Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У Нарачы і зараз лунае бел-чырвона-белы сьцяг!”


Новая перадача сэрыі “Падарожжы “Свабоды”. Эфір 6 кастрычніка.


Недасьведчаны чалавек, апынуўшыся ля возера Нарач, заблытаецца, як той казаў, пасярод трох, ці, дакладней, васьмі соснаў. Столькі аднолькавых назваў маюць некалькі арганізацыяў, турбаза, санаторый, гатэль, курортны пасёлак і, нарэшце, вёска, дзе жыве карэннае насельніцтва. Дарэчы, і па ёй незнаёмцу давядзецца пахадзіць. На дзьве з паловай тысячы чалавек у Нарачы 36 вуліц ды 43 км дарожнага пакрыцьця. Я ж яшчэ ў аўтобусе быў уражаны нарачанскімі пэнсіянэрамі. Амаль кожны зь іх, сядаючы на міжгародні маршрут, гучна паведамляў кіроўцу, што мае льготы. У вёсцы рэвізор Вольга Вярбіцкая мне пракамэнтавала:

Вярбіцкая: “Ільготы ёсьць пэнсіянэрам на летні пэрыяд у прыгарадзе. Але ім няма розьніцы, горад ці міжгорад — ім давай ільготу...”

Акурат побач стаяла сакратарка пасялковага савету, якая прозьвішча не назвала. Тым ня менш адміністрацыйны погляд на тутэйшае жыцьцё выказала.

Спадарыня: “Вёска жыве чаканьнем газу. Праводзілі сход — аграгарадок у нас з 2005-га. Маслазавод працуе, кілбасны цэх, цэх па вытворчасьці безалькагольных напояў. На маслазаводзе 260 чалавек, завод напояў — 100, РСУ “Нарач” — 250. А музычная школа, агульнаадукацыйная, дзіцячы садок, бальніца — усе паслугі для аграгарадка. Заробак — 500—600 атрымліваюць. У “Нарачанпрамбудзе” — каля мільёна. У нас 13 здраўніц — палова вёскі працуе. Здраўніцы цалкам загружаныя. Усім вельмі падабаецца — расіяне, прыбалты, піцерцы...”

Карэспандэнт: “Кажуць, Нарач вельмі забруджаная...”

Спадарыня: “Не, робіцца новая лінёўка па праграме ачышчэньня возера. Я купаюся — мне нічога ня робіцца. Залежыць ад арганізму чалавека...”

Гэтыя самыя “плямы”на целе, што больш за дзесяць год спараджае невядомая інфэкцыя, прывялі да сёньняшняга заняпаду турыстычнага бізнэсу. Вядома, што “палачкі” скокнулі ў возера з прыбярэжных каналізацыйных каналаў. Вывучаў праблему старшыня мясцовай філіі Партыі БНФ, экс-капітан міліцыі Зьміцер Вінаградаў, які прыехаў на маю просьбу зь Мядзела. Ён успамінае.




Вінаградаў: “Памятаю, на пачатку 90-х не было адбою ад знаёмых, сяброў, каб знайшоў мейсца паставіць намёт, зьняць кватэру. Апошнімі гадамі людзі Нарачы баяцца. Улады спрабавалі выкопваць траву, птушак зьнішчаць. Але церпяць ад гэтай хваробы. Асабліва страшная Нарач мужыкам, бо, пакупаўшыся, прыяжджаюць дадому высыпаныя — што жонка скажа...” (Сьмех.)

Едзем уздоўж берагу. На вялізнай аўтастаянцы — адна “дзявятка” ды адзін намёт. Гутару зь Дзянісам з Чэрвеня ды Нінай Анатолеўнай зь Менску.

Спадарства: “Я люблю чыстую прыроду, каб было вогнішча, намёты. За стаянку бяруць па 2,5 тысячы з чалавека і 500 за машыну... Возера добрае, адпачываць — супэр! Ліхтары толькі па вечарах не гараць. Дыскатэка — батарэйку ўключыў у магнітолу і танцуй (сьмяецца). Плямы чырвоныя ў дзядулі толькі...”

Пустуе і тутэйшая прэзыдэнцкая рэзыдэнцыя. Са спадаром Зьмітром мы праяжджалі міма двухпавярховага лецішча за высокім парканам.

Вінаградаў: “Я яшчэ працаваў у міліцыі, калі будавалі. Першы раз, як прыехаў, мы па кустах сядзелі — пажарнікі, міліцыя. Ахоўвалі. Але Лукашэнка даўно ня езьдзіць — можа, у яго што на целе высыпала. Фазэнда проста прастойвае...”

У вёсцы нас ужо чакаў 25-гадовы Віталь Ананька. Ён кіраўнік нарачанскай суполкі Партыі БНФ, праграміст паводле адукацыі, цяпер індывідуальны прадпрымальнік. Тут жа падключыўся да тэмы.




Ананька:
“Зь вясковых прадпрыемстваў ідзе каналізацыя. І ня раз прарывала яе. Бывае, плывеш і нешта плавае. (Сьмяецца.) Побач у нас рэчка Сырмеш. Зьлівалі адкіды малака, сыроваткі. Шчупакі былі — няма шчупакоў. У Нарачы можна гадамі сядзець і працы не знайсьці. Напрыклад, для моладзі нічога няма. Спартовай залі няма. Я як заканчваў школу, у падвале была тэнісная сэкцыя — мы хадзілі. Проста сьпіваюцца. Яны бяруць сябе віна, сядаюць ля фантана...”

Вынік сказанага відавочны. Кажа спадар Вінаградаў.

Вінаградаў: “Моладзь — хлопцы, а на жаль, і дзеўкі, вельмі добра спажываюць сьпіртное. Асабліва нашага Іўлеўскага плодакансэрвавага камбінату. Мы праводзілі яму антырэкляму. Рэкляма была ў раённай газэце “Нарачанская зара”. Я пачаў зьвяртацца і ў райвыканкам, у міліцыю, КДБ. І рэкляма камбінату зьнікла. А было — “мы спадзяемся, попыт павялічыцца”. “Бомба” так званая — 3 тысячы...”

29-гадовы апэратар падключэньня электрасетак Аляксандар Янкоўскі ўжо год вымушана беспрацоўны. Вось, як ён кажа, чаму.




Янкоўскі: “Працы шмат, але ж заробку няшмат — дзе ж ты выжывеш на 200—210 тысяч цяпер?! Грузчык — 200—250! І ўвесь дзень — аб’ектаў шмат! Летам на дзьвюх сэзонных працах людзі працуюць. А ўзімку шмат беспрацоўя. Здраўніцы зачыненыя, людзей 50—70% не працуе. У Расею шмат сяброў паехала. Але шмат чутак, што людзі едуць і прападаюць. Сытуацыя такая, што прыйдзецца за 200 тысяч ісьці грузчыкам...”

Прафэсійна бадзёрыцца індывідуальная прадпрымальніца спадарыня Хіхель. 12 год яна ўтрымлівае названую сваім імем невялікую краму “Рыта”. Праўда, на пытаньне пра дзённую выручку адказвае ўхіліста.




Хіхель: “Такія рэчы ня буду вам гаварыць. Людзей у нас дастаткова, асабліва ў летні пэрыяд. Тут хто прыехаў шмат, сельскае насельніцтва. Нам забаранілі паводле загаду прэзыдэнта наймаць — я адна і бухгальтарка, і швец, і жнец. У вольны час муж дапамагае, а зараз прыехалі дзьве дачкі — увечары падмяняюць. Зачыняцца не зьбіраемся — трэба вучыць дзетак. Працуем з прыбыткам. Усе прызвычаіліся — да Рыты, да Рыты. Мы працуем зь фірмай, якая, калі дрэнная прадукцыя, забірае. Зараз аддаём пячэньне з пагнутымі каробкамі...”

І ўсё ж кінутых хат, з чым сутыкаюся амаль у кожнай вёсцы, у Нарачы няма. Свой сярэдніх памераў дом 63-гадовая былая настаўніца беларускай мовы спадарыня Валюк ацэньвае ў 60 тысяч даляраў: маўляў, новыя беларусы набылі б пад лецішча. Фаіна Васілеўна — сябра ТБМ, 40 год адпрацавала ў школе. Знакавыя падзеі для фармаваньня яе беларускасьці адбыліся яшчэ ў юнацтве.

Валюк: “Майму настаўніку Быкаў прысьвяціў аповесьць “Абэліск” — Мікалаю Пашкевічу. І я вырашыла сваё жыцьцё прысьвяціць беларускасьці. Старалася, каб у дзяцей маўленьне чыстае было, не выракаліся. І зараз са мной стараюцца па-беларуску...”

Карэспандэнт: “Тое, што ганеньне на мову ідзе, на стаўленьні маладога пакаленьня адбіваецца?”

Валюк: (уздыхае ) “Канечне. Мы дзецям кажам, што вы павінны ў сэрцы несьці мову, а ці спатрэбіцца ім — невядома. Па крайняй меры, не саромяцца мовы, як было раней. У нас гавораць на трасянцы — на “кабыльнінскім дыялекце”. Зрэдку ў касьцёл хаджу — там беларускамоўная імша...”

Ля суседняй хаты ўбачыў павозку, у якой сядзелі зь дзясятак дзяцей. Выявілася — унукі ды ўнучкі самай шматдзетнай у Нарачы сям’і Вайтовічаў. У хаце дружным гуртам яны прытуліліся ля дзядулі ды бабулі — 63-гадовай спадарыні Ганны ды 73-гадовага спадара Лявона. У іх 5 дзяцей ды 18 унукаў. Яна некалі рабіла цялятніцай, ён — будаўніком.




Карэспандэнт: “Унукаў усіх па імёнах памятаеце?”

Спадарства: “Усіх, а як жа... І я ўсіх...”

Ганна: “Унучачцы самай малой месяц. Дзяржава нічога не дапамагала, ніякіх пасобій. Толькі што на пэнсію пайшла ў 49. Як выжывала? Рабіла добра, гаспадарку трымала — па 2 каровы кожны год, цялят, сьвіней. Заробкі маленькія былі — 180 у 90-я...”

Лявон: “А я на будаўніцтве рабіў, у мяне заробак больш-менш — 200 рублёў. 30 сотак бралі...”

Ганна: “У калгасе дзеці не рабілі, але ўсе пабудаваўшыся. Двое ў Менску — двух-трохпакаёвыя кватэры. А во тут усе ўнукі — пасьвяцца...”

Карэспандэнт: “Падабаецца ў дзядулі з бабуляй?”

Дзеці (разам): “Да-а-а!”

Лёзунг нарачанскіх апазыцыянэраў — “За жыцьцё бяз страху, зайздрасьці і злосьці”. Так жыве вядомы ў краіне ды скандальны ў мясцовых колах мастак Алесь Цыркуноў. У яго да чатырох соцень карцін. Прапіска менская, але сам лічыць сябе нарачанцам. У вёсцы праводзіць большасьць часу. Пытаюся ў спадара Алеся.




Карэспандэнт: “Мастаку жыць на вёсцы — гэта ня поза, а пазыцыя?”

Цыркуноў: “Карысна! Пакуль малады, набіраеш біцэпсы. А з гадамі трэба повязь зь зямлёй не губляць, бо мастак становіцца сухі, нецікавы для блізкіх, ня тое што для нашчадкаў. Як толькі жаўрукі прылятаюць, я зь імі. Бо ў Менску ўсе як пчолы гудуць і адзін аднаго ня чуюць...”

Карэспандэнт: “Дарэчы, раскажы, як завёў пчолы?”

Цыркуноў: “Завёў дзеля разгрузкі псыхалягічнай. Стомлены прыйдзеш, паглядзіш, як яны працуюць — імпэт на далейшае...”

У 2000 годзе Алесь Цыркуноў ля хаты ўсталяваў васьмімэтровы крыж, прысьвечаны 2000-годзьдзю Хрыстовага нараджэньня. Мастаку давялося-ткі ўвайсьці ў кантакт з уладамі. Вось ягоныя ўражаньні.

Цыркуноў: “Супрацоўнічаць з уладамі амаральна, бо адзін раз у мёд, другі раз у дзёгаць замазацца. Але трэба церушыць, каб яны дапамагалі ва ўсталяваньні помнікаў дзеячам гісторыі, культуры, якіх яны ня ведаюць. Во гэты крыж трэба было неяк аздабляць — ён каля шляху на Полацак, шмат людзей з бальшака збочвае паглядзець. Трэба траву пракошваць, дарожкі. Я напісаў ліст, каб дапамаглі, бо ўшанаваны на ім і праваслаўныя, і каталіцкія, і ўніяцкія сьвятыя. І абразы сьвятых, Божай маці. Яны думалі, падвох — ты для Пазьняка робіш, а нас варушыш. У выніку вытрас я зь іх 30 плітак. Хацеў слупоў — але “не дуры галавы”. Па-эўрапейску можна рабіць толькі з эўрапейскімі людзьмі. Старшыня пассавету Тарасюк, як толькі мяне бачыць, тут жа намесьніка кліча, а сам не выходзіць. Ім галоўнае — быць пры ўладзе...”

А яшчэ спадар Алесь вядомы на ўсё навакольле тым, што над яго хатай сыстэматычна лунае бел-чырвона-белы сьцяг.

Цыркуноў: “Я пачаў вывешваць сьцяг задоўга да таго, як ён стаў дзяржаўным. Міліцыянт кажа — што такое ў цябе вісіць? А ў яго яшчэ картуз быў з чырвонай паласой. Кажу: прыйдзе час, будзе зь бел-чырвона-белай. І праз колькі год зь ім сустрэліся. Кажа — “як у ваду глядзеў”. Цяпер вывешваю на ўсе нацыянальныя, рэлігійныя сьвяты і па нядзелях. Калі прэзыдэнта выбіралі, была нядзеля. І на наступны дзень міліцыянт і старшыня заходзяць у хату — “будзем акт складаць”. Зрабіў дапіску, што ганаруся, што дзяржава мела такі сьцяг і мець будзе...”

У Нарачы хутка ўзьнікне суполка “Моладзі БНФ”. 17-гадовы Піліп Бародзіч зь пяцьцю сябрукамі над гэтым працуюць. Кажа Піліп.




Піліп: “Надакучыла ўсё, што робіцца ў нашай краіне. Паглядзеў колькі фільмаў дакумэнтальных, як людзі зьнікалі — Захаранка, Ганчар. Ня ставіцца добра ўлада да нашай Радзімы, зьнішчае беларускую культуру. У Нарачы міліцыянты не даюць праходу, нічога ня скажаш — трэба маўчаць. Думаем подпісы сабраць, каб перайменаваць вуліцу імем Лапіцкага. Запусьціць белага амура ў Нарач. Цыркарыёз і бруд амур чысьціць вельмі добра. Нешта трэба рабіць, каб добрае будучае ў Нарачы было...”

Карэспандэнт: “Думаеш, за вамі будучыня?”

Піліп: “Ну а за кім?!”

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG