Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Мілінкевіч і А.Казулін правялі супольную прэсавую канфэрэнцыю ў Эўрапарлямэнце.


Ва ўступным слове старшыня камітэту па зьнешняй палітыцы Эўрапарлямэнту Яцэк Сарыюш-Вольскі адзначыў, што хоць Беларусі нестае якасных пазытыўных зрухаў у бок дэмакратызацыі, Эўразьвяз разглядае пытаньне аб магчымасьці скасаваньня некаторых санкцый, якія дзейнічаюць супраць пэўных прадстаўнікоў афіцыйных уладаў, і адначасова хоча падтрымаць разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі, паведамляе прэсавая служба брусэльскага “Офісу за дэмакратычную Беларусь”.

Паводле словаў Яцэка Сарыюша-Вольскага, прысутнасьць у Брусэлі прадстаўнікоў дэмакратычных сіл даводзіць, што Эўропа ня здрадзіла ідэалам дэмакратыі на карысьць прагматызму.

Аляксандар Мілінкевіч адзначыў, што Беларусь, як і іншыя краіны, сутыкнулася зь фінансавым крызісам, які можа мець вельмі цяжкія наступствы для яе нерэфармаванай эканомікі. Ён адзначыў, што субсыдыяваньне беларускай эканамічнай мадэлі з боку Расеі скарачаецца, але адначасова расьце і фінансавая залежнасьць ад Масквы праз запазычанасьць па мільярдных крэдытах, якія пакрываюць рост коштаў энэрганосьбітаў.

Адзіны выхад спадар Мілінкевіч бачыць у правядзеньні рэформаў, і таму для яго “няма альтэрнатывы дыялёгу”, пад якім ён разумее ўсталяваньне паўнавартасных стасункаў з Эўразьвязам. Аднак, на ягоную думку, гэты дыялёг павінен весьціся пакрокава з паралельнай паступовай дэмакратызацыяй Беларусі. Ён заўважыў таксама, што праэўрапейскія настроі ў Беларусі растуць, і каля паловы насельніцтва лічыць ідэю супрацоўніцтва з ЭЗ слушнай.

Адказваючы на пытаньне журналістаў пра тое, як ён ставіцца да запрашэньня міністра замежных спраў Беларусі Сяргея Мартынава на сустрэчу ў Люксэмбург, спадар Мілінкевіч адзначыў, што ня бачыць у гэтым ніякай праблемы і што такі крок з боку Эўразьвязу сьведчыць, што Эўропа ставіцца да дыялёгу сур’ёзна. Ён таксама зазначыў, што дзейнасьць санкцый трэба толькі прыпыніць, каб улады разумелі, што ў выпадку новых парушэньняў яны могуць аднавіцца.

Аляксандар Казулін пагадзіўся зь Мілінкевічам у тым, што дыялёг паміж Менскам і Эўразьвязам сапраўды неабходны, але ў ім павінны ўдзельнічаць і беларускія дэмакратычныя сілы ў якасьці суб’екта.

Ён адзначыў, што ў праекце рэзалюцыі, якую сёньня мае разгледзець Эўрапарлямэнт, пазначаныя асноўныя моманты па праблемах беларускага грамадзтва.

Кажучы пра вызваленьне палітычных вязьняў як пра адзіную рэальную саступку рэжыму, спадар Казулін адзначыў тым ня менш, што крыніца праблемы — замацаваны заканадаўча перасьлед за палітычную дзейнасьць — не ліквідавана, а гэта стварае магчымасьць працягваць рэпрэсіі ў будучым. Спадар Казулін таксама ўзьняў пытаньне зьніжэньня кошту шэнгенскіх віз для беларускіх грамадзян і спрашчэньня працэдуры іх атрыманьня. Ён верыць, што такі крок паскорыць дэмакратызацыю краіны.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG