Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня ў Менск зь візытам прыбывае дзейны старшыня АБСЭ, міністар замежных спраў Фінляндыі Аляксандар Стуб. Міністар замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў запрошаны на пасяджэньне міністраў замежных спраў краінаў Эўразьвязу.


Каму выгаднае пацяпленьне дачыненьняў з Захадам? Паводле лідэра Эўрапейскай кааліцыі Міколы Статкевіча, гэта выгадна толькі беларускім уладам.

“Для краіны гэта плюсаў не прынясе, бо гэтае нібыта палітычнае пацяпленьне ня будзе кранаць эканамічную сфэру. Бо бізнэс па камандзе Захаду сюды ня прыйдзе. А як сюды ісьці, калі тут няма ніякіх гарантый — права ўласнасьці, незалежных судоў і гэтак далей?

А выгадна нашай уладзе, бо яна разыграе гэтую карту, каб больш выцягнуць з Расеі. І ўсё. І лішні год на гэтым яшчэ пражыве.

Я думаю, пасьля выбараў Беларусь не памянялася, за выключэньнем таго, што вызвалілі палітвязьняў. Але ж як вызвалілі, так і пасадзіць можна. У нас жа судовая сыстэма не памянялася, законы ў нас дагэтуль выдае адзін чалавек. І тое, як прайшлі выбары, красамоўна сьведчыць, што сытуацыя не памянялася. Асноўныя зьмены — на ўзроўні словаў.

Чаму Захад на гэта пайшоў? Ды таму, што спадзяецца, убачыўшы сапраўднае аблічча Расеі, пра якое мы даўно казалі, неяк адцягнуць Беларусь, каб яна не прызнала Абхазію і Паўднёвую Асэтыю. Дарэмнае спадзяваньне! Прададуць гэтае прызнаньне, ды ўжо прадалі — за крэдыт, за танны газ”.

Ці павінен Захад адмяняць санкцыі? Якія ён крокі мае рабіць у цяперашняй сытуацыі?

“Я думаю, што Захад не павінен мітусіцца. І калі кажуць, што яго палітыка дагэтуль была неэфэктыўнай, я кажу, што яна была эфэктыўнай. Бо яна была маральнай. І значыць, ёсьць мараль, ёсьць праўда. І мы тут трымаліся, нягледзячы ні на што. Усе, хто адседзеў па палітычных прысудах, не зьмянілі сваіх поглядаў. Яны вяртаюцца і зноў працягваюць барацьбу. Чаму? Бо ёсьць ідэалы, праўда, свабода. Калі Захад пачне гандляваць усім гэтым, то я не кажу, што гэта прымусіць мяне зьмяніць мае перакананьні. Але гэта будзе ўдар па нашых ідэалах.

Таму ня трэба мітусіцца. Усё роўна ўсё будзе вырашацца тут. Краіна павінна сасьпець, але ня трэба замінаць, трэба дапамагаць. А гэтая залішняя мітусьня толькі дазволіць Лукашэнку больш пратрымацца, больш выцягнуць з Расеі. Ён жа выдатна разумее, што Захад столькі ня дасьць, колькі Расея. 14 мільярдаў датацый толькі на энэрганосьбітах на гэты год і прычым без усялякіх патрабаваньняў дэмакратыі. А Захад калі патрабуе дэмакратыі, Лукашэнка гэта ўспрымае так, быццам патрабуюць ягонай сьмерці”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG