Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скаргу Э.Зэльцэра разгледзяць 31-га кастрычніка


Пра гэта паведамілі ў Вярхоўным судзе, куды амэрыканскі грамадзянін, асуджаны на 3 гады зьняволеньня за камэрцыйны шпіянаж, зьвярнуўся з касацыйнай скаргай.


Гэта будзе другая спроба разгледзіць скаргу Э.Зэльцэра ў Вярхоўным судзе Беларусі. Першы раз разгляд плянаваўся на 26-е верасьня, але быў адкладзены. “Прычына ў неабходнасьці запатрабаваць пэўныя дакумэнты”, -- патлумачылі тады ў прэсавай службе суду. Назіральнікі не выключалі, што адтэрміноўка была зьвязана і з выбарамі, якія праходзілі 28-га верасьня.

Нагадаем, адвакат з ЗША Эмануіл Зэльцэр разам з сакратаркай Уладленай Функ быў затрыманы 2-га сакавіка ў менскім аэрапорце. Паводле зьвестак, яны прыляцелі ў Менск ў справе спадчыны заўчасна памерлага ў Лёндане грузынскага алігарха Бадры Патаркацышвілі. Вядома, што на частку гэтай спадчыны прэтэндуе расейскі ўцякач, міліярдэр Барыс Беразоўскі. Сваякі Э. Зэльцэра заяўляюць, што гэта ён спрычыніўся да арышту і суду над адвакатам і яго сакратаркай. Барыс Беразоўскі называе Эмануіла Зэльцэра “махляром” і не камэнтуе зьвесткі пра тое, што ён нібыта тройчы за апошні час прылятаў у Менск.

Уладлена Функ была асуджаная на год калёніі. Яе скаргу таксама разгледзіць Вярхоўны суд.

Разгляд скаргі пройдзе за зачыненымі дзьвярыма.


XS
SM
MD
LG