Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзе былі рытуальныя паслугі — зрабілі Дом культуры


Агляд тэлефанаваньняў за пятніцу, 10 кастрычніка


Днямі з камэры сьледчага ізалятара на волю выйшаў яшчэ адзін з дапытаных у крымінальнай справе, распачатай пасьля выбуху бомбы 4 ліпеня. Сьледчыя дагэтуль не затрымалі ніводнага падазраванага ў справе выбуху. “На дадзены момант падазраваных у гэтай справе няма”, — паведаміў кіраўнік аддзелу інфармацыі Менскага ўпраўленьня ўнутраных спраў Аляксандар Ластоўскі. У крымінальнай справе, якую завялі паводле артыкулу “Злоснае хуліганства”, апыталі сотні людзей і ў шмат каго зь іх узялі адбіткі пальцаў і сьліну на экспэртызу.

Спадар Зіноўеў: “Думаю, у незаконных затрыманьнях за ліпеньскае ЧП самога Навумава і абвінавацяць. Гэта ж закон дыктатуры”.

Слухачы працягваюць разважаць пра выбары ў Палату прадстаўнікоў, якія адбыліся 28 верасьня. Нагадаю, што ніводзін з апазыцыянэраў у парлямэнт не патрапіў. АБСЭ заявіла, што выбары не адпавядалі дэмакратычным стандартам.

Павел Васільевіч, вэтэран, Менск: “Слухачам Радыё Свабода і простым выбаршчыкам вядома, колькі і якіх выбараў было за апошнія 14 гадоў. Былі і “шляхетныя,” і “элегантныя,” і “гістарычныя”. А якія будуць чарговыя прэзыдэнцкія — ці разломістыя, ці апошнія стратэгічныя, — ні палітолягі, ні эканамісты, ні ўладныя вэртыкальшчыкі, ні Ўсход, ні Захад — ніхто ня ведае і ня можа ведаць. Ведае толькі наш першы і, мусіць, апошні прэзыдэнт Аляксандар Рыгоравіч. Ён мудрагеліста сьмяецца ў прыгожыя свае вусы”.

Слухачы дзеляцца навінамі свайго жыцьця:

Спадар: “На вуліцы Карла Лібкнехта, 130 у будынку, дзе заўжды былі разьмешчаныя рытуальныя паслугі, для мясцовага насельніцтва зрабілі Дом культуры. Напэўна, для таго, каб ніхто не забываўся, што ў гэтай краіне можна толькі памерці, а не атрымаць добрую працу, добрыя прадукты, добрую мэдычную дапамогу. Напэўна, улады Маскоўскага раёну адмыслова зрабілі гэта, каб ніхто не забываўся, што яго чакае ў гэтай краіне”.

Тацяна Барэль, Асіповічы: “Відаць, дрэнныя справы ў нас зь бюджэтам, калі вырашана прадаць расейцам чацьвёрты найбуйнейшы ў Асіповічах завод — філіял МАЗу. Наш аўтазавод даў працу астатнім рабочым, якіх выкінулі пасьля продажу трох папярэдніх. Там жа знаходзіла сабе заробак і моладзь. І ніводнага новага месца працы. А мы ўсё трубім пра росквіт рынкавага сацыялізму”.

Наша слухачка цікавіцца:

Ніна Ярмалінская, Салігорск: “Калі гандляры на рынках усталююць электронныя вагі і будуць разьлічвацца з чэкамі за рэалізаваную прадукцыю? Ёсьць шмат выпадкаў падману пакупнікоў”.

Адказвае адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Алесь Макаеў:

“Гандлярам, якія працуюць на рынках у намётах ці ў гандлёвых радах, не патрэбны касавыя апараты. Гэта былі змаганьні прадпрымальнікаў не супраць касавых апаратаў. Былі праблемы ў выкарыстаньні — з электрыкай, акумулятарамі і падзарадкай. На кожным рынку павінны быць кантрольныя вагі. Калі іх няма, трэба падысьці да кантралёра і запытацца. Сапраўды былі выпадкі, калі падманвалі”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG