Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 3 кастрычніка, пятніцу.


Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і вынікі галасаваньня — тэма, якую працягваюць абмяркоўваць слухачы “Свабоды”:

Спадарыня: “Нядаўна прайшлі выбары, а правільна сказаць — фарс і цынічная фальсыфікацыя. Я не хадзіла на выбарчы ўчастак наагул. Ногі туды не вядуць. Брыдка. Да таго ж, я сябе паважаю”.

Спадарыня: “Грамадзяне Беларусі, 28 верасьня мы зрабілі свой выбар. Байкот рэжыму ёсьць моцны ўчынак. Мы знайшлі ў сабе сілы не падпарадкавацца ўціску, нахабнаму і лжываму рэжыму. Я ганаруся нашым народам, які заслужыў павагу ў вачах усяго сьвету”.

Спадар: “Цяпер ніводзін самы мацёры лукашыст не адважыцца сказаць, што мы жывем лепш за фінаў, швэдаў ці нарвэжцаў. Дык чаму яны з такой зацятай упартасьцю цягнуць Беларусь ня ўперад, а назад?”

Спадар, Украіна: “Слова з Украіны, сяброўскай Украіны. І лічу, што нельга прызнаваць парлямэнцкія выбары ў Беларусі і іх вынікі. Жыве Беларусь і слава Украіне! Шчасьця і здароўя беларускаму народу. Украінцы і беларусы — браты!”

Спадарыня, Менск: “Прайшлі выбары, скончыліся 50-працэнтавыя льготы на праезд. За восем гадоў далі 105 тысяч і тут жа забралі”.

Спадар: “Скрыня для галасаваньня выбаршчыкаў нагадвае мне драўляную труну, дзе пахаваныя нашы галасы”.

Працягваем перадачу выказваньнямі на іншыя тэмы:

Спадарыня: “Прэзыдэнт Лукашэнка баіцца апазыцыі. Адгэтуль і фальсыфікацыя выбараў, і хамскія выказваньні”.

Спадар: “Прэзыдэнт кажа: апазыцыя павінна быць. Але на справе ён яе саджае, ганяе і ў парлямэнт не пускае. І мне, інваліду, бяды дадаў — узяў і льготы мае адабраў”.

Спадар Крысковіч, вайсковы пэнсіянэр, Менск: “Шаноўны спадар Казулін! Я веру ў вашу шчырую любоў да Беларусі, беларускага народу. У мяне да вас вялікая просьба. Калі ласка, вывучыце сваю родную, мілагучную беларускую мову і ўвесь час размаўляйце на ёй. У вас стане больш прыхільнікаў, гатовых ісьці з вамі да канчатковай перамогі”.

Іншы слухач задае пытаньне:

Спадар: “У цяперашні час усе кажуць, што з працоўнага народу здымаецца падатак ад 9 да 12% з даходу. Дык вось, я працую па дамове падраду на адным прадпрыемстве. Заробак па працоўнай дамове складае 270 тысяч. Падатак у мяне вылічваюць у памеры 15%. Другой працы ня маю. Як мне патлумачыць у падатковай інспэкцыі, што з 1 студзеня гэтага году тых, хто працуе па дамове падраду, прыраўнялі да работнікаў, якія сумяшчаюць працы? Хачу запытацца праз ваша радыё ў спэцыялістаў, ці слушна гэта”.

Адказвае эканаміст Міхась Залескі:

“Чалавек павінен не ў раённую падатковую інспэкцыю зьвяртацца, а ў падатковы камітэт, адпаведную камісію Палаты прадстаўнікоў. Гэта калі ён хоча займаць грамадзянскую пазыцыю. Калі ён хоча не плаціць падаткі, то ён павінен акцэнтаваць увагу на тым, што ён павінен сплачваць падаткі ў такім памеры, як чалавек, заняты на адной працы”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG