Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня ў Менск прыбыў кіраўнік расейскага ўраду Ўладзімер Пуцін. Ён правёў перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам, удзельнічаў у паседжаньні Савета Міністраў так званай Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі.


Рэакцыя беларускіх палітыкаў на гэты візыт і на пэрспэктывы беларуска-расейскіх дачыненьняў.

Дзяніс Мельянцоў
Менскі палітоляг Дзяніс Мельянцоў зьвяртае ўвагу на дзьве тэзы Аляксандра Лукашэнкі зь ягонай размовы з расейскім прэм’ерам. Першая — саюзным дачыненьням патрэбны дадатковы імпульс. І другая — Беларусь ніколі ня будзе гандляваць дружбай з Расеяй і яе народам.

Палітоляг адзначае, што заклікі да паглыбленьня інтэграцыі ўзьнікаюць раз-пораз:

“Гэта сьведчыць пра тое, што дачыненьні знаходзяцца ў крызісе. І другое — беларускае кіраўніцтва спрабуе падвысіць свае стаўкі ў гэтым торгу з Расеяй.

Пайшлі чуткі пра тое, што Лукашэнку ў Эўропе прапанавалі да 10 мільярдаў эўра крэдыту. І цяпер беларускае кіраўніцтва чакае, каб паглядзець, што здолее прапанаваць Расея. Гэта трэба, каб вырашыць, ці варта працягваць далей курс на збліжэньне з Захадам, або варта балянсаваць усё ж дачыненьні расейскія і беларускія”.

Спадар Мельянцоў разам з тым сьцьвярджае, што зьвяртаць увагу трэба ня толькі на словы Аляксандра Лукашэнкі, але і на ягоныя дзеяньні:

“Дзеяньні гэтыя праявяцца, найхутчэй, падчас перамоваў пра газ. А яны звычайна працягваюцца ў лістападзе-сьнежні. І па тых пазыцыях, якія будуць на перамовах, будзе відавочна, якім чынам ідуць і перамовы палітычныя паміж Беларусьсю і Расеяй”.

Старшыня Палаты прадстаўнікоў дзейнага скліканьня Вадзім Папоў кажа, што дачыненьні паміж дзяржавамі найперш характарызуе іхняе эканамічнае супрацоўніцтва. А тут лічбы яскрава паказваюць вялізарны плён для Беларусі ад супрацоўніцтва з Расеяй:

“Нядаўна прэзыдэнт Расеі называў лічбу — гандлёвы абарот зь Беларусьсю сёлета перавысіць 30 мільярдаў даляраў. Насамрэч ён будзе большы за 40 мільярдаў. Параўнайце — было 26 мільярдаў з паслугамі, а будзе больш за 40. Вось адказы на ўсе пытаньні тых, хто сумняваецца”.

Яраслаў Раманчук
Кіраўнік аналітычнага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук лічыць: сёньняшнія перамовы беларускага кіраўніцтва з Уладзімерам Пуціным яшчэ ня вызначаць цану расейскага газу для Беларусі. Сваё меркаваньне ён тлумачыць так:

“Вельмі ж шмат тут такіх чыньнікаў, якія трэба браць пад увагу. Таму што эканомікі ў гэтай цане 20—25%. А астатняе — гэта палітыка, геапалітыка. Такі расклад”.

Яраслаў Раманчук прагназуе: валютныя магчымасьці расейцаў будуць імкліва памяншацца:

“Расейцы ўжо далі 50 мільярдаў даляраў для выратаваньня сваіх банкаў. Потым яны зьбіраюцца яшчэ даць такую ж суму. Калі так пойдзе і далей, дык я думаю, што за два гады ўвесь стабілізацыйны фонд будзе патрачаны. Тым больш, што ўжо сёньня кошт нафты ніжэйшы за той, які Кудрын заклаў у бюджэт.

І, безумоўна, расейцы будуць спрабаваць рабіць тое-сёе, каб не дапусьціць, каб некаторыя краіны атрымлівалі датацыі, не даючы нават палітычных дывідэндаў для Расеі. Таму будзе ціск па Абхазіі і Асэтыі, па супрацьракетнай абароне... Гэта будзе такі шырокамаштабны націск”.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG