Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Газпром” давядзе цану газу для Беларусі да эўрапейскай


Праўленьне “Газпрому” разгледзела пытаньне пра стан разьлікаў і пэрспэктывы ўзаемадзеяньня з гаспадарчымі суб'ектамі Беларусі.


Паводле прэсавай службы “Газпрому”, профільным падразьдзяленьням даручана надалей паэтапна даводзіць цэны на газ для Беларусі да ўзроўню, які складаецца на газавых рынках Заходняй Эўропы.

Умовы пастаўкі расейскага газу ў 2009 годзе ў Беларусь пакуль ня ўзгодненыя. У Расеі лічаць, што цана на газ можа скласьці 250 даляраў за тысячу кубамэтраў (пра гэта казаў пасол Расеі ў Беларусі А.Сурыкаў), а ў Беларусі чакаюць, што яна складзе ўсяго 140 даляраў за тысячу кубамэтраў. Прэм'ер-міністар Беларусі Сяргей Сідорскі заяўляў, што цана на газ вызначыцца 6 кастрычніка падчас візыту ў Менск прэм'ер-міністра Расеі Ўладзімера Пуціна, аднак гэтае пытаньне засталося адкрытае.

Цяпер расейскі газ каштуе 129 даляраў за тысячу кубамэтраў. “Белтрансгаз” цалкам аплаціў пастаўкі расейскага газу за 2007 год і за першае паўгодзьдзе 2008 году.

Нагадаем, 31 сьнежня 2006 году “Газпром” і “Белтрансгаз” падпісалі кантракт на пастаўку і транзыт газу ў 2007—2011 гадах. Ім вызначана формула цаны з 1 студзеня 2008 году, якая адпавядае формуле цаны пры пастаўках расейскага газу ў Заходнюю Эўропу. З 2011 году Беларусь павінна выйсьці на ўзровень цаны на газ, які забясьпечвае роўную прыбытковасьць з пастаўкамі ў Заходнюю Эўропу.

У траўні 2007 году “Газпром” і дзяржаўны камітэт па маёмасьці Беларусі падпісалі дамову куплі-продажу 50% акцыяў “Белтрансгазу”. Цяпер “Газпром” валодае 25% акцыяў "Белтрансгазу".
XS
SM
MD
LG