Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня Палата прадстаўнікоў разгледзіць у другім чытаньні праект бюджэту краіны на 2009 год.

Ці ўвязваецца галоўны фінансавы дакумэнт краіны з усясьветным фінансавым крызісам. Золатавалютныя запасы Беларусі, разьлічаныя паводле стандартаў Міжнароднага валютнага фонду, толькі за верасень скараціліся на 460 мільёнаў даляраў. Гэта — дзясятая частка ўсяго рэзэрву краіны.

На падрыхтоўку да другога чытаньня ў дэпутатаў быў роўна тыдзень. За гэты час усясьветны фінансавы крызіс выявіў сябе значна выразьней.Таму можна спадзявацца, што сёньня дэпутаты будуць задаваць пытаньні міністру фінансаў Андрэю Харкаўцу. Бо калі ў мінулы чацьвер міністар прадстаўляў праект бюджэту, ніводнага пытаньня з Авальнай залі да яго не прагучала. Магчыма, таму, што і сам міністар казаў толькі пра ранейшыя падыходы:

“’Характар і склад прыбыткаў у бюджэце 2009 году ў цэлым не зьмяніўся параўнальна з гэтым годам. Найбольшую ўдзельную вагу тут традыцыйна маюць такія крыніцы, як падатак на дададзеную вартасьць (каля 20%), прыбытак ад зьнешнеэканамічнай дзейнасьці (17%), падатак на даходы і прыбытак —10%...”

Кіраўнік аналітычнага фонду Мізэса Яраслаў Раманчук лічыць: пры складаньні бюджэту абавязкова трэба ўлічваць працэсы, якія ахапілі фінансавыя інстытуты ва ўсім сьвеце.

як можна разьлічваць бюджэт, калі дагэтуль невядомая цана на газ?
“Той рэжым разгляданьня законапраекту аб бюджэце, які дэманструюць урад і адміністрацыя прэзыдэнта, сьведчаць пра тое, што яны як бы ізаляваныя ад сьвету. Яны лічаць, што Беларусь гэты крызіс ніяк не закране.

І па-другое, як можна разьлічваць бюджэт, калі дагэтуль невядомая цана на газ? І таму гэты бюджэт — гэта працяг трэндаў, і ён ніяк не закранае нацыянальных стратэгічных інтарэсаў Беларусі. А наша краіна трапляе ў фінансавую пастку, фінансавую залежнасьць. І таму тое, што дэманструе ўрад, сьведчыць, што яны думаюць так: нам напляваць, што будзе праз два гады, нам трэба сёньня выканаць нейкія паказчыкі, трэба адрапартаваць Лукашэнку”.

Міністар фінансаў Харкавец адзначыў: прыярытэтным напрамкам выдаткоўваньня сродкаў будзе забесьпячэньне росту заробкаў у бюджэтнай сфэры:

“На канцы гэтага году памер сярэдняга заробку ў бюджэтнай сфэры будзе даведзены да 430 даляраў ЗША ў эквіваленце, на канцы 2009 году гэтая сума будзе дасягаць 550 даляраў, а ў сьнежні 2010 году павінна скласьці ня меней за 700 даляраў у эквіваленце”.

Яраслаў Раманчук кажа: выйсьці на такія паказчыкі — справа нескладаная:

“Можа быць заробак у 700 даляраў. Але камунальныя паслугі стануць такімі, што давядзецца плаціць 150 даляраў за сярэднюю кватэру. На гэта і разьлічвае ўрад. Але гэта ня значыць, што ўзровень жыцьця стане лепшым. Гэта азначае толькі, што дзяржава будзе інакш забіраць нашы прыбыткі”.
XS
SM
MD
LG