Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Можна чакаць, што беларускі рубель будзе падаць”


Леанід Злотнікаў

Леанід Злотнікаў

Як можа паўплываць сусьветны фінансавы крызіс на сытуацыю ў Беларусі? Ці здолее Беларусь у новых умовах выплаціць усе ўзятыя крэдыты? Ці застанецца стабільным курс беларускага рубля?


На гэтыя пытаньні адказвае эканаміст Леанід Злотнікаў.

Віталь Цыганкоў
Цыганкоў: “Беларускія афіцыйныя асобы да апошняга часу сьцьвярджалі, што сусьветны фінансавы крызіс ніяк ня можа сур'ёзна паўплываць на Беларусь. Але 7 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка, сустракаючыся з кіраўніцтвам КДБ, заявіў цалкам адваротнае — “Магчыма, гэта закране і нас, магчыма, мы сутыкнемся з праблемамі экспарту”. Якія аспэкты беларускай эканомікі і фінансавай сыстэмы найбольш паддатныя крызісу?”

Злотнікаў: “Па-першае, крызіс ужо адмоўна адбіўся на беларускіх фінансах. Бо на сусьветным рынку павялічыліся працэнты за крэдыты. І гэта азначае страты для Беларусі сёлета ацэначна ў 200—300 мільёнаў даляраў...”

Цыганкоў: “Гэта што — падвышаюцца стаўкі па тых крэдытах, якія Беларусь ужо ўзяла?”

Злотнікаў: “Так, і трэба абслугоўваць гэтыя пазыкі. Звычайна міжнародныя дамоўленасьці на крэдыты ўключаюць так званую стаўку LIBOR (гэта агульны для ўсіх працэнт, па якім даюцца крэдыты на сусьветнай біржы ў Лёндане) плюс яшчэ нейкі працэнт. Так што працэнт расьце аўтаматычна з ростам стаўкі LIBOR.

Другі канал уплыву — гэта стан расейскай эканомікі. Эканамічны рост Расеі зьменшыцца, і гэта азначае, што панізіцца наш экспарт у Расею. Таксама ў Расеі чакаецца інвэстыцыйны крызіс. Аб’ёмы будаўніцтва скароцяцца, непатрэбныя будуць беларускія будаўнікі і будаўнічыя матэрыялы...”

Цыганкоў: “...А можа, наадварот? Расейцы, замест таго каб купляць дарагія заходнія матэрыялы, пачнуць купляць танныя беларускія?”

Злотнікаў: “Не. Значны ўплыў на беларускую эканоміку зробіць зьмяненьне тэмпаў росту эканомікі расейскай. Бо на адзін працэнт падзеньня расейскай эканомікі наш экспарт у Расею зьніжаецца на 2—3 працэнты”.

Цыганкоў: “Аднак пакуль, нягледзячы на тое, што крызісныя зьявы назіраюцца ўжо некалькі месяцаў, курс беларускага рубля да даляру застаецца нязьменным. І фінансавыя кіраўнікі Беларусі даволі сьмела сьцьвярджаюць, што гэта застанецца і на наступны год. Чаму курс беларускага рубля заставаўся трывалым, хоць зьнешнегандлёвае сальда Беларусі моцна адмоўнае?”

Злотнікаў: “Бо гэтае нэгатыўнае сальда пакрывалася прытокам замежнай валюты ў форме крэдытаў. За апошнія два з паловай гады Беларусь напазычала каля 7—8 мільярдаў даляраў. І гэты прыток валюты падтрымліваў высокі курс беларускага рубля.

Па-другое, значна ўзрасьлі прытокі валюты за кошт продажу нафтапрадуктаў. Апошнім часам Расея павялічвала аб’ём паставак нафты ў Беларусь для экспарту нафтапрадуктаў, да таго ж расьлі сусьветныя цэны на нафту.

Але зараз можна чакаць, што прыток нафтадаляраў зьменшыцца. І пазыкі ужо ня будуць ісьці так шчодра ў Беларусь, бо ў сувязі з крызісам у сьвеце ўсё менш вольных грошай. Да таго ж сусьветныя цэны на нафту падаюць. Так што можна чакаць, што беларускі рубель будзе падаць”.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG