Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ліда — горад паэтаў і рыцараў <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


У Лідзе захоўваецца і разьвіваецца нацыянальны дух.



У Лідзе праводзяцца рыцарскія турніры, выходзіць газэта “Наша слова”, часопіс “Лідзкі летапісец”, існуюць суполкі ТБМ, паэты па-ранейшаму пішуць вершы па-беларуску, хаця “Лідзкая газэта” перайшла на расейскую мову.

Заўважаю апошнім часам, што ў гарадзенскай прэсе ўсё радзей убачыш верш на беларускай мове, большасьць, улучна са студэнтамі, школьнікамі, друкуюцца па-расейску. У Лідзе сытуацыя іншая, там прэзэнтавалі зборнік паэзіі пра горад – мясцовых аўтараў, якіх 67, – кажа Станіслаў Суднік, журналіст, паэт, выдавец.

Там на беларускай мове працэнтаў 95 вершаў
“Там на беларускай мове працэнтаў 95 вершаў, абсалютная большасьць. Выступала моладзь, і тая ўся па-беларуску гаварыла. Гэта першая падзея — прэзэнтацыя зборніка, другая — падвядзеньне вынікаў конкурсу на лепшы верш пра Ліду. Журы было гарадзенскае, з унівэрсытэту, першую прэмію атрымаў Васько Ўладзімір, другую Іосіф Масян, трэцюю Алеся Бур’як. Прэміі ўручаў старшыня райвыканкаму”.

У мяне ў руках таксама новы зборнік, выдадзены самім спадаром Суднікам, пад назвай “Шануйце роднае слова!”. У ім вершы 47 лідзкіх паэтаў пра беларускую мову. У кніжцы можна знайсьці зусім нестандартныя радкі. Напрыклад, Тадэвуш Чарнавус напісаў:

“Даруй мне, беларуская зямля,
Што шчэ жыву,
Бо хто змагаўся, той даўно загінуў”.

Станіслаў Суднік кажа:

Ліда самадастатковы горад
“Сёньня Ліда настолькі самадастатковы горад, што ўсе сьвяточныя літаратурныя мантажы можна рабіць на творах лідзкіх аўтараў. Усе манумэнтальныя творы мастацтва зробяць лідзяне, нікога нам ня трэба, зробяць табе ўсё. Карціны, размаляваць штосьці да сьвята таксама, рыцары свае, замак свой. Опэру калісьці Горскі напісаў наш, але ў апошнія часы опэраў не пісалі”.

У лідзкім каледжы ў ТБМ чатырыста чалавек, кажа Станіслаў Суднік, днямі была вельмі людная канфэрэнцыя. Вершы пра беларускую мову стаў пісаць самадзейны скульптар Рычард Груша, які раней ёю не карыстаўся. Днямі ён зрабіў для гораду мэмарыяльны камень з нагоды ўгодкаў заснаваньня Ліды і каменны сонечны гадзіньнік.

Мясцовыя ўлады ўклалі немалыя грошы ў капрамонт гісторыка-мастацкага музэю, які зноў стаў прымаць наведнікаў. Дырэктарка музэю Ганна Драб кажа пра наступныя крокі:

“Пабудуем пастаянную экспазыцыю “Сучаснае мастацтва краю”, у нас ёсьць усё для гэтага. Наведнікаў чакаюць цікавыя праекты ў галерэйнай залі нашага музэю”.

Ганна Драб кажа, што музэй выкарыстоўвае ў сваёй працы таксама замак. Дарэчы, турысты могуць убачыць там інсцэніроўку вясельля караля Ягайлы і Соф’і Гальшанскай.

Гарадзенка Марыся Мацко раней была адной зь лідзкіх адраджэнцаў, якія гуртаваліся ў клюбе “Рунь”. Пра цяперашнія пазыцыі беларушчыны ў роднай Лідзе яна кажа:

“Ёсьць некалькі чалавек, якія не здаліся, не здалі сваіх пазыцый, і за імі цяпер цэлае пакаленьне вырасла… Была “Рунь”: мы і вечарыны рабілі, і сьвяты ладзілі, карацей у народ хадзілі як народнікі. І ўсе былі апантаныя, мастакі нашыя мясцовыя, і Судар, і архітэктар Матэйка, і Сьвятлана Канапацкая, гісторык”.

На здымку: сонечны гадзіньнік, зроблены Рычардам Грушам.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG