Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня Эўрапарлямэнт ухваліў рэзалюцыю па Беларусі. У ёй прапануецца прыпыніць візавыя санкцыі Эўразьвязу супраць некаторых беларускіх чыноўнікаў на паўгоду.


Рэзалюцыю ўхваліла абсалютная бальшыня парлямэнтароў. У ёй выказваецца “глыбокае расчараваньне” тым, што ў Беларусі не адбылося дэмакратычных зьменаў. І нягледзячы на невялікія паляпшэньні, выбары не адпавядалі стандартам АБСЭ. Эўрапарлямэнтары заклікалі спрасьціць працэдуру атрыманьня эўрапейскіх візаў для грамадзян Беларусі. Таксама прапануецца прыпыніць візавыя санкцыі супраць некаторых беларускіх чыноўнікаў на паўгода. За гэты час беларускія ўлады павінны перагледзець дыскрымінацыйны закон аб СМІ. Прыпыненьне санкцый, аднак, не павінна тычыцца асобаў, якія ўдзельнічалі ў парушэньнях дэмакратычных выбарчых стандартаў і правоў чалавека. На пытаньне, ці адмененыя санкцыі супраць кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі, эўрапарлямэнтар Юстас Палецкіс заявіў:

Юстас Палецкіс
“Ведаеце, гэта робіць не парлямэнт. На наступным тыдні 13-га будзе эўрапейская рада, дзе сустрэнуцца міністры замежных спраў 27 краінаў. Туды запрошаны і спадар Мартынаў. І там можа быць рашэньне. Парлямэнт дае толькі рэкамэндацыі. Так што давядзецца пачакаць. Парлямэнт рэкамэндуе праявіць гнуткасьць у гэтым пытаньні. І шукаць шляхоў, якія дазволілі б ісьці наперад у паляпшэньні дачыненьняў паміж Эўразьвязам і Беларусьсю”.

Спадар Палецкіс не выключае, што вырашэньне гэтага пытаньня будзе зьвязана з пэўнымі ўмовамі, якія будуць выстаўленыя беларускаму боку. Адносна рэзалюцыі Эўрапарлямэнту Юстас Палецкіс заявіў:

“Хаця там нямала крытыкі на адрас беларускіх уладаў і нямала прэтэнзій, але ўсё ж дзьверы для разьвіцьця стасункаў адчынены. І найперш, каб аблягчыць беларускім грамадзянам, моладзі, студэнтам, прадпрымальнікам, навуковым работнікам і так далей візавы рэжым і стварыць умовы для кантактаў. Гэты заклік ясна адчуваецца. Ня трэба бразгаць дзьвярыма перад грамадзянамі Беларусі. І вельмі выразны заклік зьнізіць фінансавыя бар’еры для атрыманьня візаў”.

Віктар Карняенка
Намесьнік старшыні руху “За свабоду” Віктар Карняенка, які таксама браў удзел у пасяджэньні Эўрапарлямэнту, заявіў, што рэзалюцыя збалянсаваная і аб’ектыўная. Адносна візавых санкцый супраць шэрагу беларускіх чыноўнікаў уключна з Аляксандрам Лукашэнкам спадар Карняенка заявіў:

“Наша прапанова такая: гэтыя абмежаваньні ня могуць быць скасаваныя для тых, хто браў непасрэдны ўдзел у фальшаваньні выбараў, хто мае непасрэднае дачыненьне да парушэньня правоў чалавека. І ў месячны тэрмін прапанаваць Лукашэнку зрабіць пэўныя захады ў бок дэмакратызацыі. І калі празь месяц гэтае становішча будзе палепшана, то тады і трэба разглядаць гэты сьпіс з удзелам, так бы мовіць, і самога Лукашэнкі”.

Павал Севярынец, які таксама знаходзіўся ў Брусэлі, адзначыў, што ў рэзалюцыі Эўрапарлямэнту сфармуляваная пазыцыя Эўропы. Але цяпер усё залежыць ад таго, наколькі эфэктыўна і настойліва эўрапейцы будуць дамагацца яе выкананьня.

“Усё залежыць ад выканаўчых органаў, Эўракамісіі, ад сустрэчы міністраў замежных спраў ЭЗ у панядзелак. Безумоўна, калі будзе моцная палітычная воля з боку Эўропы, то прагрэс у стасунках зь Беларусьсю будзе дасягнуты”.

Адносна прыпыненьня візавых санкцый супраць некаторых беларускіх чыноўнікаў спадар Севярынец сказаў:

“Лепей за ўсё дачакацца нейкіх канкрэтных крокаў з боку рэжыму, а потым здымаць нейкія абмежаваньні. Давайце спачатку спынім рэпрэсіі ў поўным аб’ёме, а пасьля гэтага — калі ласка!”

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG