Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня лідэры руху “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” пачынаюць сустрэчы з актывістамі рэгіянальных структур у Беларусі.


У парадку дня – вынікі выбараў, прыняцьцё закону аб прадпрымальніцтве, а таксама ўдзел у грамадзка-палітычных акцыях. Падрабязнасьці падае Галіна Абакунчык.

Прыняцьцё закону аб прадпрымальніцтве – задача, якую бізнэсоўцы намерваюцца вырашаць усімі сродкамі: ад перамоў з уладамі, да вулічных акцыяў пратэсту. Вось як гэтую рашучасьць тлумачыць адзін з актывістаў прадпрымальніцкага руху Аляксандр Цацура:

Ідзе прамое зьнішчэньне прадпрымальніцтва.
“Ідзе прамое зьнішчэньне прадпрымальніцтва. Закону няма, закон падмяняецца ўказамі і дэкрэтамі, якія парушаюць Канстытуцыю і правы чалавека. А ўсё павінна быць паводле закону”.

Аляксандр Цацура быў кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў на адной з гарадзкіх акругаў у Салігорску. Тэма мінулай выбарчай кампаніі, яе вынік, а таксама кансалідацыя прадпрымальнікаў на шляху абароны сваіх правоў – яшчэ адна тэма і мэта сустрэч у рэгіёнах, кажа лідэр руху “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва”, барысаўчанін Віктар Гарбачоў:

“Цягам выбарчай кампаніі ў нас зьявілася шмат актыўных людзей, якія жадаюць з намі супрацоўнічаць. Гэта Пінск, Берасьце, шмат малых гарадоў у розных абласьцях. І мэта сустрэч нашых – гэта пашырыць рэгіянальныя структуры і знайсьці новых лідэраў у рэгіёнах, якія гатовыя абараняць правы прадпрымальнікаў”.

Акрамя таго, бізнэсоўцы рашучыя больш актыўна далучацца за грамадзка-палітычных працэсаў, якія адбываюцца ў краіне, кажа яшчэ адзін зь лідэраў руху ў Менску Аляксандр Таўстыка:

Мы павінны памятаць, што ёсьць у нас, у Беларусі, яшчэ і Курапаты
“Канечне, найперш мы аналізуем сваю дзейнасьць і яшчэ раз пацьвярджаем, што ўмовы для вядзеньня малога і сярэдняга і прадпрымальніцкага бізнэсу ў Беларусі былі вельмі дрэнныя і складаныя. Але мы яшчэ павінны несьці і грамадзкую думку ў сваіх шэрагах. Да прыкладу, мы сустракаліся зь людзьмі і абмяркоўвалі, як нам паўдзельнічаць у акцыі “Дзяды”. Мы павінныя кансалідавацца з грамадзянамі, памятаць, што ёсьць у нас, у Беларусі, яшчэ і Курапаты, што ёсьць нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг, што ёсьць “Пагоня”. Спадзяюся, што і ў Курапатах будзе большы ўдзел прадпрымальнікаў адносна мінулых гадоў”.

Гаварыў адзін зь лідэраў руху ў Менску Аляксандр Таўстыка. Нагадаю слухачам, што ў сьнежні мінулага году і ў студзені сёлета прадпрымальнікі краіны правялі масавыя страйкі і мітынгі, у выніку якіх многія бізнэсоўцы былі пакараныя штрафамі і адміністрацыйнымі арыштамі, а прадпрымальнік Сяргей Парсюкевіч і яшчэ 14 актывістаў былі асуджаныя паводле крымінальных арктыкулаў.
XS
SM
MD
LG