Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прымусовая дактыляскапія: навошта гэта робіцца?


Ці сапраўды “пальчыкі” цікавяць толькі сьледчых у справе выбуху? Як сябе паводзіцца чалавеку, які супроць такой працэдуры?


Ад усіх, каго затрымлівалі ці выклікаюць у міліцыю ў сувязі з выбухам 4 ліпеня на сьвяце незалежнасьці, міліцыя патрабуе здаць адбіткі пальцаў. Гэтага патрабуюць нават ад ваеннаабавязаных у ваенкаматах, прыкладам, як нядаўна ў Белаазёрску. Ці сапраўды “пальчыкі” цікавяць толькі сьледчых у справе выбуху? Як сябе паводзіцца чалавеку, які супроць такой працэдуры?

Міраслаў Лазоўскі
Вечаровы ператрус у хаце, затрыманьне, прывоз у ізалятар, перад допытам здача адбіткаў пальцаў — былы актывіст “Белага легіёну” Міраслаў Лазоўскі зьведаў гэта ўсё адным зь першых, ужо на наступны дзень пасьля выбуху на праспэкце Пераможцаў у Менску. Цікава, што адбіткі пальцаў у Міраслава ўжо бралі раней, падчас затрыманьняў за ўдзел у апазыцыйных акцыях. Але і гэтым разам не паленаваліся. Відаць, быў загад на “пагалоўную дактыляскапізацыю”, — жартуе спадар Лазоўскі.

“Ня тое што сьледчыя імітуюць дзеяньні, але больш нічога яны ня могуць. На маю думку, вінаватыя знаходзяцца за межамі краіны, і таму сьледчыя нібыта шукаюць. Які будзе вынік? Пабачым”.

Узялі ў Міраслава Лазоўскага і аналіз сьліны: прымусілі пажаваць і выплюнуць кавалак бінту. Гэты аналіз таксама нібыта патрэбны, каб знайсьці таго, хто піў з пачка соку “Садочак”, у які была закладзеная выбухоўка з гайкамі.

З таго часу мінула ўжо болей за тры месяцы. Які вынік?

Зь недзяржаўных мэдый вядома пра сотні затрыманых і адпушчаных актывістаў апазыцыі, ніяк не датычных да выбуху. Афіцыйныя крыніцы колькасьць дапытаных не называюць, а рэальны падазроны, якому хутка могуць выставіць абвінавачаньне, нібыта адзін. Яшчэ вядома пра крымінальную справу пра няўплату падаткаў, якую завялі на супрацоўнікаў той фірмы, што гандлявала ў Беларусі ўкраінскім сокам “Садочак”. І наступны ўскосны вынік — сотні адбіткаў пальцаў у міліцэйскую картатэку, якая фармальна стваралася для пошуку крымінальнікаў.

Андрэй Бастунец
Праўда, некаторым апазыцыянэрам удалося зьберагчы свае “пальчыкі”. Намесьніка старшыні грамадзкай арганізацыі “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Андрэя Бастунца выклікалі на размову ў міліцыю ў верасьні. Размаўляць грамадзкі актывіст пагадзіўся, а здаваць адбіткі пальцаў — катэгарычна адмовіўся. Андрэй — прафэсійны юрыст, таму адразу спаслаўся на адпаведны закон, які рэглямэнтуе гэтую працэдуру. Пытаюся, навошта міліцыянтам былі патрэбны яго адбіткі?

“Сьмешны сам архаічны мэтад зьбіраньня гэтых адбіткаў пальцаў, калі замест сканаваньня робяцца адкаткі на паперу, што сама менш удвая павялічвае час, патрэбны на параўноўваньне адбіткаў зь іншымі. Мяркую, у першую чаргу гэта імітацыя дзейнасьці, а ў другую — магчымасьці папоўніць нейкі банк дадзеных. Ня буду казаць, што на ўсё мужчынскае насельніцтва, але на тую яго частку, якая, магчыма, зьвязаная з дэмакратычнымі коламі”.

Людміла Гразнова
Паводле дэмакратычных актывістаў, зборам іх “пальчыкаў” спэцслужбы займаліся і раней: пасьля кожнага арышту “пракатка” чорнай фарбай па далоні абавязковая. Паказальна, што некаторыя сумленныя людзі ў міліцэйскіх пагонах пры гэтым адчувалі сорам. Згадвае былая дэпутатка Людміла Гразнова.

“Яны гэта рабілі, усяляк паказваючы, што яны гэта павінны рабіць, што не па сваёй волі. Быццам выбачаліся. І я гэта разумела. Я не крычала, не шакавала іх нікога. Быццам дапамагала, каб ім было таксама менш маральных страт”.

Ад фарбы хацелася адмыцца як мага хутчэй, і яшчэ некалькі дзён прыгожай інтэлігентнай жанчыне ўласныя далоні здаваліся шэрымі.

Ці маюць права міліцыянты патрабаваць адбіткі пальцаў у людзей, крымінальная віна якіх не даказаная? Былы сьледчы пракуратуры, цяпер праваабаронца Алег Волчак кажа: законнай гэтая працэдура можа быць толькі пры пэўных абставінах.

Алег Волчак
“Проста людзі ў нас юрыдычна непісьменныя. Я сваім кліентам кажу, калі яны да мяне зьвяртаюцца: першае — вы павінны даваць паказаньні толькі чальцу сьледчай групы. Калі міліцыянт не ўваходзіць у сьледчую групу, вы можаце сказаць яму “да пабачэньня” і пайсьці. Другое: сьледчы павінен вам патлумачыць закон адносна здачы адбіткаў пальцаў. Што гэта толькі добраахвотная працэдура, калі вам ня выстаўлена абвінавачаньне. А калі вы адмовіцеся, за гэта не прадугледжана ані крымінальная, ані адміністрацыйная адказнасьць”.

Паводле Алега Волчака, улада прымушае міліцыю зьбіраць адбіткі пальцаў у справе пра выбух найперш дзеля таго, каб стварыць юрыдычныя ўмовы для далейшай “распрацоўкі” дэмакратычных актывістаў. У тым ліку для пошуку адносна іх кампрамэтацыйных зьвестак.

“Чалавек спачатку фігуруе ў адной экспэртызе — адносна адбіткаў пальцаў. Потым сьледчы можа ў нечым засумнявацца і даць даручэньне праверыць ягоныя фінансавыя справы, як ён працаваў, дзе знаходзіўся і гэтак далей. А гэта ўжо апэратыўныя дзеяньні. Вось у чым я бачу небясьпеку дачыннасьці да гэтай справы”.

Паводле Алега Волчака, калі б улады сапраўды шукалі вінаватага ў выбуху, а не займаліся назапашваньнем інфармацыі пра актывістаў, яны б перакваліфікавалі справу пра выбух з хуліганства на тэракт і перадалі яе ў пракуратуру. “Міліцыя, са свайго боку, зацікаўленая ў такім гучным і бясконцым расьсьледаваньні, бо лішні раз можна і наверсе дэманстраваць сваю адданасьць і людзям зноў казаць, што нібыта яна дбае пра іх бясьпеку”, — кажа Алег Волчак.

У прэсавай службе МУС дзеяньні сьледчых у справе выбуху не камэнтуюць, надалей спасылаючыся на “таямніцу сьледзтва”.

Былы палітвязень Сяргей Парсюкевіч да таго як стаць прадпрымальнікам і заняцца грамадзкай дзейнасьцю працаваў у аддзеле экспэртызы раённай управы міліцыі Віцебску. Прашу яго выказаць меркаваньне адносна колькасьці адбіткаў пальцаў у міліцэйскім банку дадзеных краіны.

Сяргей Парсюкевіч
“У нас адбіткаў пальцаў вельмі шмат. Усе, хто праходзіў па крымінальных і нават адміністрацыйных справах, — усе там ёсьць. Магчыма, не мільён, але тысяч 200—300 адбіткаў ёсьць у гэтай аўтаматызаванай сыстэме. Калісьці, у 1995 годзе, калі я прыйшоў у міліцыю, сам працаваў над такой сыстэмай. Збольшага гэта штука добрая, калі гаворка пра пошук злачынцаў. Калі адбітак на пачку соку добры і гэты чалавек патрапіць у сыстэму, то яны яго знойдуць”.

Паводле Сяргея Парсюкевіча, шмат у якіх управах міліцыі ствараюць і свае, раённыя банкі дадзеных на людзей.

На пачатку кастрычніка ў Белаазёрску ад актывіста руху “За свабоду” Зьмітра Трацяка міліцыянты патрабавалі здаць адбіткі пальцаў нават у ваенкамаце.
Юрась Губарэвіч
Былы дэпутат Белаазёрскага гарсавету Юрась Губарэвіч мае пэўнае меркаваньне адносна таго, навошта раённым управам міліцыі свае картатэкі з адбіткамі пальцаў.

“Прынамсі, для выяўленьня асобаў, якія займаюцца дзейнасьцю, дзе можна пакінуць адбіткі пальцаў. Друкаванай прадукцыяй ці тымі ж налепкамі. З дапамогай такой картатэкі іх можна будзе знайсьці вельмі хутка. Дарэчы, нездарма адносна выбуху ня надта турбуюць апазыцыйных лідэраў, людзей з імёнамі, а больш шараговых актывістаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG