Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Пара вярнуць уклады ў выглядзе халадзільнікаў і тэлевізараў"


Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 13 кастрычніка, панядзелак.


Рашэньне Рады Эўразьвязу адносна візавых санкцыяў у дачыненьні да вышэйшых чыноўнікаў Беларусі — тэма абмеркаваньня ў слухачоў “Свабоды”.

Спадар: “Усіх тых, хто прагаласуе ў Радзе Эўропы за скасаваньне візавых санкцый, мы сардэчна запрашаем адпрацаваць па году на нашых заводах і калгасах”.

Наступнае тэлефанаваньне — на тэму мінулых выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў:

Спадар: “Колькі ж усяго галасоў занялі такія вядомыя постаці, як Лябедзька ды іншыя? Нядрэнна было б паказаць на “Свабодзе”, што калі гэта больш за 5 адсоткаў, ну, напрыклад, 10 ці 15, то, пасарамаціць таго ж Лукашэнку за яго прагноз, што апазыцыя ў нас трымаецца, так бы мовіць, на мяжы статыстычнай памылкі. Спадзяюся, што вы зробіце такі агляд і паведаміце сваім слухачам, колькі ж наша апазыцыя ў сярэднім адваявала галасоў сваіх выбарнікаў па афіцыйных, так бы мовіць, зьвестках. Дзякуй”.

Выказваньне камэнтуе кіраўнік інфармацыйнага цэнтру Аб’яднаных дэмакратычных сіл Юрась Пацёмкін:

“Паводле афіцыйных зьвестак нашы кандыдаты набралі ад 5 да 30%. Але ў сярэднім ім не давалі больш за 15% — прадстаўнікам, якія балятаваліся ад адзінага сьпісу АДС. Аднак, паводле нашых зьвестак, 19 кандыдатаў ад АДС перамаглі ўжо ў першым туры — набралі больш за 50% галасоў. А яшчэ ў 14 акругах павінен быў адбыцца другі тур галасаваньня. Гэтыя зьвесткі неафіцыйныя. Але мы ня можам праверыць ні іх, ні тыя, якія абвясьціў Цэнтравыбаркам”.

На саміце краін СНД кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка прысутнічаў з 5-гадовым сынам Мікалаем. Камэнтары слухачоў:

Спадар: “Можа, хто з паплечнікаў яму падкажа, каб прэзыдэнт са сваім сынком Колем больш людзям вочы не калоў? Калі ў яго такая любоў да дзіцяці, няхай пакажа яго маці”.

Спадарыня: “Ці не здаецца вам, што піяршчык Бэл працуе адразу на дзьвюх стаўках? Ад Беларусі ён атрымлівае вялікія грошы за стварэньне іміджу Рыгоравіча, але недзе нехта плаціць яму яшчэ больш за дыскрэдытацыю Лукашэнкі”.

Працягваем праграму іншымі выказваньнямі:

Спадар: “Хацеў бы зьвярнуцца да тых, якія тэлефануюць у абарону Лукашэнкі, якія ганьбяць апазыцыю. Няўжо гэтая апазыцыя павыдавала “Мэрсэдэсы” чыноўнікам? Няўжо гэтая апазыцыя прадае прадпрыемствы расейскім бізнэсоўцам?”

Аляксандар Яцкевіч: “Беларускія дзеткі ідуць у школу, ідуць у садзікі — там тэмпэратура вышэйшая за норму, вяртаюцца дадому — там як на вуліцы. Большай часткі з клясаў няма, большай часткі з групаў няма”.

Ларыса: “Зараз наступіў той момант, што пара нам вярнуць уклады, як некалі абяцаў Лукашэнка, у выглядзе халадзільнікаў і тэлевізараў. Заяўлена, што тэлевізары “Віцязь” ня будуць запатрабаваны ў Расіі, бо там свая вытворчасьць наладжана. Лепей мы, пэнсіянэры, будзем карыстацца гэтымі рэчамі, чым яны будуць знаходзіцца на складзе. Гэтае пытаньне павінна быць вырашана ў Палаце прадстаўнікоў, дэпутатаў якой мы абралі”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG