Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – майстар, хімік-тэхноляг з наваполацкага акцыянэрнага таварыства “Палімір” Ўладзімер Кунцэвіч.


Разам з “Нафтанам” яно паспрыяла ўзьнікненьню і разьвіцьцю гораду. Сёньня два гэтыя прадпрыемствы хочуць аб’яднаць. Спадар Кунцэвіч расказвае сёньня пра стасункі гораду і нафтахімічнага комплексу.

"Як я ужо казаў, свайму нараджэньню й разьвіцьцю горад абавязаны нафтахімічнамау комплексу. У 60-70 гады, калі білі нафтавыя фантаны, гэтыя прадпрыемствы давалі краіне звышпрыбыткі. Натуральна, перападала й гораду.

Нават ужо ў часы перабудовы, калі ў гарадзкімі савеце віравалі жарсьці пры абмеркаваньні важных бюджэтных пытаньняў, завадзкі генэралітэт глядзеў на гэта, як на нейкую дзіцячую забаву. І тагачаснаму маладому кіраўніку выканкаму сп.Аляксандру Ніякоўскаму даводзілася вельмі цяжка й складана дзеля таго, каб прывучыць усіх да думкі, хто ёсьць кіраўніком гораду.

Прычынаю таму, натуральна, зьяўлялася ды й з большага зьяўляецца зараз, адсутнасьць закону аб мясцовым самакіраваньні. Гэта магло б стаць тэмаю асобнага абмеркаваньня. І Наваполацак тут не адзіны прыклад.

Адной з праблемаў тых часоў стала дрэнная экалягічная сытуацыя вакол гораду. Па тагачаснай завядзёнцы на прыродаахоўныя мерапрыемствы асаблівай увагі не зьвярталася. Заводы давалі прыбытак, а на іх выкіды асабліва ніхто зь кіраўнікоў не зважаў дастатковай увагі. Не да таго было. Камуністычная партыя й савецкі ўрад ставілі перад імі іншыя задачы.

На гэтых настроях незадаволенасьці і паўстаў моцны экалягічны рух. А яго яркім, як зараз кажуць, харызматычным лідэрам стаў рабочы-электрык з “Паліміру” Генадзь Маісееў. Гэтакі мясцовы Лэх Валэнса. Па Наваполацку літаральна праляцела хваля экалягічных мітынгаў, на якія зьбіраліся тысячы месьцічаў. Маісеева слухалі як нікога раней за гісторыю горада, ад партыйна-савецкай гарадзкой ды й вышэйшай намэнклятуры. Вакол яго згуртавалася значная колькасьць актыўных грамадзянаў з усяго гораду. Хлопцы досыць хутка зразумелі, што вырашэньне экалягічных праблемаў ляжыць ня толькі ў прыродаахоўных мерапрыемствах, а – у палітычнай сфэры. З наваполацкага зялёнага руху выйшлі й першыя гарадзкія палітыкі. Тут нельга не ўзгадаць такія імёны як Лявон Баршчэўскі, Віталь Гідрановіч, Віктар Какоўка, Сяржук Сокалаў-Воюш, Якуб Лапатка, Анатоль Кулік ды й яшчэ многія. Іх папулярнасьць была настолькі моцнай, што на выбарах у ВС 12 скліканьня спадары Г.Маісееў, Л.Баршчэўскі і В.Какоўка сталі парлямэнтарамі. Там усе яны займалі вельмі актыўную пазыцыю й дзякуючы ім, у тым ліку, Беларусь стала суверэннай дзяржавай.

А дзейнасьць сёньняшніх дэмакратычных структураў вядзе свой радавод якраз ад тах часоў і падзеяў".


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG