Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У “Доме літаратара” Тацяна Сапач, Галіна Дубянецкая, Язэп Янушкевіч


Новая перадача сэрыі “Дом літаратара”. Эфір 4 кастрычніка



ЛІТПРАЦЭС

ТАЦЬЦЯНА САПАЧ: “СЁНЬНЯ НЕ ВЫПАДАЕ РАЗВАЖАЦЬ У ПАЭТЫЧНЫХ КАТЭГОРЫЯХ”

Дзявятую кнігу бібліятэчкі часопіса “Дзеяслоў” склалі вершы культавай паэткі пакаленьня “Тутэйшых” Тацьцяны Сапач “Няхай не пакіне нас Восень”. Зборнік уяўляе зь сябе беларуска-ангельскую білінгву. На ангельскую вершы перастварыла знакамітая перакладчыка зь Лёндану Вера Рыч. Пра паэзію, час і Вільню, у якой паэтка жыве і працуе ад 1991 году, з Тацьцянай Сапач гутарыць Валянціна Аксак.

Валянціна Аксак: “Перада мною дзьве кніжкі адной аўтаркі Тацьцяны Сапач – “Восень” і “Няхай не пакіне нас Восень”. Паміж датамі іх выданьня – 17 гадоў. Тацьцяна, скажыце калі ласка, чаму так доўга вашы прыхільнікі ня мелі магчымасьці чытаць вас?”

Тацяна Сапач: “Таму што я ўвесь гэты час нічога не пісала, і па гэтай прычыне мае прыхільнікі, калі яны ёсьць, мелі магчымасьць чытаць толькі тое, што калісьці выпусьцілася ў маленечкай аранжавай кніжачцы. Са зьдзіўленьнем я высьветліла, што ў хаце ў мяне гэтых кніжачак няма, а ў мяне іх просяць і просяць. Я зьдзіўлялася б і далей, але, на шчасьце, вакол мяне ёсьць блізкае кола людзей, якія разумеюць, наколькі я легкадумная, і настолькі ж, відаць, любяць мяне. І яны самі ўзяліся і ўсё зрабілі: спадарыні Веры Рыч распавялі, што вось варта ўзяцца за пераклады, пасьля здабывалі нейкія сродкі на тое, каб гэта выдаваць. І, праўду кажучы, такая кніжачка ў тым варыянце, у якім яна зараз паўстала, яна такая таму, што на другі раз рабіць тую самую “Восень” было проста, напэўна, недарэчна”.

Аксак: “Так склалася ў вашым лёсе, што амаль адначасова з выхадам першае кніжкі “Восень” вы пакінулі Менск і пераехалі зь сям’ёй у Вільню, дзе ўжо шмат гадоў працуеце на Літоўскай нацыянальнай тэлевізіі, робіце праграму па-беларуску. Наколькі аб’ёмная гэтая праграма?”

Сапач: “Кожны тыдзень выходзіць перадача пра беларусаў Літвы, і гэта толькі пятнаццаць хвілінаў. Я цяпер маю студэнтаў Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, ужо трэці год яны да мяне прыходзяць на практыку. Тлумачу ім, што такое гэты фармат і што я раблю, і гэтак далей, а яны пытаюцца, колькі гэта па часе. Адказваю: пятнаццаць хвілінаў. Рэакцыя расчараваньня: о-о-о... Тады я ім кажу: вось мы з вамі пяць хвілінаў размаўляем, а колькі пасьпелі адзін аднаму сказаць. То бок, калі ты маеш што сказаць ці паказаць, то пятнаццаць хвілінаў – гэта многа”.

Аксак: “Прыкладна месяц таму невялікая група зь Беларусі прымала ўдзел у сьвяткаваньні 20-годзьдзя суполкі віленскіх беларусаў. Трэба прызнацца, што сьвяткаваньне гэтае было ня надта прадстаўнічым. А наколькі наогул цяпер прадстаўнічая беларуская прысутнасьць у Віленскім краі?”

Сапач: “Калісьці беларусы ставілі для сябе тут задачу: згуртавацца, каб паказаць сваю прысутнасьць, явіць сьвету гэтую прадстаўнічасьць. Гэта было дваццаць гадоў таму і гэта было вельмі актуальна тады. Гэтым апекаваліся сапраўды вялікія беларусы – Лявон Луцкевіч, Галіна Войцік, Лявон Кароль, Юрка Луцкевіч, Янка Багдановіч. Яны пачыналі ўсё гэта і да сябе прыцягвалі, можа быць, менш значных пэрсонаў альбо маладзейшых, якіх пасьля гадавалі як беларусаў, як таксама значных і адказных пэрсонаў. Але гэты этап, мне здаецца, прамінуў. Дэманстраваць прысутнасьць – гэта цяпер не актуальна. Таму беларусы тут цяпер гэтым моцна не пераймаюцца, проста кожны на сваёй дзялцы робіць тое, што можа і як мага больш добра. Тут, напрыклад, ёсьць аддзяленьне Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, і яго сябры робяць тое, што могуць. Ёсьць самадзейныя мастацкія калектывы, яны таксама штосьці стараюцца рабіць. Таварыства беларускай культуры ёсьць. Так што беларусы даўно тут прысутныя, і даўно яны ёсьць у сродках масавай інфармацыі”.

Аксак: “Гуляючы па Вільні, сапраўды сустракаеш знакі беларускай прысутнасьці, часьцей за ўсё ў выглядзе мэмарыяльных шыльдаў. А колькі гадоў таму пайшлі актыўныя гаворкі пра тое, каб аднавіць музэй, які калісьці зрабіў у Вільні Іван Луцкевіч. Як з гэтай ідэяй выглядае на сёньня?”

Сапач: “Музэй Івана Луцкевіча як грамадзкая арганізацыя існуе. Але каб адрадзіць музэй, падобны да таго, які стварыў Іван Луцкевіч, трэба, каб гэтым апекавалася беларуская дзяржава, бо гэта вялікая справа. Людзі, якія займаюцца іншымі справамі і заадно любяць Беларусь і беларускае, ня могуць настолькі раскашавацца, ня могуць настолькі аддаваць сябе стварэньню гэтага музэя, каб ён існаваў яшчэ і ў выглядзе будынка з экспазыцыяй. Сёньня музэй – гэта толькі любоў. І да таго часу, пакуль у нас няма такіх абставінаў, што мы можам займець будынак, экспазыцыю і штат музэю, мы павінны проста ўсё назапашваць у архівы зь вялікай любоўю”.

Аксак: “На вашую думку, Вільня застанецца беларускай Мэккай, ці ўсё-ткі тое, што яна цяпер у іншай дзяржаве, зьнівэлюе гэтую рамантычную мэтафару?”

Сапач: “Сёньня не выпадае разважаць у паэтычных катэгорыях, і часы нейкія не рамантычныя, не паэтычныя. Нешта будзе іншае, я ня ведаю – што. Але прыцягненьне Вільні застанецца для рэдкіх людзей, для тонкіх душою, танкаскурых, людзей, якія здольныя на большае, чым проста жыць і радавацца жыцьцю. Але ці будзе Вільня крывіцкай Мэккай – ня ведаю”.

АЎТАР І ТВОР

ГАЛІНА ДУБЯНЕЦКАЯ: “Я ВАСЯМНАЦЦАЦЬ ГАДОЎ ЧАКАЛА КНІГУ!”


Яшчэ ў 1990 годзе ў дзяржаўным выдавецтве “Мастацкая літаратура” рыхтаваўся да друку паэтычны зборнік Галіны Дубянецкай. Аднак тады ён так і не пабачыў сьвету, паколькі маладая аўтарка выставіла ўмову, непрымальную для выдавецтва. На ўласную кнігу давялося чакаць… васямнаццаць гадоў, затое сучасныя выдаўцы (рэдакцыя часопіса “Дзеяслоў”) ранейшую (і нязьменную) ўмову выканалі. Што гэта была за ўмова – Галіна Дубянецкая расказала ў гутарцы з Міхасём Скоблам.

Міхась Скобла:
“Галіна, вашую першую кнігу сапраўды можна назваць доўгачаканай. Аднак я чуў, што многа гадоў таму вы самі забралі падрыхтаваны да друку рукапіс з выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Чаму вы так паступілі?”



Галіна Дубянецкая: “Я яго забрала на дапрацоўку. Аднак, там яшчэ было адно пытаньне, на той момант дужа праблемнае. Тады, у 1990 годзе, мне хацелася выдаць кнігу зь мяккімі знакамі. Гэта было маё пажаданьне, але цьвёрда выказанае пажаданьне. Памятаю, рэдактарам кнігі меўся быць Леанід Дранько-Майсюк. Ён павёў мяне да дырэктара выдавецтва Серафіма Андраюка. Паспрабавалі мы справу абмеркаваць. І тады ж я пачула, што выданьне кнігі “тарашкевіцай” у дзяржаўным выдавецтве – справа немагчымая. На тым і разьвіталіся. І вось праз васямнаццаць гадоў, нарэшце, я прычакала сваю кнігу, выдадзеную зь мяккімі знакамі”.

Скобла: “Настойлівасьці вам не бракуе... У “Анадыямэне” ёсьць вершы, прысьвечаныя Алесю Разанаву, відавочна, напісаныя пад ягоным уплывам. Паэт неяк у “Доме літаратара” прызнаўся, што ягоная кніга “Шлях-360” да гэтай пары не “расшыфраваная” крытыкамі. А вам таксама не чытачы, а “дэшыфравальшчыкі” патрэбныя?”

Дубянецкая: “Я стараюся выказвацца як мага ясьней, дамагаюся найбольшай яснасьці, на якую здольная. І раптам чую аднойчы ад Валянціна Акудовіча: “Галіна, вашыя вершы герметычныя”. Гэта было для мяне сапраўдным ударам... Пра маю творчасьць пісаў Сяргей Дубавец, і мне спадабаліся ягоныя развагі. Аляксандар Фядута ў сваёй кнізе “Паэтычны аглядальнік” прысьвяціў мне цэлы артыкул. І ў яго таксама не было праблемаў з “герметычнасьцю” маёй паэзіі”.

Скобла: “У вашым зборніку ёсьць верш, напісаны па-французку. Гэта экспэрымэнт, ці спроба пашырыць кола чытачоў?”

Дубянецкая: “Вершы па-французку я пісала неўзабаве пасьля заканчэньня Інстытуту заммоваў (замежных моваў), калі ў мяне ў галаве была яшчэ сьвежая французкая мова. А яна ўся на рыфмах. І напісаць верш па-французку стала для мяне непераадольнай спакусай. Ня ведаю, як гэта можна назваць насамрэч. Можа, і экспэрымэнт. Але пісаньне гэтае ішло ў плыні агульнай творчасьці: верш па-беларуску, верш па-французку. Ніколі ж няможна сказаць наперад, куды выкіруе творчасьць”.

Скобла: “У вашым вершы “Калыханка маме і тату” ёсьць радкі: “Бацька бастыльлі крушыць, мама гадуе півоні”. Ваш бацька Міхал Дубянецкі сапраўды быў змагаром: і ў БНФ уваходзіў, і з цэнзурай на пасадзе дырэктара выдавецтва змагаўся. Ці дзяліўся ён з вамі сваімі выдавецкімі праблемамі?”

Дубянецкая: “Пэўна ж дзяліўся. Як ён мог усё ў сабе насіць? Пра ўсе праблемы выдавецкія ён расказваў дома, мы пра ўсё ведалі. Спачувалі, падтрымлівалі, як маглі. 10 гадоў пасьля сьмерці бацькі мы не чапалі ягоны стол. А нядаўна пачалі перабіраць паперы, і чаго толькі не знайшлі! Знайшлі аркуш паперы, на якім вялікімі літарамі бацькавай рукой (звычайна, ён пісаў дробненька) напісана: “А я самы шчасьлівы!” Знайшлі ліст да Гарбачова, чарнавікі тэлеграмы Зімяніну, якую бацька пасылаў у справе выданьня твораў Быкава. Змаганьне гэтае ў бацькі працягвалася бясконца, гэта была гісторыя ягонага жыцьця”.

Скобла: “Вы здаўна займаецеся перакладамі. Што для вас пераклад – сутворчасьць, працэс, які дапамагае падтрымліваць уласную творчую форму, ці, кажучы ж вашымі словамі, “абдыманьне праз холад шкла”?”

Дубянецкая: “Калі ты ведаеш мовы і ўмееш складаць вершы, то абавязкова трэба перакладаць. Не перакладаць – гэта ж проста марнатраўства будзе. Закончыўшы Інстытут заммоваў, я адчула сваім абавязкам перакладаць паэзію. Дарэчы, уся мая творчасьць пачалася менавіта зь перакладаў Робэрта Бёрнса. Памятаю, пераклала колькі вершаў, і насустрач, ці паралельна – свае пайшлі. Бёрнс мяне раскатурхаў, працерабіў шлях для маёй уласнай творчасьці”.

ГАЛІНА ДУБЯНЕЦКАЯ. З НОВЫХ ВЕРШАЎ

Ліст


Нечакана, без адрэсу, без даты,
ліст ад бацькі, бы з вандроўкі, крылаты,
ліст ад бацькі, бы агонь сярод зьлівы,
напаткалі:
"А Я САМЫ ШЧАСЬЛІВЫ!"

Што ж ты сьмертухна,
дзе тваё джала?...
Як душа на пройме дрыжала –
і да вобліку цякла дарагога:
чуеш, татачку, ну як там, ля Бога?

ТАМ лагоднага сьвятла пералівы,
там жыве наш бацька, шчасьлівы!
Там ёсьць горад, апавіты зарою,
дзе спаткаемся мы
вечнай парою.

Пахмельле

Бог помач, вандроўны
прасьцяг тут няроўны
і скрутны віток утрапеньня
пры хісткім цяпельцы
якіясь тапельцы
балююць у сподзе скляпеньня

пад рэшткамі даху
зьмярцьвелага гмаху
віно даліванае зьлівай
ды скрухаю нашчай
(па гібелі йнакшай?...
па літасьці... немажлівай?)

а гібель па прыцемных кроквах
вальцуе
мой рыцару, шалік зь вяровак
табе не пасуе

між танцамі ў бестурбоцьці
што права ўжо зьлева
гішпанскі замурзала боцік
твая каралева

адно аднаго паканаўшы
як сьвята – ўваскросім
а заўтра пагібелі йнакшай
папросім

а хто гэта плача
а што гэта знача
бяздоньне за выбітым шклом
тапельныя сьвяты
пахмельныя спраты
лядачая цьвержа на злом

а ўскрайкамі зроку
праз пошугі мроку
блукаюць размытыя шпілі
і млосна Нямізе
у гэтай адлізе
бы ў ёй кацянятаў тапілі

Схаваюся ад перуна

...схаваюся ад перуна
на дне звана
а звон спакою не дае
грыміць пяе

...адбаранюся ад стралы
крылом пчалы
а пчолку як што апякло:
пусьці крыло!

...няма ратунку хоць крычы
наўпроць начы
– ці можаш, вір, у каламуць
мяне ўхінуць?

– магу, ды ўсё тут у віры
відно згары
– дык памажы мне схоў знайсьці
ў густым трысьці
– ад той вуды табе й трысьнёг
не абярог

...куды ж то кінуцца куды
з такой бяды
няма ратунку хоць гукай
за небакрай

...нашто дзяруся на гару?
– гукаць зару!

Калыханка маме і тату

ноч зазірае ў вокны
пільным ліхтарным зрокам
бацькаў прыймач паўсонны
трызьніць рачным чаротам

вее шыпшынаю й кропам
з маміных мрояў
водгук самотных крокаў
важкасьць патроіў

наканавана рэчкам...
дыханьне бацькоў зьлілося
наканавана спрэчкам
плавіцца ў сугалосьсі

коціць адзін каменьне
круціць другі пялёсткі
лучацца два струмені
я – іх сутоку плёскат

перамаўляюцца душы
покуль у сьне натхнёна
бацька бастыльлі крушыць
мама гадуе півоні

...зьняці каб людзтва з крыжа...
...справіць дачушкам вясельлі...
...лодку ў сутоку калыша
...я засынаю ў фатэлі

КРЫТЫКА

ЯЗЭП ЯНУШКЕВІЧ. ГОЛАС НА ГОЛАС – ЯК КОЛАС НА КОЛАС


Данута Бічэль. Хадзі на мой голас. Сэрыя “Гарадзенская бібліятэка”. Горадня-Уроцлаў, 2008. 332 стар.

Язэп Янушкевіч
Пачынанні заўжды захапляльныя. Але толькі годны працяг нейкай задумкі ўхваляе й апраўдвае распачатае… Кніга «Хадзі на мой голас» Дануты Бічэль – яна наколькі годная, як працяг сэрыі «Гарадзенская бібліятэка», распачатай пад патранатам лідэра руху «За Свабоду» Аляксандра Міленкевіча, настолькі й нечаканая. Бо дагэтуль, за выключэньнем лічаных прадмоўных уступаў (у тым ліку да паэтычнага зборніка Ларысы Геніюш «На чабары настоена»), паасобных артыкулаў (пераважна ў каталіцкім часопісе «Наша вера») айчынны чытач ведае Дануту Бічэль як паэтку. А тут...

Ды пра гэта найлепш сказала сама аўтарка ва ўласнай прадмоўцы «Жыць – гэта думаць»: «Захацелася скінуць з сябе салодкую няволю рыфмаў, гэты панцыр чарапахі. Гэтая кніжка – яшчэ не разьвітаньне, не запавет, але падвядзеньне вынікаў… Я зразумела, што пра людзей, якія істотна паўплывалі на мой лёс, у вершах не напішаш. Дасканалай мовай прозы я не валодаю. Таму атрымаліся эсэ».

Так, усе 34 пазыцыі, падзеленыя на тры разьдзелы, – займальныя, праўдзівыя, чалавечай мовай напісаныя прыгадкі пра чалавечыя душы. Пераважна ўжо адышоўшыя: Васіля Быкава, Аляксея Карпюка, Уладзімера Караткевіча, Ларысу Геніюш, Зоську Верас, Ірыну Крэнь, Анатоля Сыса, айца Уладзіслава Чарняўскага, Янку Брыля, Натальлю Арсеньневу, Артура Цяжкага, Мацея-Юзафа Канановіча (аўтара найпапулярнай ў Польшчы песьні «Чарна Мадонна»)…

Гэта, як кажуць, пераважна імёны агульнанацыянальнага, эўрапейскага гучаньня. Яны склалі першыя два разьдзелы. У кнізе таксама шчыльнымі шыхтамі паўстаюць вобразы іншых землякоў-гарадзенцаў, мастакоў, разьбяроў, краязнаўцаў, гэткіх «рэстаўратараў» мінулага роднага краю: Алеся Ліпеня, Казімера Місюры, Апанаса Цыхуна, Уладзімера Кіслага, Пятра Янушкевіча, Алеся Сільвановіча, Сяргея Шэмета, Сяргея Грыневіча…

Успамінаць пра сучасьнікаў – адышоўшых і жывых – як размаўляць з найлепшымі сябрамі, якіх табе почасту не хапае ў штодзённым жыцьці. Асабліва ў веку, калі час нястрымна коціцца з гары, калі ўжо ўнукі вось-вось гатовы зрабіць цябе прадзедам ці прабабуляй, калі да стольнага Менску не заўсёды маеш капейчыну даехаць, калі адкрываецца мудрая мужнасьць дзякаваць Усявышняму за кожны пражыты дзень, а на сяброўскіх пагасьцінах, сустрэчах ці там юбілеях казаць па-народнаму: «Дай Бог за год прычакаць».

Так, беларускі чытач прычакаў не абы якую кнігу, якая пераможа ня тое што ў намінацыі кнігі году, а хіба дзесяцігодзьдзя і стагодзьдзя. Бо тыя асобы-постаці, пералічаныя вышэй, гэта і ёсьць СПАДЧЫНА БЕЛАРУСІ.

Памятаецца адно даўняе спатканьне зь мілай Данутай Янаўнай у Менску, на каталіцкай імпрэзе, зладжанай Хрысьцінай Лялько ў выдавецтве «Про-Хрысто». Пабачыўшы здалёк, Данута шчыра гукнула: – А вось і гэты вечна нечакана-парадаксальны Язэп!

І потым растлумачыла, што моцна была зьдзіўленая маім празаічна-эсэістычным выступам на старонках «Нашай веры» пра далёкую эпоху Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча («Найперш трэба гняздо зьвіць»).

Прыйшоў чарод абмяняцца зьдзіўленьнем. Паэтка – «перайшла» на прозу! Ды яшчэ якую! Зрэшты – гэта каму і як Богам дадзена. «І рыба б запела, калі б голас мела». Асабіста я ад Дануты Бічэль чакаю яшчэ не адну мілую, таленавітую неспадзяванку. Вершавана-сьпеўную, мілагучную, журлівую, спавядальную, празаічную.

І мне сьветла ўсьведамляць, што ў далёкім прыгожым старадаўнім месьце над Нёманам вечарамі-начамі тчэцца суворая нітка ўспамінаў адзінокай паэткі. Ухваляючы аўтарку, не забудзем пра выдаўцоў: і гарадзенскіх, і ўроцлаўскіх. Да слова, там, ва Ўроцлаве, у адрэстаўраваных мурах старадаўняга Ossolineum і пабачыў я сёлета кнігу Бічэль. Ды так сталася, што праз нейкі месяц, стоячы поплеч з Аляксандрам Мілінкевічам пад адрэстаўраванымі сутарэньнямі старадаўняй Заслаўскай сьвятыні падчас ўрачыстага набажэнства з нагоды адноўленага касьцёла, ад лідэра руху «За свабоду» пачуў нечаканае прызнаньне: «Ведалі б вы, колькі асабіста мне каштавала ўгаварыць яе напісаць такую кнігу!»

Што ж, голас на голас кладуцца як колас на колас… Або, як таленавіта ўвечніў гэтую сэнтэнцыю сучасьнік Дануты Бічэль, ейны калега-паэт, які таксама апошнімі гадамі проста здорава падзіўляе нас сваёй прозай, Уладзімер Някляеў:

Каб нас не забылі, пакінем нашчадкам імёны!
Пакінем імёны! – адно на мільён дастаткова,
Каб высьпела Ніва, дзе будзе пасеяна Слова, —
А Слова кладзецца на Слова, як колас на колас
Кладуцца, каб выстаяць вецер...


І гэта куды лепей, чым калі на абязьлюднелым нацыянальным палетку «колас ад коласа не чуе голаса».

Напрыканцы прадмовы Данута Бічэль апраўдваецца: «Гэтая кніжка няроўная. Я ня ўсюды дала рады сваім эмоцыям. На мяжы паміж паэзіяй і прозай, калі ўдаецца заскочыць за далягляд думкі, дзе пачуцьцё і думаньне зьліваюцца ў адно, мае эсэ атрымаліся». І падмацоўвае біблейным: «Заходзьце да мяне, хто ў смутку, душа кніжкі заўсёды адчынена…»

Што ж, пытайся ў кнігарнях, дарагі чытач, і спасьцігай сваё мінулае-прамінулае, а нават і сучаснасьць, якую мог ты прагледзець, не ўгледзець, прысмактаны да тэлевізійных сэрыялаў, спартовых алімпіядаў ці выбарчых баталій. Аўтарка са старадаўняй Горадні сабрала ў сваёй кнізе ўспамінаў галасы найлепшых сяброў, якіх ведала ў жыцьці. Дык ідзіце на іх голас, каб пачуць Праўду Жыцьця.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG