Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ігар Банцар: “Мы гатовыя да перамоваў з уладамі”. Юзаф Лучнік: “Я не лічу, што ёсьць другі Саюз”


У Беларусі існуюць два Саюзы палякаў. Першы, на чале з Анжалікай Борыс, улады не прызнаюць; другі, створаны па іхнім патрабаваньні, узначальвае Юзаф Лучнік. Польшча падтрымлівае толькі арганізацыю спадарыні Борыс. Нядаўна польскія дыпляматы заахвочвалі яе паплечнікаў пайсьці на перамовы зь беларускімі ўладамі, каб разьвязаць крызісную сытуацыю, якая цягнецца тры з паловай гады. Борыс і яе людзі пасьля спрэчак згадзіліся на перамовы, але не жадаюць аб’ядноўвацца з саюзам Юзафа Лучніка.

Якое сёньня становішча Саюзу палякаў, не прызнаванага беларускімі ўладамі? Пасьля ўчорашняй размовы з прэзыдэнтам Польшчы Лехам Качынскім старшыня арганізацыі Анжаліка Борыс зьехала ў адпачынак, паведаміў прэсавы сакратар СПБ Ігар Банцар. Ён падкрэсьлівае, што падтрымка з боку прэзыдэнта Польшчы вельмі важная. Саюз палякаў на чале з Борыс па-ранейшаму ў напаўлегальным стане, ня мае рэгістрацыі. Ігар Банцар кажа:

Ігар Банцар
“Некалькі тыдняў таму адбылася Рада СПБ і была прынята такая фармулёўка, што мы гатовыя да перамоваў з уладамі. Застаецца толькі чакаць, што беларускі бок, можа, пачне перамовы на нейкім узроўні. Анжаліка Борыс яшчэ раз на сустрэчы зь Лехам Качынскім падкрэсьліла: мы адкрытыя на ўсе прапановы ўладаў, мы хочам, каб сытуацыя ў Беларусі зьмянялася ў лепшы бок. Усё ж такі сытуацыю ў Саюзе палякаў трэба разглядаць у кантэксьце шырэйшым — таго, што адбываецца ў Беларусі цяпер, у кантэксьце зьменаў, якія павінны быць пазытыўнымі і пайсьці на карысьць ня толькі Саюзу палякаў, але й усяму беларускаму грамадзтву”.

Аднак Ігар Банцар падкрэсьлівае: яны чакалі, што ім могуць патэлефанаваць, напрыклад, з камітэту па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў і запрасіць да сябе паразмаўляць. Аднак такіх званкоў няма. Значыцца, самі ўлады ня вельмі імкнуцца да перамоваў, зазначае Ігар Банцар.

Прэзыдэнт Лех Качынскі сказаў на сустрэчы з Анжалікай Борыс, што аб’яднаньне яе арганізацыі з кантраляваным уладамі саюзам Лучніка недапушчальнае. Вось што думае наконт гэтага сам спадар Лучнік:

“Нашая арганізацыя зарэгістраваная ў дзяржаве Рэспубліка Беларусь. Іншыя дзяржавы — незалежна ад таго, гэта Польшча ці, дапусьцім, Марока — яны неправамоцныя прызнаваць арганізацыю грамадзкую ці не прызнаваць, хай гэта будзе Качынскі ці нехта іншы”.

Юзаф Лучнік
А як ставіцца Юзаф Лучнік да існаваньня Саюзу палякаў на чале з Анжалікай Борыс?

Лучнік: “Я не лічу, што ёсьць другі Саюз, бо існуе рэгістрацыя толькі аднаго Саюзу, у нас ёсьць пасьведчаньне аб рэгістрацыі арганізацыі. Борыс была выключана з гэтай арганізацыі яшчэ да выбараў, на якіх быў абраны я. Не магу весьці размовы пра нейкае аб’яднаньне з арганізацыяй, якая не зарэгістравана міністэрствам юстыцыі Беларусі”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG