Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бішкеку адбыўся саміт кіраўнікоў краінаў СНД. У ім узялі ўдзел прэзыдэнты 9 краін Садружнасьці. Азэрбайджан быў прадстаўлены прэм’ерам, Украіна — сакратаром Рады бясьпекі і абароны.

У саміце не ўзяла ўдзелу Грузія, якая выходзіць з СНД. Аляксандар Лукашэнка прыбыў на саміт з малодшым пазашлюбным сынам Мікалаем.

Упершыню ў штогадовым саміце СНД не ўзяла ўдзелу Грузія, якая заявіла пра свой выхад з Садружнасьці ў жніўні гэтага году, адразу пасьля вайсковай агрэсіі Расеі. Учора міністры замежных спраў краін СНД прынялі тэхнічнае рашэньне пра выхад Грузіі з Садружнасьці, які фармальна завершыцца прыблізна праз год. Пры гэтым выканаўчы сакратар СНД Сяргей Лебедзеў выказаў шкадаваньне і зазначыў, што для Грузіі дзьверы назад адчыненыя. Але ўжо цяпер з Грузіі на саміт ніхто не прыехаў.

Пры адсутнасьці прадстаўнікоў Тбілісі было ўхваленае рашэньне аб спыненьні дзейнасьці міратворчых сіл Садружнасьці ў зоне грузіна-абхаскага канфлікту. Прэзыдэнты, якія прысутнічалі на саміце, пасьпяшаліся чарговы раз абвергнуць чуткі пра сьмерць СНД і падкрэсьлілі, што, нягледзячы на выхад Грузіі, Садружнасьць разьвіваецца. Гаворыць гаспадар саміту — прэзыдэнт Кыргызстану Курманбек Бакіеў:

“Я ўпэўнены, што сёньняшняя сустрэча паказала агульнае імкненьне надаць супрацоўніцтву паміж нашымі краінамі больш канкрэтыкі і зацікаўленасьць усіх удзельнікаў Садружнасьці ў далейшым умацаваньні інтэграцыйнага працэсу”.

Усяго кіраўнікі краін СНД разгледзелі каля 20 пытаньняў. У прыватнасьці, дамовіліся супольнымі намаганьнямі пераадольваць наступствы глябальнага фінансавага крызысу. Прэзыдэнт Кыргызстану Курманбек Бакіеў паведаміў, што вырашана стварыць працоўную групу для аналізу сытуацыі ў сусьветнай эканоміцы:

“Маецца на ўвазе фінансавы крызыс, які закрануў усіх, а калі яшчэ каго не закрануў, то напэўна таксама закране”.

У гэтую працоўную групу ўвойдуць міністры фінансаў краін СНД. Першая іх нарада заплянаваная праз 10 дзён у Маскве. А вось стратэгію эканамічнага разьвіцьця краін СНД да 2020 году, якую нефармальна называюць “канстытуцыяй агульных інтарэсаў”, зноў накіравалі на дапрацоўку.

Камэнтуючы рашэньне прэзыдэнтаў краін СНД супольна змагацца з наступствамі фінансавага крызысу, менскі эканаміст Аляксандар Чубрык зазначыў, што гэты крызыс вельмі па-рознаму адбіваецца на краінах СНД, і пры гэтым кожная зь іх заклапочаная перш за ўсё сваімі праблемамі.

“Каб гэта была глыбокая эканамічная і фінансавая інтэграцыя, то маглі б нешта распрацоўваць разам. А тут у кожнага свае інтарэсы, кожны па-рознаму залежыць ад сусьветных рынкаў”.

Аляксандар Лукашэнка сёньня ўзяў удзел у саміце кіраўнікоў дзяржаў яшчэ аднаго постсавецкага аб’яднаньня — ЭўрАзЭС (Эўра-Азіяцкай эканамічнай супольнасьці). Заўтра ў Бішкеку пачынаецца праграма ягонага дзяржаўнага візыту ў Кыргызстан.
XS
SM
MD
LG