Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятлана Зелянкоўская: “Кіраўніцтва павінна прыходзіць на сходы трупы, а не выклікаць да сябе”


У чацьвер дырэктар Купалаўскага тэатру Мікалай Кірычэнка і акторы Ганна Хітрык і Аляксандар Маўчанаў былі запрошаныя да галоўнага ідэоляга Адміністрацыі прэзыдэнта Ўсевалада Янчэўскага. Размову з дырэктарам і з акторамі спадар Янчэўскі вёў паасобку.

Дырэктар тэатру і актор Мікалай Кірычэнка распавёў, што гаварылі менавіта пра праблемы ў тэатры, і творчыя, і побытавыя. Пра рэпэртуар, які патрабуе абнаўленьня (цяпер у рэпэртуары 36 спэктакляў, і некаторыя трэба ўжо здымаць). Пра нізкія заробкі артыстаў, пра жыльлёвыя праблемы моладзі, якой у акадэмічным тэатры шмат. Мікалай Кірычэнка кажа, што дзьве падзеі — запрашэньне ў Адміністрацыю прэзыдэнта і вялікі сход тэатральнай трупы пасьля адмены спэктаклю “Дзіўная місіс Сэвідж” — ніяк не зьвязаныя паміж сабой. У адміністрацыю прыйшоў зварот актрысы Алены Іваньнікавай, і на яго, так бы мовіць, адрэагавалі.

Мікалай Кірычэнка размовай з Усеваладам Янчэўскім задаволены:

“Я сказаў, выходзячы з кабінэту, і гэта шчыра: каб я раней зайшоў у гэты кабінэт і мяне маглі б выслухаць — магчыма, гэтай праблемы і не было б. Але, на жаль, мне ніяк не ўдавалася. Я сказаў: мы павінны зьвярнуць увагу на тэатар, і ня толькі на Беларускі нацыянальны, імя Янкі Купалы. Я так учора і сказаў”.

А актрыса Сьвятлана Зелянкоўская запрашэньне ў Адміністрацыю прэзыдэнта праігнаравала:

“Я б не хацела на гэтую тэму гаварыць, проста я ня бачыла прычыны — чаму туды трэба ісьці. На самрэч я лічу, што гэта справа ня кожнага індывіда, а справа тэатра. І кіраўніцтва краіны павінна прыходзіць на сходы трупы, а не выклікаць да сябе”.

Днём раней у тэатры адбыўся сход. Абвешчаны ён быў з-за надзвычайнага здарэньня — адмены спэктакля “Дзіўная місіс Сэвідж”. Спачатку быў, так бы мовіць, разбор палётаў — чаму не зьявіўся Алег Гарбуз. Потым усё перарасло ў шчырую размову пра праблемы ў тэатры. Мікалай Кірычэнка вельмі абураны, што электронныя СМІ назвалі гэты сход бунтам актораў:

“Такія інсынуацыі, як бунт, скандал — гэтага не было! Бунт — гэта азначае: я ўвесь парэзаны, у крыві, кабінэт разгромлены — вось гэта бунтам называецца. А калі сядзяць дарослыя людзі і вельмі памяркоўна і ўважліва выслухоўваюць дастаткова справядлівыя і крыўдныя словы ў свой адрас і просяць зьмяніць сытуацыю — гэта называецца вытворчы сход, альбо нарада, альбо шчырая размова”.

Начальнік галоўнага ідэалягічнага ўпраўленьня Ўсевалад Янчэўскі паабяцаў дапамагчы вырашыць некаторыя пабытовыя праблемы, падключыць да гэтага Міністэрства культуры, кажа дырэктар Купалаўскага тэатру Мікалай Кірычэнка. А што тычыцца чыста творчых пытаньняў, трэба часьцей размаўляць, не трымаць крыўду ў сабе і не пісаць лісты ў адміністрацыю:

“Селі — слава Богу, што селі. Раней трэба было сесьці і пагаварыць шчыра, усё высьветліць. Таму што я сам, з аднаго боку, як дырэктар тэатру, а зь іншага, як актор — я ж гэта ўсё таксама на пляцоўцы адчуваю. І са мной тое ж самае адбываецца, я таксама пакутую, выходзячы ў спэктаклях...”

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG