Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Севярынец: Расколу “Маладога фронту” ня будзе


“Праблема ў тым, што не сышліся характарамі два хлапцы. З дапамогай некаторых дабрадзеяў і спэцслужбаў сытуацыя была даведзеная да кіпеньня”.


Незарэгістраваная арганізацыя “Малады фронт” перажывае чарговы ўнутраны крызыс. Лідэры “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч і Артур Фінькевіч, былыя палітвязьні, не знайшлі паразуменьня наконт некаторых аспэктаў дзейнасьці гэтай моладзевай структуры.

Унутраны канфлікт паміж старшынём “Маладога фронту” Зьмітром Дашкевічам і ягоным намесьнікам Артурам Фінькевічам стаў здабыткам галоснасьці. Журналісты атрымалі два прэс-рэлізы. Адзін — пра тое, што Артур, згодна з рашэньнем Сойму арганізацыі, зьняты з пасады намесьніка старшыні. З другога прэс-рэлізу вынікала, што дзейнасьць і Фінькевіча, і Дашкевіча на кіраўнічых пасадах прыпынена да пачатку зьезду, які адбудзецца напрыканцы месяца.

Зьміцер Дашкевіч
Зьміцер Дашкевіч абвінавачвае Артура Фінькевіча ў дэструктыўнай дзейнасьці, якая можа пацягнуць за сабой раскол арганізацыі:

“Артур Фінькевіч зьбіраўся правесьці фіктыўны зьезд. Шукаў дэлегатаў, любых людзей, якія б змаглі яго на зьезьдзе падтрымаць. Калі зразумеў, што ня ўдасца, пачаў ствараць нейкія ініцыятывы і арганізацыі. Яму была вынесена строгая вымова, але ён не адступіўся ад сваёй дзейнасьці.

Калі стала зразумела, што інтрыгі такіх людзей, як Дранчук і Фінькевіч, ніхто не падтрымае, ён пачаў заяўляць, што працуе на развал арганізацыі і на зьезьдзе абвесьціць пра выхад шмат якіх структураў”.

Артур Фінькевіч
Артур Фінькевіч, у сваю чаргу, абвінавачвае Зьмітра Дашкевіча ў таталітарных замашках.

“Усё гэта адбылося толькі таму, што ёсьць два бакі бачаньня разьвіцьця “Маладога фронту”. Адзін бок — бок Дашкевіча — больш агрэсіўна настроены. Дашкевіч хоча захаваць месца старшыні арганізацыі і вынішчыць любое іншадумства.

У яго зьявіліся таталітарныя замашкі. Насамрэч, калі мы змагаемся за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі, лічу, што мы ня маем права быць такімі ж, як Лукашэнка, у тых ці іншых момантах. Спадзяюся, што міне час, і Зьміцер стане больш дарослым, і ў яго гэта пройдзе”.

Наста Палажанка
Намесьніца старшыні “Маладога фронту” Наста Палажанка прыняла бок Зьмітра Дашкевіча:

“Паўгода таму я шчыра агітавала за Артура Фінькевіча як за намесьніка старшыні арганізацыі. Але Артур, сапраўды, абраў іншы шлях кіраваньня арганізацыяй. На вялікі жаль, мы натыкаліся на шматлікія непрыстойныя дзеяньні зь ягонага боку.

У Артура ёсьць людзі, якія ідуць за ім. Але гэта ня больш як 20% сяброў арганізацыі. Прапаную Артуру Фінькевічу, калі ён кажа, што будзе ствараць моладзевы рух, то сыходзіць і ствараць моладзевы рух”.

Сустаршыня аргкамітэту дзеля стварэньня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец некалькі гадоў ад пачатку стварэньня арганізацыі быў лідэрам “Маладога фронту”. Ён перажыў пяць сур’ёзных крызысаў арганізацыі і лічыць, што цяперашняя сытуацыя — звычайная рэч для моладзевай структуры.

Павал Севярынец
“Такіх крызысаў рух перажываў пяць ці шэсьць. Дзякуй Богу, “Малады фронт” заўжды захоўваўся і заставаўся наймацнейшым і найбольш масавым моладзевым рухам. Гэтак будзе і на гэты раз.

Праблема ў тым, што не сышліся характарамі два хлапцы. З дапамогай некаторых дабрадзеяў і спэцслужбаў сытуацыя была даведзеная да кіпеньня. Але цяпер, я думаю, празь некалькі тыдняў разбору завалаў, як кажуць, убачым, што насамрэч рух захоўваецца і “Малады фронт” будзе дзейнічаць, як і дзейнічаў раней”.

“Малады фронт” летась адзначыў дзесяць гадоў сваёй дзейнасьці. Сябрамі арганізацыі былі шмат якія вядомыя цяпер грамадзкія дзеячы і палітыкі. Маладафронтаўцы — адны з асноўных удзельнікаў вулічных акцый і ініцыятываў, накіраваных на адраджэньне беларускай мовы і культуры.

Сябры “Маладога фронту” — лідэры па колькасьці адбыцьця арыштаў і крымінальных спраў. Дзесяць актывістаў арганізацыі судзілі за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Сябры арганізацыі ў Менску і ў рэгіёнах знаходзяцца пад пільнай увагай спэцслужбаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG