Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Трусаў: “Пётр I разбураў Магілёў, а Лукашэнка адбудоўвае”


Кніжка Аляксандра Агеева і Алега Трусава “Магілёўская ратуша. Гістарычны лёс і адраджэньне” адразу пасьля выданьня стала бібліяграфічнай рэдкасьцю.


І замоўцы – гарадзкія ўлады Магілёву – маюць намер перавыдаць яе, хоць ад пачатку дужа сумняваліся ў яе посьпеху. А галоўная прычына сумневу – беларуская мова. Наша карэспандэнтка Валянціна Аксак падае падрабязнасьці.

Адноўленая пасьля падрыву ў 1957 годзе гарадзкая ратуша ў Магілёве была ўрачыста адчыненая сёлета 3 ліпеня. Да гэтае даты гарадзкія ўлады замовілі магілёўскаму гісторыку Аляксандру Агееву напісаць кнігу пра лёс помніка. Той пагадзіўся, але пры ўмове суаўтарства з Алегам Трусавым, вядомым дасьледчыкам сярэднявечнае архітэктурнае спадчыны і старшынём Таварыства беларускае мовы. А ў спадара Трусава была свая ўмова:

Я ім выставіў умову, каб кніжка была толькі па-беларуску
“Я ім выставіў умову, каб кніжка была толькі па-беларуску, бо яны хацелі выдаваць толькі па-расейску. Потым ішоў абмен думкамі і я сказаў: “Калі вы так любіце расейскую мову, то давайце зробім саліднае рэзюмэ па-расейску, па-літоўску, па-польску, па-нямецку, па-ангельску”. Яны зь вялікай радасьцю пагадзіліся. Як заўжды, грошай не хапіла і кніжка выйшла толькі па-беларуску”.

Пад час працы высьветлілася, што замоўцы кнігі не хацелі даваць у яе фота кіраўніка краіны. Прычына чыста тэхнічная: на гэта трэба браць дазвол у адміністрацыі прэзыдэнта, што ня так проста. Але спадар Трусаў настаяў на гэтым фота. Вось што ён адказаў на пытаньне, чаму хацеў, каб у кнізе пра магілёўскую ратушу абавязкова было фота Аляксандра Лукашэнкі:

“Ёсьць пэўныя правілы жанру – мы павінны даць інфармацыю пра ўсіх асобаў, якія да гэтай ратушы мелі дачыненьне. Альбо адмоўнае, альбо станоўчае. У дадзеным выпадку – гэта ня Пётр I, які спаліў Магілёў, гэта чалавек, які спрыяў адбудове таго, што бальшавікі ўзарвалі ў 50-х гадах. Без гэтага чалавека ратуша не была б збудаваная, ён даў грошы на будаўніцтва і капсулу закладваў у падмурак ратушы. Дарэчы – тэкст у ёй па-беларуску. Так што калі мы гісторыкі, мы павінны гэтага чалавека паказаць ”.

Па словах спадара Трусава, ён меў вялікае навуковае і творчае задавальненьне ад працы над кнігай пра Магілёўскую ратушу:

У мяне не было такой шыкоўнай кніжкі за ўсе мае гады
“Шчыра кажучы, я атрымаў нават суперзадавальненьне – не чакаў такой якасьці выданьня. У мяне не было такой шыкоўнай кніжкі за ўсе мае гады. Ну і ў прынцыпе мая частка выйшла так, як я і даваў. Нават слайды мае на колер выцягнулі на колер, якія нідзе не друкаваліся”.

Цяпер Алег Трусаў мае некалькі праектаў напісаньня новых кнігаў пра гісторыка-культурную спадчыну іншых гарадоў яго роднай Магілёўшчыны. Таксама пры фундацыі мясцовых уладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG