Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Л.Баршчэўскі: вышэйшага заканадаўчага органа няма


Лявон Баршчэўскі

Лявон Баршчэўскі

Беларускія палітыкі працягваюць ацэньваць вынікі мінулай выбарчай кампаніі.

Normal 0

Старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі адразу патлумачыў, што склад удзельнікаў прэсавай канфэрэнцыі зусім ня сьведчыць пра жаданьне стварыць нейкую новую палітычную кааліцыю, ён выкліканы толькі жаданьнем пашырыць кола палітыкаў, якія выказваюцца пра выбары.

Паводле самога Лявона Баршчэўскага, у выніку “выбарчага фарсу” Беларусь ня мае і ў найбліжэйшай пэрспэктыве не атрымае парлямэнту як вышэйшага заканадаўчага органа краіны. Мінулая кампанія засьведчыла і паразу дэмакратычных сілаў, заявіў спадар Баршчэўскі:


“Гэтую паразу нанесьлі ня ўлады. Улады таксама прайгралі, паколькі вынікі праведзеных імі выбараў не прызнаныя аўтарытэтнай місіяй АБСЭ. Але дэмакратычныя сілы пацярпелі яе ад свайго грамадзтва, якое лепш за нас, фармальных лідэраў, бачыла бездапаможнасьць і фактычную непатрэбнасьць такога органа, як Палата прадстаўнікоў. Бальшыня нашага насельніцтва гатовая была праігнараваць гэтыя выбары. Яўка выбарцаў была б яшчэ меншай, калі б прадстаўнікі дэмсілаў прынялі кансалідаванае рашэньне і выкарысталі сваё неад’емнае права зьняць кандыдатуры”.

Лявон Баршчэўскі заявіў, што палітычная структура аб’яднаных дэмсілаў патрабуе пэўнага перагляду. А свае намаганьні АДС павінны скіраваць на зьмену выбарчага заканадаўства:

“Скасаваньне датэрміновага галасаваньня і мінімальна неабходнага 50% парогу яўкі выбарцаў. Увядзеньне правіла абавязковага ўключэньня заяўленых прадстаўнікоў канкурэнцыйных бакоў у выбаркамы ўсіх узроўняў. Паўсюднае ўжываньне празрыстых скрыняў для галасаваньня. Зьняцьцё палітычных абмежаваньняў на дзейнасьць незалежных СМІ”.

Лідэр Маладога фронту Зьміцер Дашкевіч скрытыкаваў стратэгію Аб’яднаных дэмсілаў падчас выбарчай кампаніі. Ягоная арганізацыя байкатавала выбары:


“Беларуская ўлада павінна чуць з боку дэмсілаў вызначаную канкрэтную пазыцыю. Гэта эўрапейскія і амэрыканскія палітыкі могуць жыць ілюзіямі, што Лукашэнка нешта паабяцаў і гэта выканаў. Мы гэтымі ілюзіямі не жывем і разумеем, што Лукашэнка падпарадкоўваецца толькі мове ўльтыматумаў. І гэты ўльтыматум з нашага боку быў сфармуляваны: байкот хлусьні”.


Каардынатар кампаніі “Эўрапейская Беларусь” Андрэў Саньнікаў, адзін з тых, хто заклікаў да байкоту мінулых выбараў, выказаў сваё перакананьне, што байкот адбыўся:


“Тое што адбылося, засьведчыла яшчэ раз, што рэжым не зьмяніўся, нягледзячы на свае абяцаньні. Адна з мэтаў байкатаваньня, няўдзелу ў выбарах, што дагэтуль застаецца як мэта, — гэта непрызнаньне гэтых выбараў. Чаму зараз гэта вельмі важна? Бо пад гэтае прызнаньне рыхтуецца дыктатарская прыватызацыя. Бо ёсьць сілы, бізнэс-колы амаральныя на Захадзе і на Ўсходзе, якія зацікаўлены, каб гэтая прыватызацыя на карысьць іх інтарэсаў адбылася ў Беларусі. Гэтага мы ня можам дазволіць. Ніякія вынікі прызнаньня і далейшай прыватызацыі ня будуць прызнаныя”.

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч перасьцярог заходніх палітыкаў ад “гульні з дыктатарам”:


“Прызнаньне Палаты можа прывесьці да таго, што фраза Лукашэнкі аб тым, што апазыцыі засталося жыць некалькі месяцаў, да году — і яна зьнікне, зь фігуральнага значэньня можа перайсьці ў фактычнае. Так, як гэта было сказана дачынна Ганчара і Завадзкага. Прызнаньне палаты можа перавесьці гэтую пагрозу ў фактычнае выкананьне. І будзе разгледжана Лукашэнкам як карт-блянш для сваёй дзейнасьці па зьнішчэньні апазыцыі і яе зьнікненьні фізычным”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG