Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька заявіў, што рашэньне Рады Эўразьвязу супадае з падыходам аб’яднаных дэмсілаў на 90%. За выключэньнем пазыцыі па Аляксандру Лукашэнку.


Спадар Лябедзька патлумачыў, што АДС перадалі сваю пазыцыю ў Брусэль да паседжаньня Рады ЭЗ. Там прапаноўвалася гэткая ж формула двух “Ч” — зьняцьцё санкцыяў часова і часткова. Апрача гэтага, Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы ня бачылі неабходнасьці даваць індульгенцыі тым людзям, якія падазраюцца ў выкраданьні апанэнтаў улады, а таксама тым, хто адказны за фальшаваньне выбарчай кампаніі. Паводле А. Лябедзькі, АДС выпрацавалі шэраг прыярытэтаў: што павінна зрабіць улада ў пэрспэктыве, каб былі скасаваныя ўсе санкцыі:

“Першае — гэта ўнесьці зьмены ў выбарчае заканадаўства. Другое — паставіць у роўныя ўмовы працы дзяржаўныя і незалежныя СМІ, а таксама дапусьціць да дзяржаўных мэдыяў прадстаўнікоў АДС. Трэцяе — стварыць умовы для нармальнай дзейнасьці палітычных партыяў і няўрадавых арганізацыяў. Чацьвёртае — выключыць з Крымінальнага кодэксу некаторыя артыкулы, якія прадугледжваюць крымінальную адказнасьць за палітычную дзейнасьць. Гэта тое, што мы накіравалі ў Брусэль перад тым, як там прымаліся рашэньні.

Канстатуем: у значнай ступені гэта ўлічана. Адзінае выключэньне — гэта пазыцыя па Лукашэнку. Мы тут займаем больш жорсткі падыход, і ён нам здаецца больш рэалістычным. Бо сёньня Лукашэнка прадаў Эўропе тое, што ня мае ніякай каштоўнасьці і за што нельга даць і гроша — гэта свае словы, сваю рыторыку. Яна нічога не каштуе. А ўзамен для сябе атрымаў пэўныя палітычныя прэфэрэнцыі.

Пакуль што ў іх адзіны інструмэнт узьдзеяньня на сытуацыю: што ідзе размова пра часовае зьняцьцё гэтых санкцыяў. Гэта адзінае, што дае магчымасьць ня страціць Эўропе твар праз паўгоду”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG