Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Эўрапарлямэнце абмяркуюць беларускае пытаньне


Сёньня ў Эўрапейскім парлямэнце будзе разглядацца сытуацыя ў Беларусі.


Эўрапарлямэнт запрасіў на паседжаньне Аляксандра Мілінкевіча, Аляксандра Казуліна, Паўла Севярынца і Віктара Карняенку. Лідэр руху “за Свабоду” Аляксандар Мілінкевіч распавядзе пра парлямэнцкія выбары, якія нядаўна адбыліся ў Беларусі.

У парадку дня паседжаньня Эўрапарлямэнту – абмеркаваньне сытуацыі ў Беларусі, пытаньне магчымасьцяў і ўмоваў наладжваньня дыялёгу Эўрапейскага Зьвязу зь Беларусьсю, – распавёў памочнік Аляксандра Мілінкевіча Алесь Лагвінец:

Эўразьвяз мае праводзіць яшчэ больш актыўную палітыку ў дачыненьні Беларусі
“Аляксандар Мілінкевіч будзе казаць пра тое, якімі былі, а дакладней, якімі не былі выбары ў Беларусі. Пра тое, што крытэры, што тычацца ўзаемадзеяньня паміж уладай і дэмакратычнай супольнасьцю, не былі выкананыя. Ён будзе таксама казаць пра важнасьць дыялёгу зь Беларусьсю, паколькі Беларусь можа патрапіць у яшчэ большую залежнасьць ад Расеі, эканамічную залежнасьць, якая яшчэ больш прывядзе да палітычнай залежнасьці. Ён будзе казаць пра тое, што трэба выпрацаваць дарожную мапу, што трэба на падставе маральных прынцыпаў патрабаваць ад беларускіх уладаў выкананьня дэмакратычных нормаў, што Эўразьвяз мае праводзіць яшчэ больш актыўную палітыку ў дачыненьні Беларусі”.

Першы сакратар Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін, які балятаваўся ў беларускі парлямэнт, спадзяецца, што эўрапейскія парлямэнтары прыслухаюцца да меркаваньняў беларускай дэлегацыі:

“Добра, што туды паехалі прадстаўнікі нашых палітычных арганізацый. На жаль, у іх складзе няма людзей, які самі прымалі ўдзел у выбарах і нават тых кіраўнікоў партыяў, чые людзі прымалі ўдзел у выбарах. Але тое, што там будуць прадстаўнікі Беларусі, дае надзею, што эўрапейцы прыслухаюцца да іх меркаваньняў, і тое рашэньне, якое яны прымуць, будзе з улікам думак дэмакратычных сіл”.

Памочнік лідэра Аляксандра Мілінкевіча Алесь Лагвінец распавёў пра іншыя сустрэчы беларусаў:

“Аляксандар Мілінкевіч, Віктар Карняенка і Павал Севярынец будуць сустракацца з эўрадэпутатамі ад Эўрапейскай народнай партыі (EPP/ED), а Аляксандар Казулін больш будзе кантактаваць з групай сацыялістаў (PES). Гэта дзьве найбуйнейшыя групы ў Эўрапейскім парлямэнце”.
XS
SM
MD
LG