмасфэра спакойная, але цікавасьць да выбараў нізкая,” – гаворыцца ў прамежкавай справаздачы назіральнай місіі АБСЭ. Гутарка пра Азэрбайджан, хаця падобныя ж высновы рабіла і місія АБСЭ на апошніх беларускіх выбарах. У Азэрбайджане місія адзначае пэўны прагрэс, улік у выбарчым кодэксе заходніх парадаў. Аднак зьвяртае ўвагу і на абмежаваньне на правядзеньне масавых акцый падчас выбараў, асабліва для прыхільнікаў байкоту выбараў, і на тое, што ў мэдыях дамінуе Ільхам Аліеў, гэтак жа, як і ва ўчастковых камісіях большасьць складаюць прыхільнікі дзейнага прэзыдэнта. Падобна на беларускую сытуацыю, хіба што ў Беларусі ва ўчастковых камісіях прадстаўнікоў апазыцыі наагул амаль не было. На Ваш погляд, пры такіх умовах правядзеньня выбараў у Азэрбайджане ці будуць яны прызнаныя заходнімі краінамі?

Аліеў: Што такое прызнаньне выбараў? Ці будзе Захад працаваць з Ільхамам Аліевым. Хутчэй за ўсё так, як яны працавалі пасьля вельмі кепскіх выбараў 2003 году, калі былі моцныя сутычкі сілаў правапарадку з апазыцыйнымі дэманстрантамі, як яны працавалі пасьля парлямэнцкіх выбараў 2005 году, калі таксама былі вельмі моцныя сутыкненьні. А што зьмянілася? ЗША і ЭЗ ня толькі працягвалі працу з Баку, але і актывізавалі яе. Азэрбайджан зьяўляецца сябрам Рады Эўропы, Азэрбайджан падпісаў дамову з ЭЗ аб супрацоўніцтве ў сфэры энэргетыкі, Азэрбайджан удзельнічае ў Праграме добрасуседзтва Эўразьвязу, атрымліваючы вялікія грошы па гэтай праграме. Я ўпэўнены, што ў гэтым сэнсе мала што зьменіцца. Тым больш што зьмена геапалітычнай сытуацыі ў рэгіёне прымушае заходнія краіны ставіцца да Азэрбайджану вельмі асьцярожна. Азэрбайджан – адна з ключавых краін ў праекце Эўразьвязу "Набука", які прадугледжвае экспарт касьпійскага газу на эўрапейскі рынак. Так што наконт выбараў будзе і крытыка, як і адносна беларускіх, але яны будуць прызнаныя.
XS
SM
MD
LG