Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Неўязныя — за сувязь са “Свабодным тэатрам”?


Натальля Каляда, Мікалай Халезін, Уладзімер Шчэрбань.

Натальля Каляда, Мікалай Халезін, Уладзімер Шчэрбань.

У нацыянальным аэрапорце “Менск-2” другія суткі пад вартай застаюцца дзьве акторкі з Аўстраліі і ЗША.


Яны прыехалі ў Менск у рамках тэатральнага праекту “Eurepica”, у якім бярэ ўдзел беларускі “Свабодны тэатар”. Эстэр Мугамбі і Стэфані Пан былі затрыманыя на той падставе, што яны нібыта знаходзяцца ў сьпісах неўязных у Беларусь, хоць дагэтуль ніколі раней тут не былі.

Адміністрацыя лётнішча абяцае бліжэйшымі днямі выправіць акторак маршрутам у Прагу і далей у Амстэрдам, адкуль яны і прыляцелі. Аднак, як расказаў кіраўнік “Свабоднага тэатру” Мікалай Халезін, квіткі ў іх бяз права зьмены рэйсу — зь Менску яны павінны былі адлятаць толькі 12 кастрычніка. Ці патлумачылі адміністрацыі “Свабоднага тэатру”, на чыё запрашэньне Эстэр Мугамбі і Стэфані Пан і прыехалі ў Беларусь, чаму іх не ўпусьцілі ў краіну?

“Прычына ў нас заўсёды адна і тая ж. Усе, хто супрацоўнічае са “Свабодным тэатрам”, на жаль, не абаронены ад рознага кшталту
Усе, хто супрацоўнічае са “Свабодным тэатрам”, не абаронены ад рознага кшталту наступстваў ...
наступстваў. Збольшага з-за гэтага мы вымушаныя апошнім часам працаваць за межамі краіны... Калі ў жніўні мінулага году “Свабодны тэатар” быў арыштаваны разам з гледачамі, тады быў затрыманы і Барыс Герац, прафэсар галяндзкай школы мастацтваў “DasArts”. Стэфані і Эстэр былі студэнткамі гэтай школы мастацтваў. Таму не выключаю, што сёньняшняя гісторыя зьвязаная з тымі падзеямі”.

Мікалай Халезін нагадаў, што гэта ня першы выпадак, калі замежнікі ня могуць трапіць у Беларусь на запрашэньне “Свабоднага тэатру”. Летась васьмі іншаземным акторам, якія мелі намер узяць удзел у супольным зь беларусамі праекце, беларуская амбасада ў Нідэрляндах адмовіла ў афармленьні візаў. Сярод іх былі і згаданыя Мікалаем Халезіным кіраўнікі міжнароднай школы мастацтваў “DasArts”, якія пры канцы жніўня 2007 году былі затрыманыя падчас паказу “Свабоднага тэатра”.

5 кастрычніка выпускніцы амстэрдамскай школы мастацтваў Эстэр Мугамбі і Стэфані Пан прыляцелі ў Менск у рамках праекту “Eurepica”, у якім бяруць удзел прадстаўнікі 14 краінаў. Ён ажыцьцяўляецца ў садружнасьці з мэрыяй швэдзкага гораду Лунд, які з гэтым праектам удзельнічае ў адборы на тытул “Эўрапейская культурная сталіца 2014 году”. Першы тур рэпэтыцыяў ужо адбыўся ў Лундзе, у Менску была заплянаваная другая частка. У сакавіку наступнага году ў Швэцыі павінны былі адбыцца прэм’ерныя паказы пяці спэктакляў. Але дзяржаўнымі высілкамі другі тур фактычна сарваны.

Цяпер кіраўнікі “Свабоднага тэатру” Мікалай Халезін і Натальля Каляда займаюцца тым, што курсіруюць паміж Менскам і
...затрыманыя знаходзяцца фактычна на правах арыштантаў. Ежай і вадой іх ніхто не забясьпечвае...
Нацыянальным аэрапортам — затрыманыя калегі, па словах спадара Халезіна, знаходзяцца там фактычна на правах арыштантаў. Ежай і вадой іх ніхто не забясьпечвае:

“Мы адвезьлі ежу, таму што там нічога не працуе. Там нават няма людзей, якія б размаўлялі па-ангельску. Тое, што адбывалася ўначы, гэта ўвогуле была праблема на праблеме. Зараз яны знаходзяцца ў такім пакоі, які больш нагадвае пастарунак. Таму што звонку цябе зачыняюць, і ты ня можаш адтуль выйсьці. Калі толькі прысьпічыць у прыбіральню, то можаш пагрукаць у дзьверы, і тады цябе туды адвядуць. Як нам больш звыкла казаць — канваіруюць”.

Сёлета ў красавіку “Свабодны тэатар”, які ня мае ў Беларусі ні ўласнай сцэны, ні фінансаваньня, атрымаў самую прэстыжную тэатральную ўзнагароду кантынэнту: “Эўропа — тэатру”. У мінулым годзе калектыў быў уганараваны Міжнароднай прэміяй Францускай Рэспублікі ў галіне правоў чалавека “Свабода. Роўнасьць. Братэрства”. За тры гады існаваньня тэатар пабываў на гастролях у Нью-Ёрку, Мюнхэне, Парыжы, Лёндане. Такога гастрольнага маршруту ня меў ніводзін зь дзяржаўных беларускіх тэатраў.

Летась “Свабодны тэатар” прынялі ў Эўрапейскую тэатральную канвэнцыю, у якую ўваходзяць вядучыя тэатры больш як 20 эўрапейскіх дзяржаваў.



XS
SM
MD
LG