Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У.Кунцэвіч: “Чаму ў Наваполацку няма вуліцы Дзяржынскага”


Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня Ўладзімер Кунцэвіч расказвае сёньня пра вуліцы роднага Наваполацку.


Я люблю многія гарады. Прычым яны розныя. Люблю Горадню й Віцебск, вельмі падабаюцца Браслаў і Пінск, заўсёды захапляюся Вільняй і люблю бываць у Варшаве. Сапраўды не люблю Маскву.

Але сёньня гаворка пра родны Наваполацак. Некалькі гадоў назад я напісаў шэраг артыкулаў пра яго. Гэты цыкль пачынаўся артыкулам пад назовам “Вуліцы майго дзяцінства”. Пра зьмены, якія адбыліся з вуліцамі на маёй памяці, не зважаючы на іх назвы.

Часам, пераходзячы ад вуліцы да вуліцы, углядаючыся ў надпісы на шыльдах дамоў, можна падумаць, што ты ці ў Разані ці ў Казані. Чаго вартыя толькі такія найменьні: Калініна, Кiрава, Рэпiна, Левiтана, Гайдара, Камсамольская, Дзяржынскага. Такія дзеячы, як Калінін ды Дзяржынскі, ніколі ня мелі дый, дзякаваць Богу, не маглі мець дачыненьня да нашага гораду. Цяжка знайсьці лёгіку ў такіх рашэньнях.

Ня менш безаблічна выглядае яшчэ адна група назваў: Дружбы, Юбілейная, Алімпійская, Сонечная, Радужная Большая, Радужная Малая, Надежды. Такія ж вуліцы можна сустрэць шмат у якіх гарадох былой савецкай імпэрыі.

Назвы гэтыя выдумляліся недзе ў партыйных галовах і, відаць, за межамі Беларусі. Сучасным жа кіраўнікам усё яшчэ не хапае сьмеласьці прывесьці назвы ў адпаведнасьць з рэчаіснасьцю. Многія з гэтых людзей усё яшчэ жывуць савецкімі меркамі і мяркуюць, што патрэбна ўзгадненьне з Масквой. А каб ушанаваць імёны знакамітых беларускіх дзеячаў, дык, відаць, і гаворкі пакуль ня можа быць.

На маёй памяці толькі аднойчы, у 1982 годзе, былі перайменаваныя вуліцы Піянерская ды частка Паркавай — адпаведна ў вуліцы Янкі Купалы ды Якуба Коласа, да 100-гадовага юбілею славутых песьняроў Беларусі. Але зноў жа гэта рашэньні больш высокіх чыноўнікаў.

Праўда, гарадзкі Савет аднойчы стварыў тапанімічную камісію, але ніякага плёну яе праца не дала. У выніку “тытанічнай” дзейнасьці трамвайны прыпынак “Трэцяя школа” быў перайменаваны ва “Ўнівэрсытэт”. Помнік чальцам гэтае камісіі, відаць, не паставяць.

Дарэчы, пра помнікі. За часам згаданага сьвяткаваньня юбілею гораду ў Наваполацку зьявіўся помнік расейскаму паэту Пушкіну. На іншае фантазіі не хапіла.

Вось з чым пашчасьціла Наваполацку, дык гэта з назвай цэнтральнай вуліцы. Гэтая вуліца — больш чым палова гораду. Многім гасьцям гораду з-за спэцыфікі яго разьмяшчэньня ўздоўж ракі Дзьвіны часам здаецца, што яна ў Наваполацку адна. А назва ёй — “Маладзёжная”. Напэўна, спачатку архітэктары не плянавалі ёй такога грандыёзнага памеру і ніхто не дадумаўся даць ёй назву якога бальшавіцкага правадыра.

Між іншым, магу зазначыць, што ў Наваполацку ніколі не было помніка Леніну, вуліцы Леніна, плошчы Леніна. І гэтым я таксама ганаруся.

Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня — майстар, хімік-тэхноляг з наваполацкага акцыянэрнага таварыства “Палімір” Уладзімер Кунцэвіч.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG