Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Беларускі выбаршчык галасаваў за кандыдата, які яго абрабаваў?!”


Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 6 кастрычніка, панядзелак


У Беларусі ў першую нядзелю кастрычніка традыцыйна адзначалі Дзень настаўніка. Тэлефанаваньне на гэтую тэму:

Натальля, Менск: “Камэнтар да Дня настаўніка. Стаўленьне да пэдагогаў Беларусі першапачаткова ня можа быць шчырым. З аднаго боку, гэтыя людзі вучаць дзяцей і, зыходзячы зь іх прафэсійных абавязкаў, павінны сеяць добрае, вечнае і быць прыкладам выкананьня грамадзянскага абавязку. Зь іншага боку, скардзячыся на кухнях на сваё беднае матэрыяльнае становішча і бяспраўе, у дзень выбараў яны масава ставяць свае подпісы пад ліпавымі бюлетэнямі. Нязгодныя з такім правілам даўно выгнаныя са школаў. Ня дзіва, што прафэсія пэдагога ў нашай краіне не карыстаецца папулярнасьцю, а яе прадстаўнікі ў масе сваёй не карыстаюцца павагай сваіх вучняў”.

Далей слухачы працягваюць выказвацца на тэму вынікаў нядаўніх выбараў:

Спадар Міхаіл, Бяроза: “Прайшлі выбары. Як і чакалася, ніводзін кандыдат ад апазыцыі ў палатку ня трапіў. Але вось дзіва дзіўнае! Некалькі дзясяткаў дэпутатаў былі абраныя паўторна. Гэта ж тыя, хто галасаваў за адмену льготаў маламаёмным. У сувязі з гэтым узьнікае думка: ці беларускі выбаршчык настолькі ачмурэлы, што галасаваў за кандыдата, які яго абрабаваў?! Ці тут было спрытнае махлярства?”

Спадар: “Неяк выбары прайшлі ў нас. А ў сувязі з гэтым усё ж такі прыйдзецца нашай апазыцыі ўстаць на канькі і ўзяць у рукі клюшкі, бо ў іншыя гульні, дарагія сябры, ён па правілах не гуляе”.

Спадар Уладзімер, Мозыр: “Выбары прайшлі, апазыцыя прайграла. Дый як можна мець посьпех, абвяшчаючы байкот? Зладзілі ў Менску пасьля галасаваньня нешта падобнае да шабашу ведзьмаў: факелы, лазаньне па слупах, помніках, лёзунгі па-ангельску. І гэта ў той жа вечар паказалі расейскія каналы і БТ. Жах! Для нармальнага жыхара рэспублікі гэта непрымальна. Шкада, што ў гэтай кампаніі былі Казулін, Лябедзька і іншыя сур’ёзныя людзі. Трэба ўмець прайграваць”.

Андрэй, Асіповічы: “Гэтыя сыстэмныя праколы апазыцыі ўжо мяне, і ня толькі мяне, падштурхоўваюць да думкі пра тое, што гэта здрада. А калі гэта ня так, а проста пастаянна не шанцуе, дык прапусьціце, паважаныя спадары Мілінкевічы ды Лябедзькі, тых, хто неаднойчы былі мудрэйшымі. Я маю на ўвазе “Малады Фронт”.

Выказваньні камэнтуе старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:

“Я быў, канечне ж, на Кастрычніцкім пляцы, але па слупах ня лазіў. Што тычыцца паразы, то я так не лічу. Бо ёсьць лічбы, якія агучыла спадарыня Ярмошына. А ёсьць лічбы, агучаныя на закрытым паседжаньні Рады бясьпекі ў Аляксандра Лукашэнкі. А менавіта — 19 прадстаўнікоў аб'яднаных дэмакратычных сіл выйгравалі ў першым туры, а 14 — выходзілі ў другі тур. Гэта азначае тое, што падчас гэтай выбарчай кампаніі людзі гатовыя былі галасаваць за прадстаўнікоў АДС”.

Далей слухач задае пытаньне:

Ладнюк Сяргей, Менск: “Зьвяртаюся да вас з пытаньнем. Калі і дзе апазыцыя плянуе правесьці наступны мітынг?”

На пытаньне адказвае намесьнік старшыні партыі БНФ Аляксей Янукевіч:

“Наступны мітынг у Менску — гэта на Дзяды. Тым больш што гэта 20-годзьдзе вядомых падзеяў на Дзяды, калі быў запачаткаваны і БНФ, і ўвогуле дэмакратычны антыкамуністычны рух. Папярэдне плянуецца, што шлях пройдзе ад Маскоўскіх могілак да Курапатаў. Гэта той шлях, які быў 20 год таму”.

Далей СМС-допіс: “Я абураны адносінамі нашай улады да індывідуальных прадпрымальнікаў. Мала таго што прэзыдэнт сваім указам забараніў ім наймаць іншых людзей, акрамя блізкіх сваякоў, дык яшчэ яны будуць вымушаны плаціць падатак памерам 15% замест 13%, як усе астатнія працоўныя. Складаецца ўражаньне, што нашыя ўлады хочуць зьнішчыць прадпрымальнікаў як кляс. Улада, магчыма, ад гэтага й выйграе, але ці выйграе ад гэтага народ?”

На гэтае пытаньне адказвае адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Аляксандар Макаеў:

“Канечне, мы бачым, як дзяржава ставіцца да малога бізнэсу. Вельмі кепска — гэта мала што сказаць. Чаму і адбываюцца гэтыя мітынгі і розныя іншыя падзеі. Ну, а ў прадпрымальнікаў ёсьць права кансалідавацца. Што будзе далей — пакажа час”.


Спадар: “Пэнсіянэры-мянчане, відаць, іншага гатунку, ім для ратунку далі разавую падмогу 105 тысяч рублёў. А нам улада сказала: “Будзь здароў!” Злуе і тое, што ў сталіцы — людзі, а мы ізгоі. Пэнсіянэр, але, на жаль, не мянчанін, а толькі барысаўчанін”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG