Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чаму апазыцыянэры трапляюць у экстрэмальныя сытуацыі?


Разьбітая машына Артура Фінькевіча, фота — <a href="http://nn.by/index.php?c=ar&amp;i=20121" target="_blank">Наша Нiва</a>

Разьбітая машына Артура Фінькевіча, фота — <a href="http://nn.by/index.php?c=ar&amp;i=20121" target="_blank">Наша Нiва</a>

Часам дэмакратычныя актывісты трапляюць у здарэньні, якія шмат каму падаюцца невыпадковымі. Ці сапраўды ўлада дзейнічае паводле прынцыпу “любыя захады апраўданыя”?


Напярэдадні выбараў моладзевы актывіст Артур Фінькевіч на прыватным аўтамабілі вяртаўся з Горадні, дзе з калегамі па “Маладым фронце” абмяркоўваў будучы мітынг пратэсту на Кастрычніцкай плошчы. На шашы пад Шчучынам раптам адвалілася кола, аўтамабіль вынесла з дарогі, ён тройчы перакуліўся. Аднак Фінькевіч і пасажыры цудам засталіся жывыя — атрымалі толькі драпіны. Артур мяркуе, што гэта была дывэрсія, бо напярэдадні машыну рамантавалі і ён сам бачыў, як прыкручвалі колы.

Ці не магло кола адкруціцца само? Былы аўтасьлесар Алег Мігілевіч такога зусім не выключае.

“Такіх выпадкаў колькі заўгодна. Проста маглі не дакруціць ніты, забыліся заціснуць. У выніку адзін ніт сам пачынае адкручваецца, за ім другі, і гэтак усе вылятаюць. Са мной на “Жыгулях” такое было, але да аварыі не дайшло. Я пачуў стук і спыніўся, закруціў”.

Але актывіст Аляксей Кавалец, які з 2006 году суправаджае лідэра руху “За свабоду” Аляксандра Мілінкевіча ў паездках па краіне, згадвае яшчэ адзін выпадак. Ён катэгарычна ня згодны з тым, што ў іхнім аўтамабілі ніты на пярэднім коле адкруціліся “самі”.

“Гэта было вось сёлета. Паехалі ў Віцебск на суд над актывісткай Кацярынай Салаўёвай, якую выключылі з унівэрсытэту. Выправіліся рана, у аўтамабілі было поўна людзей, і на дарозе хутка пачулі, што нешта там боўтаецца. Выйшлі паглядзець, а ўсе ніты паадкручваныя. Між тым яшчэ ўвечары напярэдадні на гэтым аўтамабілі езьдзілі і ўсё было добра. Канечне, адкруцілі наўмысна, што яшчэ?”

Пачынаем перабіраць вэрсіі. Прыкладам: хіба не маглі звычайныя злодзеі ноччу здымаць кола, проста каб скрасьці, але нешта перашкодзіла і яны зьбеглі, пакінуўшы ніты адкручанымі? “Канечне, маглі!” — сьмяецца Аляксей Кавалец і далейшым пералікам фактаў робіць спрэчку бессэнсоўнай: “А яшчэ такія ж звычайныя хуліганы чамусьці рэгулярна праколваюць нам шыны, заліваюць фарбай вокны аўтамабіля, кідаюцца яйкамі, калі Мілінкевіч сустракаецца зь людзьмі”.

“Калі тады ў Пінску гэты вісус кінуў у яго яйкам, дык патрапіў дакладна ў скронь. Удар быў вельмі моцны, Мілінкевіч мог страціць прытомнасьць, але ён зрабіў выгляд, што нічога не адбылося, і працягваў выступ. Міліцыянты і тыя зьдзівіліся”.

Дарэчы, актывісты штабу Аляксандра Мілінкевіча кінуліся лавіць хулігана, але мясцовыя амапаўцы затрымалі іх саміх, а хуліган тым часам уцёк.

Былы палітвязень Павал Севярынец яшчэ падчас сваёй першай пабыўкі ў ізалятары на Валадарскага ў 1998 годзе пераканаўся, як ён кажа, у тым, што ўлада здольная на ўсё. Актывіста тады абвінавачвалі ў перашкодзе афіцыйнаму канцэрту на дзень яднаньня Беларусі з Расеяй. Яму “сьвяціла” хоць і злоснае, але ўсяго толькі хуліганства. І раптам да Севярынца прыйшоў сьледчы — завёў гаворку пра абвінавачаньне ў згвалтаваньні.

“Ад пачатку ўсё было хлусьнёй. Але сьледчы пачаў сур’ёзна пагражаць гэтым артыкулам пра 15 ці 18 гадоў турмы, казаў, маўляў, ты ж ведаеш, што бывае з тымі, хто за гэта асуджаны, мы пра гэта паклапоцімся. У іх мэта была мяне зламаць. Дарэчы, дзякуючы гэтаму выпрабаваньню я паверыў у Бога і, такім чынам, удзячны за свае турэмныя ўнівэрсытэты”.

Падобныя правакацыі паўтараліся падчас адбыцьця Севярынцам “хіміі” ў вёсцы Малое Сітна, што на поўначы Беларусі. Зараз Павал ведае: апазыцыянэра ў Беларусі могуць затрымаць у любы момант і з самай неверагоднай прычыны.

“За што затрымліваеце?” — “Ты падобны да таго, хто ткнуў нажом мінака”. Ці: “Ты падобны да таго, хто залез у фортку і нешта скраў”. Здаецца, гэта дробныя правакацыі, але ж яны падпадаюць пад крымінальную адказнасьць, бо міліцыянты, якія іх робяць, злоўжываюць службовым становішчам, калі займаюцца такой хлусьнёй”.

Ці нясуць супрацоўнікі сілавых ведамстваў адказнасьць за правакацыі супроць апазыцыянэраў?

Аляксандар Скрабец таксама мог бы распавесьці гісторыю пра кола аўтамабіля свайго брата, былога дэпутата Сяргея Скрабца, якое адвалілася падчас паездкі на сустрэчу з выбарцамі. Ні раней, ні пазьней такога з гэтым аўтамабілем не здаралася. Але ў яго ёсьць гісторыя куды больш экстрэмальная. Іх з братам абвінавацілі ў спробе падкупіць судзьдзю і потым асудзілі: Сяргей атрымаў два з паловай гады зьняволеньня, Аляксандра пакаралі ўмоўным тэрмінам. Сьведчыў пра спробу хабарніцтва братоў Скрабцоў былы пракурорскі работнік, які нібыта быў пасярэднікам. Скрабцы мяркуюць — за заслугі перад уладай яго вызвалілі ад адказнасьці .

“На судзе паказвалі відэастужку, вельмі сьмешную. Гэты былы супрацоўнік пракуратуры кажа, каб яму далі 20 тысяч. Сяргей выходзіць і прыносіць яму 20 тысяч рублёў, на гарэлку і гэтак далей. Той абураецца, чаму рублёў? Сьмешна. І гэта паказалі ў Вярхоўным судзе”.

Кола размовы зноў вяртае нас да адкручаных нітоў у аўтамабілях палітыкаў. Зь лідэрам АГП Анатолем Лябедзькам такое здаралася двойчы. Год таму — у сумеснай паездцы з кіраўніком КПБ Сяргеем Калякіным, а яшчэ раней, калі выехаў на прыватным аўтамабілі з дому. “На невялікай хуткасьці раптам адзін за адным пасыпаліся ніты на коле — як адрэзала”, — згадвае Анатоль Лябедзька. Калі была бракаваная партыя, то чаму астатнія тры колы да сёньня езьдзяць? — дзівіцца палітык.

“Вось такое з намі здараецца, але чаму? Безумоўна, у нас у краіне ненармальная сытуацыя, якая і прымушае думаць яшчэ пра нешта...”


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG