Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня Валянціну Блакіту было б 70


Валянцін Блакіт

Валянцін Блакіт

Генадзь Бураўкін: “Калі б ён не прыкрываў многіх нашых справаў, будучы ў ЦК кампартыі, то нам бы многае ня тое што не ўдалося, а нам бы многае проста не дазволілі”.


Валянцін Блакіт — празаік, публіцыст, паэт, былы галоўны рэдактар часопісу “Вожык” (за ягоным рэдактарствам упершыню пабачыла сьвет знакамітая паэма “Сказ пра Лысую гару”), партыйны чыноўнік, які спрыяў стварэньню нацыянальнага тэлебачаньня, храніст уладнай калатнечы за і супраць беларускай культуры, намесьнік галоўнага рэдактара часопісу “Нёман” — на знак пратэсту супраць стварэньня падцэнзурнага ўладзе літаратурнага холдынгу ён звольніўся з рэдакцыі разам зь яе астатнімі супрацоўнікамі.

Валянцін Блакіт нарадзіўся на Гарадзеншчыне, у вёсцы Вострава Шчучынскага раёну. Працаваў у раённых і абласной газэтах. З 1968 да 1987 году — у партыйных органах. Палову гэтага часу — на пасадзе загадчыка сэктару тэлебачаньня і радыё ЦК КПБ. Якраз тады зь ім зблізіўся паэт Генадзь Бураўкін, які фактычна ствараў нацыянальнае радыё і тэлебачаньне. Ён прыгадвае:

Генадзь Бураўкін
“Скажу шчыра, што ў тым пэрыядзе, пра які цяпер успамінаюць, можа, нямногія, але ўспамінаюць нават са зьдзіўленьнем і радасьцю, Валянцін уклаў у гэтую справу вельмі многа і сваёй душы шчырай, і свайго ўменьня нават чыноўнага. Бо калі б ён не прыкрываў многіх нашых справаў, будучы ў Цэнтральным камітэце кампартыі, то нам бы многае ня тое што не ўдалося, а нам бы многае проста не дазволілі. Тады, хай іх было няшмат, але гэта былі яркія асобы, такія, як Валянцін, да якіх прыслухоўваліся, якія не баяліся рызыкаваць і маглі пераканаць больш высокіх чыноўнікаў. А сёньня як пагляджу на тых, хто сядзіць у тым самым будынку — і Божачка мой! — нават па іхніх тварах відно, якая чужая, якая абыякавая ім і культура наша, і тым больш літаратура”.

Пра многія невядомыя факты змаганьня беларускай інтэлігенцыі за сваю культуру можна прачытаць у лірычна-дакумэнтальным расповедзе Валянціна Блакіта “Ўваскрасеньне ўчарашняга дня”, які з працягам друкуецца ў часопісе “Дзеяслоў” ад 31 нумару. Асабістыя сьведчаньні Валянціна Блакіта пра час і людзей Генадзь Бураўкін лічыць важным гістарычным дакумэнтам:

“Гэтая кніжка напамінае пра тое, як няпроста рабілася наша беларуская гісторыя нават не ў такі ўжо і далёкі час і як нам трэба даражыць тымі дасягненьнямі, якія былі адваяваныя тады шчырымі душамі, шчырымі людзьмі”.

Да гэтай публікацыі і свайго сямідзесяцігодзьдзя Валянцін Блакіт не дажыў роўна 10 месяцаў.
XS
SM
MD
LG