Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа пра выбух: падазраваных няма


З камэры сьледчага ізалятара на волю выйшаў яшчэ адзін з дапытаных у крымінальнай справе, распачатай пасьля выбуху бомбы 4 ліпеня.


Сьледчыя дагэтуль не затрымалі ніводнага падазраванага ў справе выбуху падчас сьвяточнага канцэрту 4 ліпеня ў Менску. Нягледзячы на тое, што ў крымінальнай справе, якую кваліфікавалі як злоснае хуліганства, апыталі сотні людзей і ў шмат каго зь іх узялі адбіткі пальцаў і сьліну на экспэртызу, сьледчыя працягваюць штодня новыя допыты.

З камэры сьледчага ізалятара на волю выйшаў яшчэ адзін з апытаных у крымінальнай справе, распачатай пасьля выбуху бомбы 4 ліпеня. Яго затрымалі на мінулым тыдні. У некаторых СМІ зьявілася інфармацыя пра тое, што ў справе зьявіўся падазраваны. У гарадзкім упраўленьні міліцыі абверглі гэтую інфармацыю:

“На дадзены момант падазраваных у гэтай справе няма, — паведаміў кіраўнік аддзелу інфармацыі Менскага ўпраўленьня ўнутраных спраў Аляксандар Ластоўскі. — Але праводзяцца сьледчыя і апэратыўныя мерапрыемствы, каб высьветліць асобаў, якія мелі дачыненьне да выбуху. Праца працягваецца”.

Нагадаем: у выніку здарэньня пацярпелі больш за паўсотні чалавек. 46 зь іх былі дастаўленыя ў шпіталь, дзе ім аказалі мэдычную дапамогу.

Супрацоўнікі КДБ, МУС і сьледчага камітэту дапыталі сотні чалавек. Больш за сотню апытвалі ў сьледчых ізалятарах, але праз 10 сутак, з-за адсутнасьці доказаў, адпусьцілі. Сьледчыя зрабілі ператрусы на кватэрах апазыцыянэраў і тых асобаў, якія мелі доступ да хімічных рэактываў ці да вытворчасьці гаек.

Супрацоўнікі міліцыі абыходзілі жылыя дамы й пыталіся ў мужчын, у якіх родах войскаў тыя служылі і ці не былі ў зонах ваенных канфліктаў.

Выбух пацягнуў за сабой і кадравыя перастаноўкі. Аляксандар Лукашэнка зьняў з пасадаў кіраўніка адміністрацыі Віктара Шэймана і сакратара Савета Бясьпекі Генадзя Нявыгласа.

Дзясяткі дапытаных у справе выбуху, які ўлады кваліфікавалі не як тэракт, а як злоснае хуліганства, дагэтуль унесены ў сьпісы невыязных.

Сьледчыя працягваюць штодня дапытваць новых людзей. Тым, у каго забралі рэчы пасьля ператрусу, дагэтуль не вярнулі маёмасьць.

У Сяргея Чыслава пры ператрусе забралі кампутар, значкі і нашыўкі з эмблемай “Белага легіёну”, харугву і фотаздымкі. Сёньня сьледчыя паведамілі Сяргею, што ягоныя рэчы яшчэ месяц будуць заставацца ў сьледчым камітэце.

Сяргей Чыслаў лічыць, што ўлады па-свойму скарысталіся выбухам 4 ліпеня:

“Калі твой статус нявызначаны, то вісіш, як на кручку. Будзеш сябе кепска паводзіць — зрушым справу, будзеш маўчаць ціхенька і нешта выконваць — ну добра, сядзі пакуль…

Улады скарысталіся момантам. Тут два вынікі: улады пачысьцілі тутэйшы клан у сілавых структурах. Які б Шэйман ні быў, даруйце, але ж гэта прадстаўнік тутэйшых кланаў. Багата афіцэраў “павылятала” зь сілавых структураў. А другое — гэта тое, што фактычна з насельніцтва (я так разумею, што ўжо пад другі мільён ідзе лік тых, каго цягаюць), “адкочваюць” пальчыкі і ствараюць заадно сабе базу”.

Назіральнікі лічаць, што сьледчыя спыняць беспрэцэдэнтна маштабныя допыты насельніцтва толькі тады, калі затрымаюць чалавека, які спрычыніўся да інцыдэнту 4 ліпеня.
XS
SM
MD
LG