Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Занядбаная ды прыцягальная сядзіба Агінскага <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Старыя ліпавыя прысады, якія вядуць да невялікага палацу, так і зіхацяць восеньскімі фарбамі.

Старыя ліпавыя прысады, якія вядуць да невялікага палацу, так і зіхацяць восеньскімі фарбамі.

“Колькі гадоў тут нічога не вядзецца, але гэта кажа не пра тое, што няма грошай — грошы ёсьць. А вось няма ўвагі і жаданьня ў тых, хто вырашае фінансавыя пытаньні”.


Сядзіба аўтара знакамітага палянэзу Міхала Клеафаса Агінскага, што ў вёсцы Залесьсе побач са Смаргоньню, як і шмат якія найкаштоўнейшыя помнікі гісторыі Беларусі, дагэтуль не рэстаўруецца. Людзей, якія наведваюць сядзібу, сустракаюць паўразваленыя будынкі.

Восень тут, напэўна, самая прыгожая пара году. Старыя ліпавыя прысады, якія вядуць да невялікага палацу, так і зіхацяць восеньскімі фарбамі. Першы чалавек, якога сустракаю, спадар Аркадзь, прыбірае лісьце.




Пытаюся: чаму палац такі занядбаны?

Спадар Аркадзь: “Ну як вам патлумачыць лепей? Відаць, усё ж няма добрага гаспадара”.

Мой суразмоўца распавядае пра род Агінскіх, кажа, што вельмі любіць паслухаць музыку Міхала Клеафаса.

Спадар Аркадзь: “А сам палянэз Агінскага калі слухаю, у мяне сьлёзы цякуць. Вось так ён кранае за душу”.

Памятны камень, ўсталяваны Агінскім у гонар паўстанцаў Касьцюшкі з надпісам “CIENIOM KOŚCIUSZKI”.

Па рэштках ангельскага парку іду з супрацоўнікам мясцовага музэю Сяргеем Верамейчыкам. Былы менскі мастак, рэстаўратар, які аднойчы пакінуў сталіцу і прыехаў сюды. Ён аўтар кнігі пра Міхала Агінскага і ягоныя “Паўночныя Афіны” ў Залесьсі.

Спадар Верамейчык прастуджаным голасам расказвае пра ўдзел самога Міхала Клеафаса ва ўзьвядзеньні палацу ды іншых пабудоў. Вось стары млын, які спрабавалі аднавіць паводле малюнкаў сакратара Агінскага, але так і пакінулі.

Сяргей Вермайчык ля старога млыну

Верамейчык: “Малюнак зроблены Леанардам Хоцькам. Агінскі, калі ад’яжджаў у Італію, забраў яго і, напэўна, там разглядаў свае “Паўночныя Афіны”, што некалі стварыў сваімі рукамі”.

Да нас падплылі лебедзі. Напэўна, чакаюць, каб іх пакармілі.

Ля і Мінор

Верамейчык: “Вось бачыце, гэта ў нас пара, яны завуцца Ля і Мінор. Потым нараджаюцца Лямінорчыкі, і потым з гэтых дзяцей нехта знаходзіць пару і прылятае сюды зноў”.

На беразе рэчкі Бабрынкі пастаялі побач з мэмарыяльнымі камянямі настаўніку Жану Ралею, паўстанцам 1794 году з надпісам “Ценям Касьцюшкі”, побач з альтанкай Амеліі — напалову яна ўжо абсыпалася, побач з забітай дошкамі аранжарэяй.

Так выглядае сёньня будынак аранжарэі звонку

…і зь сярэдзіны

Спадар Верамейчык цікава апавядае, як спрабаваў ставіць тут опэру зь мясцовымі школьнікамі, а потым вазіў яе паказваць у Італію і Літву.

А ў мяне зноў тое самае пытаньне: чаму столькі часу палац стаіць неадрэстаўраваны?

Верамейчык: “Усё гэта магчыма зрабіць, калі будзе зьвернута ўвага на асобу Агінскага, а цяпер гэтая асоба ў такім ангельскім тумане. Колькі гадоў тут нічога не вядзецца, але гэта кажа не пра тое, што няма грошай — грошы ёсьць. А вось няма ўвагі і жаданьня ў тых, хто вырашае фінансавыя пытаньні”.

Альтанка Амэліі

Спадар Верамейчык расказвае, што амаль цэлы год сюды прыяжджаюць турысты. Толькі сам ён за лета правёў каля 2 тысяч чалавек. Шмат хто прыяжджае са сваімі экскурсаводамі, іншыя наагул гуляюць самі.

І што вельмі прыкметна, тут часта бываюць і “VIP-пэрсоны”.

Верамейчык: “Нядаўна прыяжджалі французы, кітайцы. Дарэчы, кітайцаў я тут бачыў упершыню. Яны вельмі зацікавіліся. Таксама прыяжджалі з Варшавы, зь Літвы. Быў у нас спадар Чураў, кіраўнік Цэнтравыбаркаму Расеі, а таксама пасол Расеі ў Беларусі”.

Карэспандэнт: “А як вы самі сябе адчуваеце, калі паказваеце людзям вось такі палац такога вядомага чалавека?”

Верамейчык: “Як кажуць: жаль і скруха. Але мая задача, калі я ваджу экскурсіі, каб людзі не заўважалі гэтага, а болей маглі ўявіць тое, што тут было”.

На разьвітаньне спадар Верамейчык заграў мне на флейце ў былой аранжарэі. А я стаяў пасярод залі й спрабаваў уявіць, як тут было 200 гадоў таму, калі ў Агінскіх зьбіраліся госьці.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG