Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мільён эўра за мір -- былому фінскаму прэзыдэнту


Нобэлеўскую прэмію міру атрымаў былы фінскі прэзыдэнт Марці Ахцісаары. Апошнія гады ён займаўся Косавам.


Нарвэскі Нобэлеўскі камітэт абвясьціў, што прэмія даецца Ахцісаары "за ягоныя важныя намаганьні ў вырашэньні міжнародных канфліктаў на некалькіх кантынэнтах і цягам больш чым трох дзесяцігодзьдзяў".

Марці Ахцісаары, якому цяпер 71 год, быў прэзыдэнтам Фінляндыі ад 1994 да 2000 году. Але як дыплямат ААН, ён быў вядомы ўжо ў 1970-х гадах сваёй ангажаванасьцю ў справы Намібіі, якая ў той час была пад акупацыяй Паўднёваафрыканскай рэспублікі і дасягнула незалежнасьці толькі ў 1990 годзе. У першым публічным камэнтары пасьля прысуджэньня прэміі Ахцісаары сказаў, што праца для Намібіі была для ягоным „найважнейшым дасягненьнем”.

Акрамя Намібіі, Нобэлеўскі камітэт прыгадаў і іншыя заслугі Ахцісаары, калі абгрунтоўваў прызнаньне прэміі. Старшыня камітэту Оле Данбульт Мюс сказаў::

"У 1989 і 1990 гадах ён адыграў значную ролю ў дасягненьні незалежнасьці Намібіяй. У 2005 годзе ён і ягоная арганізацыя, "Ініцыятыва для рэгуляваньня крызысаў", адыгралі галоўную ролю ў вырашэньні складанага [канфлікту паміж урадам і сэпаратыстамі] ў правінцыі Ачэх у Інданэзіі. У 1999, а потым у 2005 і 2007 гадах, ён імкнуўся ў асабліва цяжкіх абставінах знайсьці разьвязку канфлікту ў Косаве”.

Ахцісаары сказаў сёньня, што 1.4 мільёна даляраў прэміі, якія ён атрымае разам з дыплёмам і залатым мэдалём, дае "шмат магчымасьцяў" для ягонай арганізацыі, "Ініцыятывы для рэгуляваньня крызысаў", якая надалей займаецца пасярэдніцтвам у вырашэньні розных міжнародных пытаньняў.

Згодна з тастамэнтам Альфрэда Нобэля, прэмія міру — адзіная Нобэлеўская прэмія, якую прысуджаюць не ў Стакгольме, а ў Осьлё — сталіцы Нарвэгіі. Прэмію прысуджае камітэт зь пяці асобаў, які фармуецца нарвэскім парлямэнтам.

Нобэль памёр у 1896 годзе, калі Швэцыя і Нарвэгія былі злучаныя гэтак званай пэрсанальнай уніяй пад панаваньнем швэдзкага караля. Замежнай палітыкай гэтай "дваістай дзяржавы" займаўся ў той час швэдзкі ўрад і парлямэнт, а нарвэскі парлямэнт быў адказны адно за ўнутраныя нарвэскія справы.

Шмат хто выказваў здагадку, што Нобэль даў права прысуджаць прэмію міру нарвэскаму парлямэнту, каб у будучыні пазьбегчы міжнароднага ціску на гэты працэс. Маўляў, нарвэскі парлямэнт па вызначэньні ня мог падлягаць такому ціску, бо ня меў ніякага значэньня на міжнароднай арэне.
XS
SM
MD
LG