Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шклоў: выявіў – значыць дыскрэдытаваў <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


На паседжаньні Шклоўскай выбарчай камісіі дванаццаць яе сяброў назвалі дзеяньні свайго калегі Пятра Мігурскага дыскрэдытуючымі працу камісіі.

28 верасьня, у дзень выбараў у палату прадстаўнікоў, Пётар Мігурскі выявіў тры несапраўдныя выніковыя пратаколы участковых камісіяў. Ад сваёй камісіі ён запатрабаваў ануляваць вынікі выбараў па Шклоўскай выбарчай акрузе. Адпаведную заяву ён накіраваў і ў Цэнтральную выбарчую камісію, а тая пераслала яе на разгляд назад у Шклоў.

Заява й стала нагодай для правядзеньня паседжаньня. На ім прысутнічалі ўсе трынаццаць сяброў камісіі, а таксама старшыні й сакратаркі ўчастковых камісіяй з адкуль былі несапраўдныя пратаколы. Прыйшоў на паседжаньне й былы кандыдат у дэпутаты Рыгор Кастусёў. Прысутнічалі журналісты.

Пётар Мігурскі выявіў тры пратаколы. Два зь вёскі Александрыя — адзін не запоўнены, але падпісаны, другі — запоўнены алоўкам і таксама падпісаны, — і трэці, зь вёскі Бушлякі, таксама не запоўнены, але падпісаны.

На паседжаньні старшыні камісіяў з Аляксандрыі Тацяна Кавалёва і з Бушлякоў Генадзь Шанталосаў выяўленыя Мігурскім пратаколы назвалі чарнавымі, якія нібыта ляжалі паверх сапраўдных, запоўненых паводле заканадаўства.

Выступы калегаў Мігурскага зводзілі да таго, што праблему зь якой ён сутыкнуўся, варта было спачатку абмеркаваць у камісіі, а не кідацца адразу скардзіцца ў Цэнтарвыбаркам.

Пасьля амаль гадзіннага абмеркаваньня старшыня камісіі Людміла Глякава зачытала загадзя падрыхтаваны пратакол. Камісія, гаворыцца ў ім, фактаў скажэньня вынікаў галасаваньня на ўчастку №10 у Аляксандрыі і №20 у Бушляках ня выявіла.

Старшыням жа гэтых камісіяў зробленая заўвага пра недапушчальнасьць захаваньня чарнавых матэрыялаў з сапраўднымі.

Асобным пунктам камісія дала ацэнку дзеяньням заяўніка:

“Адзначыць дзеяньні Пятра Сьцяпанавіча Мігурскага, сябра акруговай выбарчай камісіі, як дыскрэдытуючыя працу акруговай выбарчай камісіі. Адмовіць Пятру Мгурскаму ў задавальненьні яго заявы”, –зачытала Людміла Глякава.

Адразу па сканчэньні паседжаньня Пётар Мігурскі так пракамэнтаваў пастанову сваіх калегаў:

Падача чыстых блянкаў пратаколаў з подпісамі сяброў участковых камісіяў – гэта прэлюдыя да фальшаваньня выбараў
“Па першае ні я дыскрэдытаваў працу камісіі, дыскрэдытавалі яе тыя старшыні й сакратары ўчастковых камісіяў, якія ўчынілі тыя дзеяньні пра якія мы сёньня гаварылі. Падача чыстых блянкаў пратаколаў з подпісамі сяброў участковых камісіяў – гэта прэлюдыя да фальшаваньня выбараў”.

Пракамэнтаваў пастанову камісіі й былы кандыдат у дэпутаты, старшыня рэгіянальнай арганізацыі партыі БНФ Рыгор Кастусёў:

“Камісія не разглядала факт злачынства, а разглядала сябра камісіі, які злавіў злачынцаў за руку ў дзень выбараў. Зразумела Шклоўскі райвыканкам спрабуе прыгожа выйсьці з гэтай сытуацыі. Яны нічога іншага не прыдумалі як проста нібыта разглядзець пэрсанальную справу Мігурскага”.

Выніковы пратакол па галасаваньні у Шклоўскай выбарчай акрузе Пётар Мігурскі так і не падпісаў.

Не падпісаў пратаколу й сябра Магілёўскай Кастрычніцкай камісіі, кіраўнік Партыі Камуністаў Беларускай Валер Беразіенка. У яго шмат прэтэнзіяў да працы камісіі. Пра іх ён паведаміў у скарзе Цэнтарвыбаркаму. Спадар Беразіенка кажа, што ня ведае, ці разглядалі яе.

Паводле праваабаронцаў, на Магілёўшчыне ніводнай скаргі на парушэньні выбарчага заканадаўства падчас галасаваньня не задаволена. Іх, зазначаюць праваабаронцы, было больш за пяцьдзесят.

На фота: Пётар Мігурскі паказвае адзін з выяўленых пратаколаў. Побач Рыгор Кастусёў.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG