Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Артур Фінькевіч пакінуў “Малады фронт”


Артур Фінькевіч

Артур Фінькевіч

Артур Фінькевіч, якога некалькі дзён таму зьнялі з пасады намесьніка старшыні “Маладога фронту”, заявіў, што спыняе сваё сяброўства ў арганізацыі, каб захаваць яе.


Два дні таму мы паведамлялі пра канфлікт у незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”. Актывісты фронту — былыя палітвязьні Зьміцер Дашкевіч і Артур Фінькевіч — абмяняліся ўзаемнымі абвінавачаньнямі. Артур Фінькевіч, якога некалькі дзён таму зьнялі з пасады намесьніка старшыні “Маладога фронту”, заявіў, што спыняе сваё сяброўства ў арганізацыі, каб захаваць яе.

Артур Фінькевіч лічыць, што трэба спыніць шум, узьняты ў прэсе вакол “Маладога фронту”. Каб вычарпаць канфлікт, Артур вырашыў падаць заяву аб выхадзе з арганізацыі.

“Я быў супраць таго, каб выносіць сьмецьце з хаты. Але атрымалася так, што не з майго боку пайшла інфармацыя. У дадзенай сытуацыі самым моцным і правільным крокам з майго боку будзе напісаньне заявы аб выхадзе з “Маладога фронту”.

Так. Для мяне гэтая арганізацыя ёсьць сьвятыняй, гэта тая арганізацыя, дзеля якой я працаваў цягам апошніх сямі гадоў. Гэта насамрэч для мяне вельмі шмат значыць… Але, лічу, што гэты крок дазволіць “Маладому фронту” захавацца”.

Зьміцер Дашкевіч
Старшыня “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч паведаміў “Свабодзе”:

“Я перакананы, што канфлікт у нашай арганізацыі вычарпаны. Артур накіраваны на стварэньне нейкай іншай ініцыятывы, арганізацыі, руху… Мы жадаем яму посьпехаў у гэтай працы. Рашэньні, прынятыя соймам “Маладога фронту”, ёсьць законнымі, адпавядаюць статуту нашай арганізацыі і будуць зацьверджаныя на найбліжэйшым зьезьдзе”.

Мікола Статкевіч
“Малады фронт” — партнэр “Эўрапейскай кааліцыі”. Каардынатар кааліцыі Мікола Статкевіч прыгадаў, як у сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная Грамада”, якую ён узначальваў, адбыўся раскол. Ён лічыць, што калі б “Малады фронт” быў зарэгістраванай арганізацыяй, то цяперашні крызіс мог бы мець і цяжэйшыя наступствы.

“Тут, так бы мовіць, не было шчасьця дык няшчасьце дапамагло. Калі б “Малады фронт” быў зарэгістраванай арганізацыяй, сытуацыя для яго магла б стаць больш небясьпечнай. Напрыклад, на пачатку 2005 году я, законна абраны і пераабраны зьездам старшыня БСДП “Народная грамада”, атрымаў ліст зь Мінюсту аб тым, што я не зьяўляюся старшынём партыі.

“Малады фронт” незарэгістраваная арганізацыя і, хаця гэта небясьпечна і замінае, але гэта не дае магчымасьці ўладам наўпрост умяшацца ў вырашэньне кадравых пытаньняў унутры “Маладога фронту”.

Зьезд “Маладога фронту” адбудзецца пры канцы кастрычніка. Ранейшыя спробы правесьці зьезд, каб у ім удзельнічалі дэлегаты ад усіх рэгіянальных структураў, сканчаліся масавымі затрыманьнямі. Спэцназаўцы адвозілі маладафронтаўцаў у міліцыю й там па некалькі гадзін высьвятлялі іхныя асобы, а на некаторых складалі пратаколы.

У 2007 годзе падчас зьезду “Маладога фронту” былі затрыманыя 47 актывістаў. Супраць пяцёх распачалі крымінальныя справы за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG