Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь і Англія згуляюць у Менску двойчы


Паводле брытанскай амбасады ў Беларусі, на адборачны матч Кубку сьвету Беларусь — Англія , які адбудзецца ў Менску 15 кастрычніка, прыедзе больш за 2 тысячы фанатаў і больш за 100 журналістаў з Англіі.


Менская міліцыя чакае, што ангельскія заўзятары пачнуць прыяжджаць у Менск 14 кастрычніка. Іх прыезд будзе ўзяты пад кантроль транспартнай міліцыі.

Заўзятараў паселяць у менскіх гатэлях. Каля гатэляў круглыя суткі будуць выстаўлены супрацоўнікі менскай міліцыі. Буйныя групы ангельскіх заўзятараў змогуць хадзіць па Менску ў суправаджэньні міліцыянтаў.

Ахоўваць парадак да і пасьля матчу на стадыёне “Дынама” маюць больш за 2 тысячы міліцыянтаў. Таксама ў Менск прыедуць 9 ангельскіх паліцэйскіх. За сытуацыяй на стадыёне будуць сачыць відэакамэры. Міліцыянты заклікаюць заўзятараў прыходзіць на матч за 2,5 гадзіны да пачатку.

Каманды Беларусі і Англіі ўпершыню будуць гуляць на такім узроўні. Паводле брытанскага амбасадара Найджэла Гулд-Дэвіса, “гэта цудоўная магчымасьць для нашых краінаў лепш пазнаёміцца між сабой. Нашыя фанаты здолеюць на свае вочы пабачыць Беларусь і адчуць беларускую гасьціннасьць. Яны гэтага вельмі чакаюць”.

Нагадаем, у траўні жаночая футбольная каманда перамагла беларусак зь лікам 6:1, а моладзевыя зборныя згулялі цікавую нічыю.

Напярэдадні матчу брытанская амбасада заплянавала шэраг падзеяў. Брытанская амбасада разам зь міністэрствам адукацыі Беларусі правядуць спаборніцтва інтэграваных юнацкіх камандаў з удзелам дзяцей з парушэньнямі слыху. Амбасадар, як кваліфікаваны футбольны арбітар, будзе судзіць фінал.

Амбасада таксама падтрымлівае шэраг мерапрыемстваў, заплянаваных дэлегацыяй Асацыяцыі футбольных фанатаў Англіі. У дзень матчу яны ўскладуць вянок да абэліску Перамогі.

Арганізатар гэтай акцыі Марк Пэрымэн патлумачыў: “Цягам гульні мы — супернікі, але народы Беларусі і Англіі маюць і агульны досьвед ахвяраў і гераізму ў Другой сусьветнай вайне. Гэта — наш шлях памяці і шанаваньня нашае агульнай гісторыі”.

Англійскія фанаты таксама наведаюць адну зь менскіх гімназіяў і згуляюць сяброўскі матч супраць футбольных фанатаў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG