Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: Мы за вашае пажыцьцёвае старшынства


Аляксандар Стуб

Аляксандар Стуб

На сустрэчы зь дзейным старшынём АБСЭ А.Стубам А.Лукашэнка заявіў, што гатовы з Эўразьвязам “на любыя стасункі”. Аднак пры гэтым ён папрасіў: “Не патрабуйце ад нас таго, што мы сёньня ня можам зрабіць”.


Паводле А.Лукашэнкі, “бяда Эўропы ў тым, што яна паставіла перад сабой задачы адносна Беларусі, сфармаваўшы іх з аднаго пункту гледжаньня, ад так званай апазыцыі”.

“Мы цалкам адэкватныя людзі і гатовыя вучыцца там, дзе можам навучыцца. Калі Эўразьвяз хоча, каб цэнтар Эўропы быў у Эўропе, то трэба здымаць усялякія заслоны”, — заявіў А.Лукашэнка.

Таксама А.Лукашэнка заявіў, што ім пастаўлена перад урадам задача пашыраць кантакты зь Фінляндыяй па будаўніцтве атамнай электрастанцыі.

Спадар Стуб заявіў пра магчымасьць нармалізацыі стасункаў і пашырэньня дыялёгу паміж Эўропай і Беларусьсю.

“Час перагарнуць старонку ў дачыненьнях Беларусі і Эўропы”, — заявіў А.Стуб. — “Мы адчуваем, што пасьля крызісу ў Грузіі балянс перамясьціўся на Ўсход”.

“Унутры Эўразьвязу правільныя настроі, што Беларусь рухаецца ў правільным кірунку. Гэта асноўны падыход, які я прывёз у Беларусь. Выбары — гэта адчувальнае пытаньне. Ніхто ня можа адкінуць тое, што былі пазытыўныя зрухі ў 2008 годзе параўнальна з 2000 і 2004 гадамі”, — заявіў А.Стуб.

“За сказанае вамі мы гатовы прагаласаваць, каб вы былі пажыцьцёвым старшынём АБСЭ. Вы першы заходні палітык, які адкрыта, аб'ектыўна, публічна сказаў пра Беларусь. Калі Эўропа зробіць два крокі, то Беларусь зробіць пяць крокаў”, — заявіў А.Лукашэнка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG