Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бюджэт “зьвярсталі” насуперак эканамічнай тэорыі


Палата прадстаўнікоў прыняла ў другім і апошнім чытаньні бюджэт краіны на 2009 год. Ён зацьверджаны з дэфіцытам амаль тры трыльёны рублёў.


Дэпутаты прынялі да ведама, што ўрад спадзяецца ў наступным годзе купляць расейскі газ па цане 140 даляраў за адну тысячу кубамэтраў.

Кандыдат эканамічных навук Леанід Злотнікаў лічыць: пасьля апошняга візыту Ўладзімера Пуціна ў Менск выглядае, што найхутчэй газ будзе каштаваць у межах 200—250 даляраў за тысячу кубамэтраў:

Злотнікаў : “Гэта азначае, што бюджэт трэба будзе скараціць на 3,7 трыльёна рублёў. Менавіта на такую велічыню зьменшыцца валавы ўнутраны прадукт краіны. А вось на каго гэты дэфіцыт ляжа, сказаць зараз складана. Ці пацерпяць ад гэтага бюджэтнікі? Ці дзяржава будзе менш траціць на армію альбо на будаўніцтва нейкіх вялікіх аб’ектаў? Ці за гэта заплаціць насельніцтва? Зараз цяжка сказаць, на каго будзе перакладзена гэта ноша”.

А ці закране Беларусь усясьветны фінансавы крызыс і ці ня трэба закласьці нейкае страхаваньне ад рызыкі ў бюджэт? На гэтае пытаньне “Свабоды” намесьніца старшыні камісіі бюджэту, фінансаў і падатковай палітыкі ў Палаце прадстаўнікоў Сьвятлана Гіль адказвае так:

“У нас іншыя складнікі нашых трывог — гэта цана газу, цана нафты. Я думаю, што вельмі правільны адказ на гэтае пытаньне даў наш прэзыдэнт. Ён казаў, што ёсьць агульнапрынятыя моманты, якія вымушаюць баяцца такога крызысу. Гэта той жа фондавы рынак, свабодны продаж акцыяў, якія купляюцца і прадаюцца штодзень. Але мы пакуль убаку ад гэтых праблемаў.

Хаця пэўным чынам крызыс і нас закрануў. Тыя, хто зьбіраў эўра, цяпер, мабыць, чэшуць патыліцу. Курс сёньня 2800, а зусім нядаўна быў за 3000. Таму такія ўзрушэньні могуць быць. Але ў цэлым на сытуацыю ў нашай рэспубліцы гэта не паўплывае пакуль яшчэ ў той ступені, як уплывае, можа, на іншых”.

Леанід Злотнікаў згадвае: эканамічная тэорыя вучыць — у крызысных сытуацыях краіны з моцнай эканомікай складаюць бюджэт з прафіцытам, то бок прыбыткі ў ім большыя за выдаткі:

“Калі тэмпы эканамічнага росту высокія, як гэта афіцыйна абвяшчаецца ў Беларусі, то ў гэты час урад павінны забясьпечыць прафіцыт бюджэту. Гэта азначае, што ён мусіць, так бы мовіць, набраць тлушч, каб, калі наступяць цяжкія гадзіны, яго можна было б пусьціць на справу.

Але, можа, гэты рост нейкі штучны? І ён трымаецца за кошт грошай, якія пазычаюцца за мяжой, альбо за кошт танных расейскіх газу і нафты?”

Спадар Злотнікаў прагназуе, што замежныя крэдыты для Беларусі, прынамсі расейскія, вельмі хутка стануць больш дарагімі. А міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі зьвяртае ўвагу на тое, што беларускі экспарт у Расею можа ў самы бліжэйшы час моцна зьменшыцца. У нашых усходніх суседзяў зьявіліся цяжкасьці са свабоднымі грашыма, канстатуе спадар Якаўлеўскі:

“Зьявілася інфармацыя (і для Расеі яна жудасная) пра тое, што капіталізацыя “Газпрому” абвалілася аж на 25%. А “Газпром” — гэта ж хрыбет расейскай эканомікі. І калі казаць пра экспарт-імпарт, гэта ўсё адгалоскі гэтага. Вельмі сумныя тут пэрспэктывы. Вельмі сумныя”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG