Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Паводле намесьніка міністра замежных спраў Беларусі Валера Варанецкага, учорашняя рэзалюцыя Эўрапарлямэнту адносна Беларусі — рух у правільным кірунку. Афіцыйны Менск чакае “зьняцьця ўсіх абмежаваньняў на супрацоўніцтва з Эўразьвязам”. Як камэнтуюць палітыкі ў Менску рэзалюцыю Эўрапейскага парлямэнту?


Старшыня камісіі міжнародных спраў у Савеце Рэспублікі Мікалай Чаргінец заявіў, што часткова задаволены тонам рэзалюцыі Эўрапарлямэнту і што “мэтад дыктату, ультыматумаў ужо кануў у гісторыю”. Спадар Чаргінец сказаў, што ўспрыняў візавыя санкцыі як палітычную замову і зьнявагу.

“Бо папракаць, скажам, мяне ў тым, што я вінаваты ў фальшаваньні выбараў — гэта зь юрыдычнага і маральнага пункту гледжаньня нонсэнс. Калі вінаваціць чалавека ў нейкіх махінацыях, то трэба разумець, ці маё ён доступ да гэтага. Калі я ня браў удзелу ў працы камісій, ня браў удзелу ў падліку галасоў, як жа я магу фальшаваць выбары?”

Паводле спадара Чаргінца, Беларусь даказала, што праводзіць шматвэктарную палітыку і зацікаўлена ва ўсталяваньні найлепшых дачыненьняў з Эўропай. Чаго ён чакае ад Рады Эўразьвязу?

“Чакаю аднаго: каб яны ўжо прачнуліся і сумленна разабраліся са сваёй пазыцыяй і пазыцыяй Беларусі. Я ўпэўнены, яны заўважылі б, што многа агульнага. І ў імкненьні бакоў разьвіваць стасункі, і ў жаданьні Беларусі будаваць стасункі з эўрапейскай супольнасьцю як мага вышэйшага ўзроўню, што мы гатовы да супрацоўніцтва. А тыя прыдзіркі па дробязях, якія ператвараюцца ва ўльтыматумы, выклікаюць толькі зьдзіўленьне. Можа, нарэшце, будзе адкінута ўсё гэта. І прагматызм і большы давер сыграюць сваю ролю”.

Лідэр Эўрапейскай кааліцыі Мікола Статкевіч мяркуе, што Эўропа спрабуе змагацца за Беларусь:

“На фоне падзей у Грузіі яны спрабуюць не аддаць Беларусь Расеі. Але, на мой погляд, урэшце ўсё ўпіраецца ў адну праблему — наяўнасьць у Беларусі выбараў. А калі выбараў няма, а іх пры гэтай уладзе і пры гэтым кіраўніцтве ня можа быць, то ўсё ўрэшце вернецца на кругі свае. Адзінае, што Лукашэнка здолее выкарыстаць памкненьні Эўропы, каб папалохаць Расею і працягнуць жыцьцё свайго абсалютна нежыцьцяздольнага самастойна рэжыму.

Калі прадстаўнікі эўрапейскіх краінаў на найвышэйшым узроўні пачнуць сустракацца зь людзьмі, якія нясуць адказнасьць за тое, што адбывалася з нашай краінай, у тым ліку за зьнікненьні і зьбіцьцё людзей, то гэта будзе сьведчыць пра тое, што Эўропа адыходзіць ад тых ідэалаў, на якіх яна будавалася. Хаця б у стасунках зь Беларусьсю”.

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка заявіў, што рэзалюцыя Эўрапарлямэнту не адпавядае яго спадзяваньням, бо грунтам працы Эўрапарлямэнту павінна быць вернасьць эўрапейскім, маральным каштоўнасьцям. Спадар Вячорка таксама адзначыў, што ня бачыць ніякіх прыкметаў таго, што Лукашэнка становіцца незалежнікам.

“Гэта свайго роду водгук на салодкія абяцанкі Лукашэнкі, дадзеныя ім перад так званымі выбарамі. Але ні ў якім разе не адказ на тое, чым, уласна, была гэтая выбарчая кампанія. Сёньня адзіным крокам Лукашэнкі ёсьць вызваленьне трох вязьняў зь міжнародна прызнанага сьпісу, насамрэч вязьняў больш. І ўсё. Так званая выбарчая кампанія ня стала абсалютна ніякім крокам. І ў гэтым сэнсе рабіць выгляд, што зроблены нейкія зрухі, пасьля вызваленьня трох вязьняў — гэта значыць, паказваць Лукашэнку, што ён надалей можа гаварыць няпраўду. І няпраўда будзе прызнавацца за праўду толькі таму, што ён яе агортвае ў пэўныя словы. Ясна, што эўрапарлямэнтары зьмякчылі, як магчыма, прыняты імі індульгенцыйны тэкст, я маю на ўвазе прыпыненьне на пэўны час візавых караў супраць кіраўніцтва краіны. І цяпер усё залежыць ад таго, наколькі яны будуць прынцыповымі ў адстойваньні становішча цягам гэтага паўгода”.
XS
SM
MD
LG