Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прапанова прыпыніць візавыя санкцыі не датычыцца асоб, што арганізоўвалі парлямэнцкія выбары.


Сёньня ў Брусэлі дэпутаты Эўрапарлямэнту разглядаюць сытуацыю ў Беларусі пасьля мінулых выбараў у Палату прадстаўнікоў. У праекце рэзалюцыі прапануецца прыпыніць візавыя санкцыі Эўразьвязу супраць некаторых беларускіх чыноўнікаў на паўгода — з тым, каб за гэты час быў перагледжаны нядаўні дыскрымінацыйны закон аб СМІ ў Рэспубліцы Беларусь. Прапанова прыпыніць візавыя санкцыі не закранае асоб, якія арганізоўвалі парлямэнцкія выбары. У праекце рэзалюцыі Эўрапарлямэнту гэтыя выбары прапанавана не прызнаваць свабоднымі і дэмакратычнымі.

Януш Анышкевіч
Паводле дэпутата Эўрапейскага парлямэнту ад Польшчы Януша Анышкевіча, у праекце рэзалюцыі Эўрапарлямэнту зазначаецца, што Эўразьвяз хацеў бы працягваць дыялёг і супрацоўніцтва зь Беларусьсю, але чакае, што апошняя пачне дэмакратызацыйныя працэсы. Бяз гэтага дыялёг і праграмы дапамогі Эўразьвязу на адрас Беларусі немагчымыя, — заявіў Януш Анышкевіч. Ён апавёў падрабязнасьці праекту рэзалюцыі Эўрапарлямэнту:

“Эўрапейскі парлямэнт не прызнае апошніх выбараў у Беларусі як адпаведных дэмакратычным стандартам і выказвае жаль з гэтай нагоды, бо мы мелі надзею, што вынік выбараў будзе іншым. Іншы элемэнт рэзалюцыі, у пэўным сэнсе новы, палягае ў тым, каб прыпыніць на паўгода візавыя санкцыі для пэўнай колькасьці асоб, якія не былі зьвязаныя з правядзеньнем гэтых выбараў, але з надзеяй, што цягам гэтых шасьці месяцаў будзе прынамсі зьмякчаны той закон аб СМІ, які быў ужо прыняты”.

Дэпутат Эўрапарлямэнту ад Літвы Вітаўтас Ландсбэргіс
ня лічыць магчымым поўнае скасаваньне санкцыяў Эўразьвязу адносна афіцыйнага Менску.

Вітаўтас Ландсбэргіс
“Я ня бачу падставаў для зьняцьця санкцыяў супраць беларускіх уладаў, якія нічога не мяняюць у рэжыме, за выключэньнем таго, што адпусьцілі Казуліна. Гэта невялікае зьмяненьне, заўтра ж яго могуць зноў забраць у турму. І што, потым зноў уводзіць санкцыі? Калі б яны хоць згулялі на бачнасьць выбараў… Яны нават на гэта не пайшлі. Ніякіх выбараў не было”.

На думку Вітаўтаса Ландсбэргіса, беларускі рэжым па-ранейшаму залежыць ад Масквы, хоць і выказвае цяпер жаданьне палепшыць стасункі з Захадам:

“Але пакуль што ён чакае, калі яму скасуюць гэтыя санкцыі, а потым прызнае гэтыя марыянэткавыя рэжымы ў Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. А Эўропа будзе ў дурнях, ужо якім разам”.

Эўрапарлямэнт запрасіў на сваё паседжаньне прадстаўнікоў беларускай апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча, Аляксандра Казуліна, Паўла Севярынца і Віктара Карняенку. Яны правялі сустрэчы з кіраўніцтвам Эўрапарлямэнту і з рознымі палітычнымі групамі. Віктар Карняенка заявіў “Свабодзе”, што ўсе прадстаўнікі апазыцыі мелі агульныя падыходы. У прыватнасьці, яны прапанавалі, каб Эўразьвяз у адказ на паляпшэньне адносін зь Беларусьсю запатрабаваў канкрэтных пазытыўных крокаў афіцыйнага Менску: рэгістрацыі ўсіх палітычных партыяў, стварэньня ўмоваў для нармальнай дзейнасьці незалежных СМІ, скасаваньня “палітычных артыкулаў” у Крымінальным кодэксе.

Віктар Карняенка
“Калі гэтыя ўмовы спадар Лукашэнка выконвае, то, канечне, можна адмяняць санкцыі адносна тых службовых асобаў, якія ня маюць дачыненьня да правядзеньня выбарчых кампаній. Трэба мець на ўвазе, што не беларуская апазыцыя фармуе палітыку Эўразьвязу адносна Беларусі, яна толькі спрабуе актыўна на яе ўплываць. І ня больш. Таму калі ў нас пытаюцца, з намі маюць кантакт, мы павінны гэта выкарыстоўваць”.

Віктар Карняенка пазытыўна ацаніў праект рэзалюцыі, вынесены на разгляд Эўрапарлямэнту.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG